Происшествия

Па гарачых слядах

затрымалі злачынцаў супрацоўнікі Мікашэвіцкага аддзялення міліцыі.
Злодзеі спрабавалі вынесці 6 мяхоў мінеральных угнаенняў са склада ў Рэдзігерава.
На злачынства рызыкнулі пайсці 20-гадовы жыхар Чэрабасава і раней су-дзімы за крадзеж 23-гадовы яго аднавясковец. Хціўцы не чакалі, што са здабычай іх каравуляць вартавыя правапарадку. Тукі давялося адразу ж вярнуць, а вось далейшы лёс злодзеяў вызначыць суд: нанесены ўрон ацэнены амаль у 1,5 мільёна рублёў.

РАСПЕРАЗАЛІСЯ ХУЛІГАНЫ
Аператыўнікі ўстанаўліваюць асобу невядомага, які адкрыў стральбу з пнеўматычнай зброі па вокнах участка бытавога абслугоўвання КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” у Багданаўцы.
У гэты ж час і ў гэтым жа населеным пункце ад рук хуліганаў пацярпеў і будынак комплекснага прыёмнага пункта райспажыўтаварыства. Пашкоджаны два шклопакеты.

“АДПОМСЦІЎ…”
Чым недагадзілі п’янаму хулігану легкавушкі, прыпаркаваныя каля дома №177 па вуліцы Чырвоная ў Лунінцы, цяпер высвятляе следства.
Так ці інакш, нецвярозы жыхар райцэнтра пашкодзіў дзве іншамаркі, што вымусіла іх уладальнікаў звярнуцца за дапамогай у міліцыю. І калі чатыры гады таму раней судзімы хуліган за падобныя дзеянні выплаціў немалы штраф, то цяпер пакаранне, улічваючы рэцыдыў, пагражае быць куды больш сур’ёзным.

НЯЎВАЖЛІВАСЦЬ ПЕНСІЯНЕРА
стала штуршком да крадзяжу.
Забыўлівасцю старога чалавека, які на кароткі час на стале каля прадуктовай карзіны пакінуў кашалёк з грашамі, не прамінуў скарыстацца злодзей. Праўда, ён не чакаў, што праваахоўнікам удасца вельмі хутка ўстанавіць яго асобу і вярнуць пенсіянеру ўкрадзеныя 350 000 рублёў і 50 долараў ЗША.

ПАДБІЎ І ЎЦЁК
На вышыні былі аператыўнікі і пры ўстанаўленні асобы невядомага вадзіцеля, які на легкавушцы 2 студзеня 2014 года на вуліцы Колбіка ў Дрэбску збіў пешахода.
Цяпер жыхару в. Дварэц давядзецца адказваць не толькі за ўчыненае дарожна-транспартнае здарэнне, але і за тое, што ўцёк з месца ДТЗ, пакінуўшы пацярпелага, які атрымаў менш цяжкія цялесныя пакалечанні, у небяспецы.

НАДАЛА “ХРАБРАСЦІ” ГАРЭЛКА
Па-ранейшаму ў поле зроку праваахоўнікаў трапляюць п’яныя за рулём, у тым ліку і паўторна на працягу года, што аўтаматычна выклікае пагрозу канфіскацыі аўтамабіля.
У верасні мінулага года за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення да адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягваўся жыхар Лунінца М. Паўторна сярод белага дня п’яным за рулём “Рэно” яго затрымалі адразу пасля Новага года.
Не пашанцавала і мінчаніну, які раскатваў на іншамарцы па в. Лунін. “Фальксваген” невыпадкова прыцягнуў увагу ДАІшнікаў. Як высветлілася, кіраваў ім нецвярозы жыхар сталіцы. Прычым, менш як год таму ён ужо прыцягваўся да адказнасці за падобнае парушэнне. Цяпер меру адказнасці вызначыць суд.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть