Происшествия
НЕ РАБІ ДАБРО, НЕ ЗВЕДАЕШ ЗЛО
Сумная статыстыка сведчыць, што на Лунінеччыне кумулятыўная колькасць ВІЧ-інфіцыраваных складае 55 чалавек. У пераважнай большасці гэта маладыя людзі ва ўзросце да 35 год. Сярод іх – 72,7 працэнта мужчыны, 27,3 – жанчыны. Прычым, 38 чалавек «вірусаносьбітамі” сталі пасля ін’екцыйнага ўвядзення наркатычных сродкаў.
Праблема наркаманіі ў краіне апошнім часам рэзка ўзрасла. Вось чаму барацьбе з гэтай заганай грамадствам надаецца асаблівая ўвага. Сёлета раённым судом разгледжана 12 крымінальных спраў (летась – 21) у сферы незаконнага абароту наркатычных сродкаў, у тым ліку 2 – звязаны са збытам атруты. Зараз у судзе знаходзіцца 3 крымінальныя справы ў адносінах да тых, хто рэалізоўваў наркатычныя рэчывы. Віноўным пагражае да 13 год пазбаўлення волі.
Няпростай застаецца сітуацыя ў горадзе Мікашэвічы. Менавіта тут зарэгістравана асноўная колькасць ВІЧ-інфіцыраваных. Дагэтуль праблема з ужываннем наркотыкаў не губляе сваёй актуальнасці. У некаторых каноплі растуць нават на прысядзібных участках. Як і ў Мікалая Сяргеева (імя і прозвішча зменена – рэд.). Дзікарослыя расліны малады чалавек захоўваў на гарышчы дома, а марыхуану выкарыстоўваў для ўласных патрэб.
Аднойчы яму патэлефанаваў сябар Сяргей, які адбываў пакаранне ў выпраўленчай калоніі ў Івацэвічах і папрасіў «падзяліцца” «кайфовым зеллем”. Абодва разумелі, што зрабіць гэта не так проста. Як ім падалося, на розум прыйшла выдатная ідэя. Падчас чарговай тэлефоннай сувязі з месца зняволення прыйшло паведамленне, што маці «сукамерніка”, які, дарэчы, таксама з’яўляецца ўраджэнцам Мікашэвіч, збіраецца адправіць сыну пасылку. І яна ўпаўне магла б аказаць «неацэнную” паслугу – пераслаць невялікую перадачу для Сяргея.
Мікалай схадзіў у магазін і набыў чай «Прынцэса Ява”. З дапамогай пінцэта ўскрыў некалькі пакецікаў і замяніў чайнае лісце на наркатычнае зелле.
Жанчына, якая нічога не падазравала, прыняла перадачу і адправіла пасылку па вызначаным адрасе. Пры доглядзе супрацоўнікі міліцыі знайшлі «атруту”. Пачалося доўгае разбіральніцтва, якое цягнулася амаль паўтара года. Можна ўявіць, які стрэс давялося перажыць жанчыне, даказваючы, што не мае да наркотыкаў ніякіх адносін. Гэта стала для яе выдатным урокам на ўсё жыццё.
Мікалай жа імкнуўся заблытаць следства і накіраваць яго па падманным шляху. Вінаватай ён лічыў дзяўчыну, якая быццам перадала пакецікі. Аднак дапрасіць яе ў судовым пася-джэнні аказалася немагчымым, яна пайшла з жыцця.
І ўсё ж, колькі падазраваемы не выкручваўся, у канчатковым выніку прызнаў сваю віну. Бліжэйшыя 5 год яму давядзецца правесці ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Надзея НЕКРАШЭВІЧ, памочнік пракурора.