Неўміручы вызвалення дзень
Происшествия

Неўміручы вызвалення дзень

день освобождения Лунинца 2015«Як елі хлеб з зямлёй і пілі чай з дажджом…». Гэты радок з верша, прысвечанага ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, вострым лязом урэзаўся ў сэрцы ўдзельнікаў двух аўтапрабегаў па месцах баявых дзеянняў, якія прайшлі ў дзень 71-ай гадавіны вызвалення Лунінецкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сямігадзіннаму марафону папярэднічалі ўрачысты мітынг і ўскладанне вянкоў да абеліскаў у гарадскім скверы.

Увасабленнем таленту і працавітасці назваў жыхароў рэгіёна старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, вітаючы ветэранаў вайны, прадстаўнікоў працоўных калектываў, духавенства, грамадскіх арганізацый і воінскіх часцей. Але сённяшнім міру і свабодзе мы абавязаны героям-вызваліцелям. Аб тым, што на алтар Перамогі Лунінеччына паклала жыцці 19 тысяч сваіх жыхароў і 22 спаленыя вёскі, нагадаў Ганаровы грамадзянін Лунінецкага раёна, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Павел Дабрынец. Хвіліну маўчання ў памяць загінуўшых парушалі толькі гучныя гукі метранома, якія змяніў зварот вучняў СШ №1 райцэнтра, падрыхтаваўшых прыгожы літаратурны мантаж. Пад залпы мірных стрэлаў да абеліскаў ляглі кветкі і вянкі.

У доўгі ланцужок выстраіліся легкавыя машыны, у тым ліку і рэтра, байк-матацыклы, аўтобусы на вуліцы Савецкая. У суправаджэнні аўтамабіля ДАі калона прыехала да Кургана Бессмяротнасці. Тут выступілі намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч і кіраўнік раённага савета ветэранаў Надзея Лазіцкая. Пра герояў той страшнай вайны ўспомнілі вучні нядзельнай школы храма ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших” на чале з настаўніцай СШ №2 г. Лунінца Ірынай Моўчан. Настаяцель царквы, іерэй Сергій Крышталь адслужыў ліцію аб упакаенні ўсіх загінуўшых на палях воінаў, асвяціў помнік і крыж.

Патрыятычны дух вітаў над самалётам непадалёк ад аўтазаправачнай станцыі. Гэта — помнік Герою Савецкага Саюза, старшаму лейтэнанту Мікалаю Давыдаву, які трагічна загінуў у авіякатастрофе. Заўсёды памятаць аб подзвігу заклікалі старшыні: МРАС ДТСААФ — Барыс Гнедзька і раённай арга нізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” — Уладзімір Жураўлёў.

Адсюль агульная калона падзялілася і накіравалася па двух маршрутах.

У Бастыні каля помніка расстраляным мірным жыхарам удзельнікаў аўтапрабегу, ініцыятарам якога выступіў індывідуальны прадпрымальнік Канстанцін Гоман, сустракалі вучні мясцовай школы і старшыня сельсавета Фёдар Рашэцкі. Не змог стрымаць слёзы Васіль Бастынец, чые родныя пахаваны ў брацкай магіле. “Хаця мінуў 71 год, — расказаў вясковец, — на сэрцы гэтак жа балюча. Бачыце самі, што я без вока… Пасля вайны з хлопцамі знайшлі гранату, гуляліся з ёй, а яна ўзарвалася…”. Цішыню парушылі мірныя залпы, на гранітную пліту ляглі кветкі, кароткую ліцію адслужылі настаяцелі: Спаса-Прэабражэнскай царквы в. Язвінкі іерэй Сергій Чыж, Новапакутнікаў і Спавядальнікаў Беларускіх в. Красная Воля іерэй Алексій Ільючык.

Па аналагічным сцэнарыі ўшанавалі памяць загінуўшых каля абеліска славы ў Велуце і помніка ў Навасёлках. Да прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства далучыўся клірык Свята-Крыжаўзвіжанскага храма ў Лунінцы іерэй Георгій Філіновіч. Павіншаваў прысутных старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Жуланаў.

Мнагалюдна было каля брацкай магілы ў Вялікіх Чучавічах. Удзельнікаў віталі старшыня сельвыканкама Аляксандр Соц, настаяцель мясцовай царквы Пакрова Багародзіцы іерэй Уладзімір Тарчыла, школьнікі разам з мастацкім кіраўніком СДК Аленай Муравейка, індывідуальны прадпрымальнік Сцяпан Мельнік.

Упершыню мерапрыемства такіх маштабаў ладзілася ў Малых Чучавічах. Ражкамі хусцінак бабулі выціралі няпрошаныя слёзы. Паболей усмешак жадалі ім вучні разам з настаўніцай Галінай Курак, прадстаўнік Пінскага пагранатрада Аляксандр Кіпцэвіч.

Гасціннасцю ўразілі жыхары Лугоў. Успамінамі 71-гадовай даўніны падзялілася Ганна Цыбулька. Слухаючы яе расказ, зрэшты, як і аўтарскі верш Алены Шыйч, многія не стрымлівалі эмоцый.

Дарога на Мелясніцу пралягае праз маляўнічую лясную прыгажосць. Вясковыя краявіды пачынаюцца помнікам загінуўшым. Надпісы на ім пра шматлікія ахвяры халодзяць кроў ад болю і немагчымасці нешта паправіць. Слёзы паяўляюцца на вачах, калі юныя галасы дэкламуюць радкі верша: “Не выйшаў ты і ў гэты раз мяне спаткаць, паднесці рэчы…”.

Колькі хлопчыкаў і дзяўчынак пасляваеннага часу страцілі тат і мам і засталіся безабароннымі перад рэчаіснасцю! Прадстаўнікі пакалення дзяцей вайны з Мелясніцы прыйшлі да абеліска і застылі ў хвіліне маўчання разам з удзельнікамі аўтапрабегу. Міжволі падумалася: “Калі б не вайна, колькі стаяла б тут новых хат, колькі яшчэ вяселляў і радзін адсвяткавалі б у вёсачцы!”.

Усклаўшы вянкі і кветкі, накіраваліся ў Вульку 1, якая таксама зведала жахі вайны. Вучні мясцовай школы падрыхтавалі кранаючую літаратурную праграму.

У ліку ўдзельнікаў аўтапрабегу былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, па стану здароўя наведаць месцы баявой славы адправіліся толькі адзінкі. Але дзе б ні знаходзіліся былыя байцы і партызаны, у гэты дзень усе іх думкі і ўспаміны скіраваны ў мінулае — горкае, невыносна цяжкае і адначасова радаснае і хвалюючае ад асэнсавання значнасці Перамогі над фашыстамі на роднай зямлі.

У Луніне гасцей сустрэлі юныя артысты. Прыйшло цвёрдае ўсведамленне таго, што менавіта дзеля такіх сонечных тварыкаў, дзеля агульнай мірнай будучыні і змагаліся продкі, не шкадуючы сябе і верачы ў лепшае. З маленькіх далонек букецікі кветак хлопчыкі і дзяўчынкі падарылі ветэранам.

Далей калона аўтамабіляў накіравалася ў Лобчу. На гранітнай пліце — зноў імёны, імёны, імёны… Хвіліна маўчання, залпы, вянкі, нізкі паклон павагі і ўдзячнасці.

Помнік у Багданаўцы знаходзіцца ў скверы насупраць адміністрацыйных будынкаў. Побач з ім паміж дрэў размясціліся пліты, на кожнай з іх — імёны і прозвішчы загінуўшых аднавяскоўцаў. Колькі тут сыноў, братоў і бацькоў! На сустрэчу сабралася многа мясцовых жыхароў, што сведчыла, як у аддаленай вёсцы шануюць сваю гісторыю.

На жаль, ніхто з мясцовых не прыйшоў да помніка загінуўшым на Белым возеры. Тут няма больш вёскі, няма людзей… Гэта асаблівасць горыччу кальнула ў сэрца. Вось яна, горкая праўда. Стаялі дамы, з якіх клубамі ў неба ўзнімаўся дым. Пахла хлебам — свежым, спечаным у сялянскіх печах. Тут нараджаліся дзеці, па пяць, па дзесяць у кожнай хаце. І раптам — не засталося нікога…

Адзінокі абеліск на ўзгорку застыў пад плёсканне празрыстай вады возера — жамчужыны Палесся. Сюды адначасова з’ехаліся ўсе ўдзельнікі аўтапрабегу. Сабраліся дзеці і падлеткі з аздараўленчага лагера “Спадарожнік”. Ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. Залпы, вянкі, кветкі. Некалькі слоў ад прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і ветэранаў. Потым загучалі вершы. Пад акампанемент Мікалая Вячоркі пачуліся гукі патрыятычных песень. Усе спявалі і плакалі адначасова. Не часта можна пачуць дружны імправізаваны хор у некалькі соцень галасоў з адданасцю і шчымлівасцю, якая перапаўняла сэрцы.

Кожны з удзельнікаў аўтапрабегу вяртаўся ў горад з цэлай гамай захліснуўшых пачуццяў. Прыпынак быў каля помніка загінуўшым воінам-афганцам. На граніце — імёны дзевяці юнакоў. Кожны з хлопцаў вырас на гераічнасці подзвігаў сваіх продкаўі гэтак жа сумленна аддаў грамадзянскі доўг на чужой зямлі.

Балюча ад асэнсавання, што страты не скончыліся ў 1945-ым. Свае ахвяры вайна сабрала і праз 40 год мірнага жыцця. Дзеля будучыні, каб такое не паўтаралася больш ніколі, памятаем сваю гісторыю, схіляем галовы перад мужнасцю землякоў. Апошнія залпы раздаліся над горадам. Завяршылася святкаванне 71-ай гадавіны вызвалення Лунінеччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сучаснікам неабходна берагчы мір, а перамогамі ў працы надалей ствараць гісторыю роднага краю.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть