Происшествия

Нежаданы гость

юрклубЁн, як сведчыць вядомая прымаўка, горшы за татарына. У нашым жа выпадку заезджы “гастралёр” з Расіі “наслядзіў” на 8 год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У Вічыне мінулагодняй вясной з’явіўся ён нечакана: прыехаў услед за беларускімі сябрамі, з якімі выпадкова пазнаёміўся ў Маскве. Па яго словах, затрымацца меркаваў на тыдзень, але грошы скончыліся, і ад’езд давялося адкласці на нявызначаны тэрмін. Зрэшты, у гэтым, як і ў іншых довадах Руслана Светагорава следства, а пазней і суд, справядліва ўсумніліся. Як высветлілася, ён знаходзіўся ў федэральным вышуку, як асоба, якая схавалася ад дазнання.

На прыезджага, што па невядомых прычынах затрымаўся на тэрыторыі Беларусі, чамусьці не звярнуў увагі мясцовы ўчастковы, хаця бачылі і ведалі госця многія: ён у пошуках начлегу вандраваў з хаты ў хату ў Вічыне, Дварцы і Бродніцы, прапаноўваючы немудрагелістую дапамогу па гаспадарцы . Магчыма, калі б праваахоўныя органы своечасова пацікавіліся асобай Светагорава, не адбылося б злачынства, якое яшчэ доўга будуць абмяркоўваць у Вічыне.

Да разбітнога расійскага вандроўніка, як пчолы на мёд пацягнуліся асобы, схільныя да правапарушэнняў. І, перш за ўсё, няпоўнагадовыя лайдакі, якія шукалі любую прычыну, каб вырвацца з-пад непажаданай апекі дарослых. Інакш што, скажыце, магло аб’яднаць 25-гадовага пацёртага жыццём хлопца з 13-гадовым падлеткам? Дарэчы сказаць, апошні, хоць і гадаваўся ў няпоўнай сям’і, дзе бацьку замяніў айчым, асаблівай нястачы не адчуваў. Нармальныя ўмовы пражывання, адносны дастатак, камп’ютар, за якім падлетак нярэдка бавіў вольны час. Вось толькі маці нярэдка папракалі ў тым, што самаўхілілася ад выхавання сына. Дзеці, а ў сям’і ёсць яшчэ тры старэйшыя дачкі, пераважна жылі ў бабулі, якая і замяняла ім мацярынскі клопат.

Магчыма таму агульныя кропкі судатыкнення сямікласнік Дварэцкай СШ (назавем яго Валянцінам) і “джэнтэльмен удачы” з расійскай глыбінкі знайшлі дастаткова хутка. Назіраючы, як Руслан жнівеньскім навячоркам дапамагае аднаму з вяскоўцаў перабіраць рухавік аўтамабіля, падлетак краем вуха злавіў скаргу на тое, што акумулятар стары і наўрад ці дазволіць запусціць легкавушку, нават калі яе ўдасца адрамантаваць. Валянцін тут жа выдаў, што ведае, дзе ўзяць акумулятар: у адным з дамоў, гаспадары якога жывуць у іншым месцы, не зачыняецца гараж, а там дабра відзьма-нявідзьма. Ёсць і акумулятар.

Як ні горка, гаспадар машыны не спыніў патэнцыяльных зладзюжак ад злачыннага кроку, даўшы маўклівую згоду на крадзеж. Акумулятар прынеслі. Ён аказаўся нерабочым, і аматары да чужога дабра зноў накіраваліся на знаёмы падворак. На гэты раз не абышлі дом, прыхапіўшы тое-сеё з рэчаў і запасных частак.

Крадзеж заўважылі не адразу, а таму беспакаранасць развязала рукі. Нягледзячы на тое, што наступіў верасень, пачаўся навучальны год, і вучні селі за парты, Валянцін па-ранейшаму не адмаўляў сабе ў задавальненні знайсці больш прыдатны, на яго думку, занятак. 25 верасня 2012 года ён разам з усімі накіраваўся ў школу, але да навучальнай установы так і не дайшоў, вырашыўшы наведацца да адной з вічынскіх дзяўчынак. Каля дома сустрэў старога знаёмага Руслана, які коратка акрэсліў план далейшых дзянняў: дачакаемся, пакуль гаспадыня пойдзе з дому, і забяром грошы і каштоўнасці.

Гаспадыня і сапраўды праз некаторы час выйшла на вуліцу і накіравалася да аўтобуснага прыпынку: мерылася паехаць у раённую паліклініку да ўрача. Яе дачка Марына (назавем дзяўчынку так) – інвалід па зроку, да таго ж знаходзіцца на ўліку ў псіханеўролага. Выманіць яе з хаты малалетняму прахвосту цяжкасці не склала. Гэта ў школе ён не адрозніваецца здольнасцямі, па складах чытае і неахвотна засвойвае прапаноўваемы настаўнікамі матэрыял. У жыцці ж нярэдка дэманструеў дзіўную вынаходлівасць.

Пасля таго, як поле дзейнасці было вызвалена, да справы прыступіў старэйшы падзельнік. Ён планамерна абследаваў усе пакоі дома. Асаблівых зберажэнняў не знайшоў. У поле зроку трапілі 20 еўра і залатыя вырабы – два ланцужкі, крыжыкі, некалькі пярсцёнкаў… На некаторы час ён пакінуў дом, але толькі для таго, каб надаць сабе храбрасці спіртным. Вярнуўшыся, зноў прыступіў да пошуку грошай.

На няшчасце, у гэты момант дадому вярнулася гаспадыня. Па дарозе дачка папярэдзіла яе, што ў доме арудуе злодзей. Жанчына не марудзячы выклікала міліцыю, а сама накіравалася ў кватэру. Нягледзячы на папярэджанне, моцны ўдар у твар стаў нечаканасцю. На некаторы час яна страціла прытомнасць. Калі прыйшла ў сябе, адчула лязо нажа каля спіны і пачула злосны голас злачынцы, які патрабаваў тэрмінова выдаць усе зберажэнні.

Невядома чым скончыліся б здзекі і пабоі, калі б у двор тэрмінова не прыехала міліцыя. Рабаўніка, якія спрабаваў схавацца на гарышчы, злавілі. Златыя вырабы і валюту (а матэрыяльны ўрон быў ацэнены ў больш як 9 мільёнаў рублёў) злодзей вярнуў. У ходзе судовага разбіральніцтва ён спрабаваў знайсці спагаду, запэўніваючы, што ў Расіі ў яго застаўся малалетні сын. Гэты факт не пацвердзіўся. Не знайшлі падтрымкі і іншыя спробы пазбегнуць справядлівага пакарання. Злачынства было кваліфікавана, як разбой.

Улічваючы асаблівую небяспеку ўчыненага, а таксама той факт, што абвінавачваемы пайшоў на асабліва цяжкае злачынства, знаходзячыся ў федэральным вышуку, суддзя прыняў рашэнне на 8 год ізаляваць яго ад грамадства. Касацыйная скарга ў абласную судовую калегію па крымінальных справах была пакінута без задавальнення. Прыгавор уступіў у законную сілу.

Міхаіл ДЗЕНІСОВІЧ,
старшыня суда.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть