Пешаходны пераход – зона небяспекі?
Зусім нядаўна грамадскасць узрушыў абуральны выпадак. У Лунінцы на пешаходным пераходзе каля СШ №4 адбылася трагедыя. Малады чалавек, упраўляючы аўтамабілем “Міцубісі”, рухаўся па вуліцы Чырвоная ў накірунку ўніверсама “Заходні”. На пад’ездзе да рэгулюемага пешаходнага перахода вадзіцель не мог не бачыць забараняючага сігнала светлафора, тым больш, што перад ім каля “стоп-лініі” спыніліся некалькі аўтамабіляў. Аднак у парушэнне ўсіх правілаў ён, аб’язджаючы машыны, якія спыніліся, выехаў на пешаходны пераход і на поўным хаду збіў дзіця, якое разам з бацькамі пераходзіла дарогу. Хлопчык атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму. За яго жыццё і здароўе змагаюцца ўрачы.
Наўрад ці можна расцаніць гэты выпадак як звычайную няўважлівасць. Жудасная безадказнасць, упэўненасць у беспакаранасці і нават цынізм у адносінах да чалавечага жыцця – вось што прадэманстраваў малады нахабнік. Яго адразу ж узялі пад варту і заключылі ў следчы ізалятар.
Хачу запэўніць, што пазіцыя раённага аддзела Следчага камітэта і пракуратуры адназначна накіравана на тое, каб да гэтага і яму падобных вадзіцеляў былі прыменены самыя строгія меры, прадугледжаныя Законам. Але ж як растлумачыць малышу і яго бацькам, чаму дзеці трапляюць у бяду на самым, здавалася б, бяспечным месцы на дарозе – пешаходным пераходзе? Чаму яны становяцца ахвярамі страшэннай безадказнасці дарослых, што сядзяць за рулём?
Сёння дарогі паблізу школ маюць агароджу, абазначаны адпаведнымі разметкамі, абсталяваны “ляжачымі паліцэйскімі”. На класных гадзінах праводзяцца ўрокі бяспекі. Настаўнікі разам з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі распрацавалі схемы бяспечнага руху ад бліжэйшага мікрараёна да школы. Але гэта, аказваецца, не выратоўвае ад траўм і няшчасных выпадкаў на дарогах.
Магчыма, нехта не згодзіцца з маёй перакананасцю, але асабіста я ўпэўнены, што ва ўсіх выпадках трагедый на дарогах, дзе ахвярамі сталі дзеці, вінаваты вадзіцелі. Менавіта мы, дарослыя, павінны памятаць, што дзеці не ўмеюць правільна ацэньваць дарожную абстаноўку. Яны не адчуваюць хуткасці машын і адлегласць да іх, безаглядна змяншаюць узровень небяспекі і ўласныя магчымасці. У дзевяці выпадках з дзесяці дзіця, як сведчыць статыстыка, проста не заўважыла аўтамабіль, які на яго імчаўся.
Прадугледзець усё гэта – задача дарослых людзей, у прыватнасці, ва-дзіцеляў. Менавіта яны павінны своечасова папярэдзіць, прадухіліць і нават разгадаць намер дзіцяці, прыняўшы неабходныя меры перасцярогі.
Вось чаму такім недаравальным, злачынным бачыцца выпадак, які адбыўся на пешаходным пераходзе каля СШ №4. Перш чым праехаць на чырвонае святло ці сесці за руль нецвярозым, задумайся, вадзіцель: а раптам побач дзіця – гэткае ж дарагое некаму, як табе – твае ўласныя дзеці.
Сяргей ПАХОЛАК, следчы па асабліва важных справах раённага аддзела Следчага камітэта.