Происшествия

Пад увагай — сяўба

госконтрольСпецыялістамі КДК у сакавіку праведзены кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы ў 38 сельгасарганізацыях Брэсцкага, Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Драгічынскага, Жабінкаўскага, Кобрынскага і Лунінецкага раёнаў.

Найбольш актуальнай сёння з’яўляецца праблема з забеспячэннем гаспадарак мінеральнымі ўгнаеннямі. Так, у СВК “Багданаўка” калійныя ўгнаенні адсутнічалі наогул, фосфарных было толькі 4 працэнты ад патрэбнага, азотных — 11 працэнтаў. Не лепшы малюнак і ў СВК “Дзятлавіцкі”, дзе ў наяўнасці ў сакавіку было 7 працэнтаў ад патрэбнага калійных угнаенняў, 8 — фосфарных і 16 працэнтаў — азотных. Па гэтай прычыне ў названых гаспадарках спынены работы па падкормцы сенакосаў у пашы. У “Багданаўцы” не вялася падкормка азімых культур, а сенакосы і пашавыя ўгоддзі атрымалі толькі 11 працэнтаў тукаў ад належнага.

Жадае быць лепшай і тэхнічная гатоўнасць да правядзення веснавых палявых работ. Так, у СВК “Дзятлавіцкі” не прайшлі тэхагляд 4 трактары. Прычыны — няспраўнасць рухавіка, задняга маста, каробкі перадач, адсутнасць акумулятарнай батарэі. У гаспадарцы не паклапаціліся і пра тое, каб на асобных трактарах памяняць масла. Не зроблена тэхналагічная настройка глебаапрацоўчага агрэгата “АКШ-7,2”.

Вывучылі спецыялісты КДК і забяспечанасць насеннем. У СВК “Дзятлавіцкі” зафіксаваны недахоп насення зернебабовых, а таксама рапсу, які трэба перасеяць на плошчы 100 гектараў. Не хапае яго і ў СВК “Багданаўка”, дзе азімы рапс загінуў на плошчы 130 гектараў.

Восем гаспадарак раёна на момант праверкі не прыступілі да пратручвання насення. У СВК “Багданаўка” ў парушэнне рэгламентаў вывезеная на поле арганіка больш як 3 сутак знаходзілася там без задзелвання.

У ходзе праверкі была звернута ўвага на забяспечанасць грамадскага пагалоўя кармамі. Недахоп іх адзначаны ў СВК “Гарадоцкі”.

Ураджай залежыць ад насення

Спецыялісты Пінскага КДК праверылі забяспечанасць гаспадарак раёна насеннем.

Як высветлілася, шэраг сельгасарганізацый не выконваюць рашэнне аблвыканкама ў частцы выбаркі насення яравых збожжавых і зернебабовых згодна з планам сортазамены і сортаабнаўлення. У нашым раёне 8 гаспадарак не завезлі эліту яравых збожжавых, 6 — зернебабовых. Не садзейнічаюць планам на высокі ўраджай парушэнні ў тэхналогіі вывазкі і задзелкі арганікі, а таксама пратэрміноўка ў гатоўнасці энерганасычаных трактароў у некаторых гаспадарках.

Хто залазіць у наш кашалёк?

На працягу першага квартала спецыялісты КДК разам з санітарнай службай і гандлёвай інспекцыяй Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь правялі пазапланавыя праверкі рознічных гандлёвых аб’ектаў шэрагу сеткавых аператараў.

У нашым раёне такіх няма, але жыхары Лунінеччыны, бываючы ў Пінску, ахвотна наведваюць тыя ж магазіны гандлёвай сеткі “Алмі”. Тут, як і ў іншых, выяўлены цэлы “букет” парушэнняў. Самае распаўсюджанае — разыходжанне ў вазе каўбасных вырабаў пасля іх расфасоўкі. Кантрольнае ўзважванне паказала недахоп вагі ў многіх кавалачках. На кожным пакупнік пераплачваў каля 2000 рублёў. І невядома, колькі такога “паветра” паспелі прадаць да прыходу кантралёраў. Прадаўцы спасылаліся на тое, што некаторыя гатункі каўбасы здольны за суткі “ўсыхаць” на 10 грамаў. Можа яно і так, але ж ніхто не даваў права перакладваць гэтыя “ўсохшыя грамы” з кішэні пакупніка ў касу магазіна.

Практычна ва ўсіх магазінах да рэалізацыі прапаноўваліся тавары, якія захоўваліся ва ўмовах, што не забяспечвалі якасць і бяспеку тавараў. У асноўным гэта датычыла агародніны і фруктаў. А там, дзе такіх умоў няма, аўтаматычна ўзнікаюць умовы для імклівага развіцця цвілі і гнілі. Зробленыя дзе-нідзе кантралёрамі фотаздымкі — не для слабанервовых.

Зразумела, што выяўлены былі і факты рэалізацыі тавараў з закончаным тэрмінам прыгоднасці. Прычым на некаторых гэты тэрмін перабольшваў 100 дзён!

У адным з магазінаў у памяшканні для мыцця інвентара на падлозе размарожваліся “Цыпляняты-грыль па дамашняму”. Выкладка каўбасных вырабаў і сыра ажыццяўлялася без гандлёвых латкоў, нельга было выявіць дату ўскрыцця каўбасы.

Нямала парушэнняў было выяўлена пры рэалізацыі піва. Зараз наклейкі-стыкеры на гэтай прадукцыі забаронены — інфармацыя для пакупніка наносіцца толькі вытворцам і тэхналагічным спосабам, што забяспечвае яе захаванасць і немагчымасць выдаліць на працягу ўсяго тэрміна прыгоднасці. У выніку ў адным з магазінаў “Алмі” вялікая колькасць нядобраякаснага піва на суму больш як 15 мільёнаў рублёў знаходзілася ў гандлёвай зале побач з дабраякаснай прадукцыяй.

Устаноўлены ў магазінах гэтай гандлёвай сеткі і факты незабеспячэння праверкі сапраўднасці акцызных марак Рэспублікі Беларусь на тытунёвых вырабах і алкагольных напітках. А тут варта задумацца не толькі пра “шэрыя схемы”, “прыбытак любой цаной”, але і пра чалавечыя жыцці.

Яшчэ раз аб дзяржаўных закупках

Здаецца, толькі самы недасведчаны з кіраўнікоў не ведае, што ў адпаведнасці з заканадаўствам суб’екты гаспадарання абавязаны былі размясціць да 8 сакавіка гадавы план дзяржаўных закупак на афіцыйным сайце ў сетцы інтэрнет.

Пры выдзяленні фінансавання пасля гэтага тэрміну план дзяржзакупак трэба размясціць на працягу месяца пасля адкрыцця фінансавання. За невыкананне гэтых патрабаванняў прадугледжаны штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь. Летась па гэтай прычыне да адказнасці былі прыцягнуты 9 асоб на пасадзе.

Акрамя гэтага, звяртаем увагу, што сёлета ўстаноўлены шэраг новаўвядзенняў ў сферы ажыццяўлення дзяржзакупак. У прыватнасці, прадугледжваецца правядзенне працэдуры запыту цэнавых прапаноў заказчыкам на электроннай гандлёвай пляцоўцы; размяшчэнне ў адкрытым доступе прапаноў удзельнікаў працэдур, за выключэннем дакументаў, якія ўтрымліваюць інфармацыю, распаўсюджванне якой абмежавана заканадаўствам. Заканадаўча зацверджана размяшчэнне звестак аб паступленні ва ўпаўнаважаны орган па дзяржзакупкам скаргаў на дзеянні ці бездзеянне, рашэнні заказчыка (арганізатара), іншых асоб на адпаведным афіцыйным сайце, а таксама на электроннай гандлёвай пляцоўцы ў выпадку правядзення на ёй працэдуры дзяржзакупкі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть