Происшествия

Пад абаронай закона

Змяненні і дапаўненні ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія былі замацаваны адпаведным Законам у пачатку года, закранулі больш за 180 артыкулаў і ўступілі ў сілу з 25 ліпеня 2014 года. Аб тых, што датычаць пытанняў водпуску па догляду за дзіцём і спынення працоўных адносін з асобнымі катэгорыямі грамадзян, вядзем размову з памочнікам пракурора Веранікай ПАЛЯЙЧУК.
– У рамках забеспячэння роўных правоў у пытаннях выхавання дзяцей пашырана катэгорыя асоб, якія маюць права на водпуск па догляду за дзіцём да дасягнення ім узросту 3-ох год. Хто трапіў у пералік?
– Новая рэдакцыя артыкула 185 Працоўнага кодэкса прадугледжвае прадастаўленне права на водпуск працуючым бацьку або іншаму родзічу замест маці ў выпадку выхаду жанчыны на работу (службу), вучобу (пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай або паслявузаўскай адукацыi дзённай формы навучання), а таксама калі яна з’яўляецца натарыусам, адвакатам, творчым работнікам, асобай, якая ажыццяўляе рамесную дзейнасць або ў сферы аграэкатурызму. Пры гэтым права на перадачу водпуску ў гэтых жанчын узнікае, калі іх дзейнасць не прыпыняецца ў сувязі з доглядам дзіцём да трох год.
Законам замацавана практыка суадносін двух відаў водпускаў: па догляду за дзіцём і па цяжарнасці і родах, згодна з якой адпачынак па догляду за дзіцём да дасягнення ім узросту трох год перарываецца ў выпадку прадастаўлення маці водпуску па цяжарнасці і родах і працягваецца да яго заканчэння. Такім чынам, грама-дзяне, якія скарысталіся правам на водпуск па догляду за дзіцём замест маці, губляюць гэта права на перыяд знаходжання маці ў водпуску па цяжарнасці і родах.
Таксама ў Законе ўдакладнена, што пры наяўнасці ў сям’і дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 3 год водпуск прадастаўляецца адной асобе.
– Зараз вельмі праблемным з’яўляецца пытанне спынення працоўных адносін з адзінокай маці, якая выхоўвае дзiця ва ўзросце ад трох да чатырнаццаці год або дзіця-інваліда – да васемнаццацi год, і па стану здароўя не можа працягваць работу, а ў наймальніка няма магчымасці яе перавесці на іншае месца. Як будзе ў далейшым?
– Падобная праблемная сітуацыя існавала для працуючых жанчын у выпадку спынення дзейнасці філіяла, прадстаўніцтва, у якім яна працавала. У мэтах урэгулявання гэтых пытанняў Закон прадугледжвае распаўсюджванне правілаў скасавання працоўнага дагавора, якія прымяняюцца пры ліквідацыі арганізацыі, таксама і ў выпадку спынення дзейнасці філіяла, прадстаўніцтва ці іншага адасобленага структурнага падраздзялення арганiзацыi, размешчанага ў іншай мясцовасці. Уносяцца адпаведныя змены ў артыкулы 42 і 268 Працоўнага кодэкса. Так, скасаванне працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка з цяжарнымі жанчынамі, жанчынамі, якія маюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, з адзінокімі маці, якія маюць дзяцей ва ўзросце ад трох да чатырнаццаці год ці дзяцей-інвалідаў да васемнаццацi год, не дапускаецца. Акрамя выпадкаў ліквідацыі арганізацыі, спынення дзейнасці філіяла, прадстаўніцтва ці іншага адасобленага падраздзялення арганiзацыi, размешчаных у іншай мясцовасці, спынення дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама па падставах, прадугледжаных пунктамі 4, 5, 7-9 артыкула 42 і артыкулам 47 Кодэкса: сістэматычнае невыкананне работнікам без уважлівых прычын абавязкаў, ускладзеных на яго працоўным дагаворам ці правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, калі да працаўніка раней прымяняліся меры дысцыплінарнага спагнання; прагул (у тым ліку адсутнасці на рабоце больш за тры гадзіны на працягу працоўнага дня) без уважлівых прычын, з’яўленне на працоўным месцы ў стане алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап’янення, а таксама распіццё спіртных напіткаў, ужыванне наркатычных сродкаў або таксічных рэчываў у працоўны час або па месцы работы; учыненне крадзяжу маёмасці наймальніка; аднаразовага грубага парушэння правілаў аховы працы, што прывяло да калецтва або смерці іншых работнікаў і іншае.
Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть