Не бываюць дробнымі злачынствы
Происшествия

Не бываюць дробнымі злачынствы

суд

Сумныя падзеі, пра якія сёння пойдзе гаворка, пачаліся задоўга да трагедыі, абарваўшай жыццё аднаго з удзельнікаў. Але ж крыўдна не толькі ад здарыўшайся непапраўнай бяды, а яшчэ і ад таго, што фігуранты справы, кажучы юрыдычнай мовай, у далейшым прадэманстравалі стойкае нежаданне весці законапаслухмяны лад жыцця, што стала падставай для таго, каб у далейшым суд вынес дастаткова суровы прыгавор.

У адзін з веснавых дзён кампанія параўнаўча маладыіх людзей згуртавалася для карыснай, на першы погляд, справы — паставіць агароджу каля сядзібы аднаго з падзельнікаў. Пакуль прымерваліся-прыладкоўваліся, пайшоў дождж. Перачакаць яго вырашылі за бутэлькай спіртнога. Адна, другая — і пра справу паспяхова забыілі. Не было нічога дзіўнага ў тым, што ад выпітага пацягнула на “подзвігі”. Балазе, у распараджэнні быў транспартны сродак — хоць і стары, але ўпаўне спраўны легкавы аўтамабіль. Вось толькі бяда — уладальніка незадоўга да таго злавілі п’яным за рулём. Выплаціўшы немалы штраф, ён на тры гады страціў права кіраваць аўтамабілем. Гэта, аднак, не спыніла. Праўда, сам за руль сесці не рызыкнуў, палічыўшы за лепшае перадаць права кіравання сябру С. — не менш п’янаму і таксама без вадзіцельскага пасведчання. Не ўлічыў адно: падобныя дзеянні таксама вельмі строга караюцца законам.

Лагічнага завяршэння цэлай чарады парушэнняў доўга чакаць не давялося. Ледзь ад’ехаўшы ад вёскі, гора-вадзіцель не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў дрэва. Адзін з пасажыраў ад атрыманых траўм памёр на месцы здарэння, другога з цяжкімі пакалечаннямі даставілі ў бальніцу. Здавалася б, трагедыя на ўсё жыццё павінна стаць самым што ні на ёсць жорсткім урокам. Беручы гэта пад увагу, суд палічыў магчымым не накіроўваць вінаватага ў калонію, а на 3 гады абмежаваць яго волю. Адначасова ён на 5 год страціў права садзіцца за руль. Заслужанае пакаранне атрымаў і ўладальнік транспартнага сродку, які перадаў права кіравання п’янаму сябру.

Аднак літаральна праз паўгода вінаваты ў дарожна-транспартным здарэнні са смяротным зыходам зноў трапіў у поле зроку праваахоўнікаў. Адначасова на “авансцэну” падзей ён міжволі вывеў яшчэ аднаго патэнцыяльнага падапечнага міліцыі. Непадалёк ад Галага Бору на рацэ Валчанка сябрукоў затрымалі за незаконнай лоўляй рыбы. У той дзень браканьеры паспелі выцягнуць 72 шчупакі. Былі сярод улову таксама акуні, плоткі і некалькі лінёў — у агульнай складанасці амаль на 38 000 000 рублёў.

Варта зазначыць, што канфлікт з законам і неадбыты тэрмін пакарання за ДТЗ меў не толькі наш “знаёмец”, але і яго падзельнік, які на той момант па прыгавору суда знаходзіўся пад дамашнім арыштам. У “арсенале” гэтай дастаткова адыёзнай асобы было некалькі адміністрацыйных пакаранняў і нават рэальны тэрмін за хуліганства. Нападпітку ён нёс непрадказальную пагрозу для землякоў, трымаючы ў страху ўсю вёску. Яго неўтаймаваная п’яная злосць не ведала межаў і супыіну. Так, не стала перашкодай і сумная прычына памінак, на якія аднойчы Я. запрасілі разам з іншымі суседзямі. На выхадзе ён прычапіўся да сваячкі нябожчыка, нанёсшы ёй некалькі ўдараў кулаком…

Менавіта таму ў адрозненне ад свайго сябра, якога аднавяскоўцы часцей называлі слабахарактарным, Я. вельмі адмоўна характарызаваўся па месцы жыхарства. Дробныя злачынствы цягнуліся бясконцым ланцужком — ледзь паспяваў “разабрацца” з адным пакараннем , як “прыспешвала” наступнае. Застаецца толькі здзіўляцца, як такі чалавек мог працаваць сацыяльным работнікам, даглядаючы састарэлых аднавяскоўцаў.

Кропку ў справе паставіла чарговая нахабная выхадка. Не здолеўшы без злосці і зайздрасці назіраць, як у адным з прыватных двароў адпачывае добрапрыстойная кампанія з некалькіх сем’яў, Я. учыніў п’яны дэбош, пашкодзіўшы прыпаркаваныя паблізу дарагія аўто. Крыху пазней аказаў жорсткае супраціўленне таму, хто паспрабаваў яго затрымаць. Нанесены ўрон вылічваўся дзясяткамі мільёнаў рублёў.

Нягледзячы на тое, што страты пацярпелым злачынца кампенсаваў, а, звяртаючыся да суда, не адзін раз узгадваў пра тое, што ад двух шлюбаў, мае пяцёра непаўналетніх дзяцей і, па вердыкту медыкаў, мае разумовую адсталасць (гэта, дарэчы, пазней экспертыза не пацвердзіла), суд палічыў за лепшае на 4 з паловай гады ізаляваць хулігана ў калоніі агульнага рэжыму. З палёгкай уздыхнулі не толькі сем’і гора-мужа і бацькі, але і ўся вёска.

Няма сумнення, што кожны, хто рызыкуе ісці на канфлікт з законам, хто перашкаджае мірна і спакойна жыць іншыім, урэшце-рэшт атрымае па заслугах. I нават самае, здавалася б, дробнае злачынства, асабліва калі яно мае характэрныя рысы рэцыдыву, караецца вельмі строга.

Міхаіл Д3ЕНІС0ВІЧ, старшыня суда



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть