Происшествия

У раённым аддзеле ўнутраных спраў ушагавалі ветэранаў

Мяркуючы па ўсмешках, яны і цяпер рады бачыць адзін аднаго. Сапраўды, мінуў час, які не пашкадаваў сівізны для валасоў, але ніколькі не паўплываў на афіцэрскую постаць, сур’ёзны погляд і ўнутраны стрыжань загартаванага характару. Упэўнены, што і зараз іх жыццёвы вопыт і мудрыя парады будуць дарэчы сучаснаму пакаленню праваахоўнікаў. Сёння міліцыянеры не толькі адказна нясуць службу, але і валодаюць рознымі талентамі ў самадзейнасці. У гэтым пераканала канцэртная праграма.

Папярэднічала ёй урачыстая частка, якую адкрыў начальнік аддзела Юрый Лемяшэўскі. Віншуючы былых калег, ён заўважыў: “Тыя, хто служыў у далёкім мінулым, сёлета святкуюць 100-гадовы юбілей міліцыі. Шаноўныя ветэраны, прыміце шчырыя словы бязмернай павагі за тое, што вы ўнеслі нямала яркіх старонак у нашу слаўную гісторыю. Засталіся адзінкі з ліку тых, хто прыйшоў у органы правапарадку з палёў Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць тыя, хто выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане і стаяў на варце спакою ў зоне Чарнобыльскай АЭС. Большасць годна вытрымала суровую школу “ліхіх 90-ых”. Мы памятаем заслугі ўсіх пакаленняў. На жаль, няўмольна скарачаюцца рады ветэранаў. Давайце ўшануем памяць калег, якіх няма побач з намі…”. Гукі метранома павольна адлічвалі секунды маўчання. Запрашаючы былых супрацоўнікаў розных падраздзяленняў часцей наведваць родны калектыў, Юрый Яўгенавіч выканаў прыемную місію па ўзнагароджванню юбілейнымі медалямі, Падзякамі і грашовымі прэміямі. Святочны загад зачытаў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні РАУС Аляксандр Якавец. Пад апладысменты на сцэну ўзнімаліся Леанід Несцяровіч, Пётр Даніловіч, Аляксандр Чымбур, Аляксандр Каратыш, Рыгор Рудзько і Мікалай Балук. Па ўважлівых прычынах не змаглі прысутнічаць на свяце Максім Емельяновіч, Віктар Стахаевіч, Іван Тупека і Уладзімір Рыбак. Свае ўзнагароды яны атрымаюць пазней.

Не менш цёплыя і пранікнёныя словы знайшоў старшыня ветэранскай арганізацыі Мікалай Мігель. Як прызнаўся сам, рады бачыць тых, з кім у свой час святкаваў папярэднія юбілеі міліцыі. Напрыклад, Іван Тупека памятае 50-годдзе, а сёння сустракае 100-годдзе! Мікалай Іосіфавіч справядліва адзначыў, што за прыгожымі лічбамі засталася іх неспакойная служба, якая, безумоўна, паўплывала на самаадчуванне кожнага супрацоўніка. Вось чаму пажаданне моцнага здароўя было самым галоўным.

Выступленні чаргаваліся з прыгожымі канцэртнымі нумарамі. Вядучая Таццяна Цяльпук спачатку запрасіла на сцэну дзетак. Музычна-танцавальныя падарункі для былых праваахоўнікаў падрыхтавалі вучні прававых класаў: СШ №2 г. Мікашэвічы – Таццяна Царык, Марта Лахвіч і Паліна Харытановіч, СШ №4 г. Лунінца – Дар’я Куліцкая, Аляксандр Краўчук, Аліна Петраноўская, Мікіта Кацуба і Аліна Стасюк. Дружнымі апладысментамі гледачы віталі спевакоў з ліку міліцыянераў – ва-дзіцеля Леаніда Гаргуна і ўчастковага інспектара ІСН Віталя Пракаповіча. Таксама прыйшліся даспадобы гледачам песні ў выкананні Алега Жумашава, Генадзя Шэўчыка і Крысціны Збралевіч.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть