Происшествия
ПОШУК ДЗЯЦЕЙ НЕ СПЫНЯЕЦЦА
Работа праваахоўных органаў застаецца пад пастаяннай увагай улады. Не так даўно яе аспекты былі разгледжаны сесіяй раённага Савета дэпутатаў, а таксама на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Сёлета было адзначана прыкметнае зніжэнне злачыннасці – на 20 працэнтаў менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Разам з тым, назіраецца рост колькасці правапарушэнняў сярод падлеткаў. Што стала таму прычынай? З гэтага пытання пачалася размова з пракурорам раёна Віктарам САВІЧАМ.
— Аналіз злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, сведчыць, што ў большасці выпадкаў гэта – крадзяжы. Перадумова іх – даступнасць рэчаў, на якія звычайна спакушаецца дзетвара – мабільнікі, грошы, іншыя асабістыя рэчы сяброў і нават настаўнікаў. Хіба здзіўляемся мы адкрытым радзявальням і гардэробам у школах, пакінутым без нагляду сумачкам? Думаю, у кожнай навучальнай установе зусім нескладана кардынальна змяніць падыход да гэтай справы. Са свайго боку праваахоўнікі таксама ідуць на дапамогу настаўнікам. Апошнім часам у пракуратуры пракутыкуем выклік на размовы бацькоў з так званых нядобранадзейных сем’яў. Статыстыка сведчыць, што менавіта іх дзеці – патэнцыяльныя парушальнікі спакою грамадаства. Як не дзіўна, многія з дарослых проста не ведаюць, што за грэбаванне нормамі выхавання сваіх сыноў і дачок ім пагражае не толькі адміністрацыйны штраф, але і пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Нярэдка такія размовы даюць свой плён. Вядома ж, адмоўна адбіваецца на сітуацыі магчымасць падлеткам бескантрольна гуляць у вячэрні час. Мы пабывалі на дыскатэках у Лунінцы і ў адзін толькі вечар выявілі там траіх непаўналетніх у стане алкагольнага ап’янення. Дык гэта тыя, чый стан беспамылкова можна было вызначыць ад аднаго пагляду. А колькі такіх, хто перад дыскатэкай злёгку «падагрэў” сябе півам? Падобныя рэйды будуць праводзіцца рэгулярна, прычым, не толькі ў Лунінцы, але і ў Мікашэвічах і вёсках раёна. Увага да падлеткаў стане яшчэ больш пільнай. Спадзяемся на разуменне і ўзмоцнены кантроль да дзяцей з боку бацькоў. Тым больш, што не за гарамі летнія канікулы. Усім разам нам трэба думаць, дзе і як заняць нашых дзяцей, знайсці годнае і разумнае прымяненне іх фантазіям і энтузіязму.
— Віктар Васільевіч, пры відавочным змяншэнні колькасці выпадкаў прычынення цяжкіх цялесных пакалечанняў, разбояў, гвалтавання і проста хуліганстваў нельга не звярнуць увагу на некалькі нахабных злачынстваў, якія ўскалыхнулі Лунінец і далі падставу гараджанам гаварыць, што ў начны час хадзіць па вуліцах горада небяспечна. Ці раскрыта начное рабаўніцтва каля дома па вуліцы Лісовіча,8?
— Увогуле колькасць падобных парушэнняў спакою грамадства ў параўнанні з леташнім таксама зменшылася. Сёлета такіх зарэгістравана 3. На жаль, абставіны і характар іх учынення пакуль не дазволілі праваахоўнікам устанавіць злачынцаў. Застаецца нераскрытым і рабаўніцтва, якое адбылося 30 красавіка ў 4 гадзіны раніцы каля пад’езда дома №8 па вуліцы Лісовіча, калі двое невядомых, пагражаючы маладой жанчыне, завалодалі сумачкай, дзе былі 2 мабільныя тэлефоны, грошы і некаторыя іншыя асабістыя рэчы. Гэтыя злачынствы крыху выбіваюцца з агульнага раду. Часцей сустракаюцца нахабствы, калі на чужыя рэчы квапяцца нядаўнія «сябры”пасля сумеснага распіцця чарговай бутэлькі. П’янкі ўвогуле нярэдка становяцца своеасаблівым індыкатарам узмацнення агрэсіі. Дастаткова сказаць, што кожнае чацвёртае злачынства ўчынена людзьмі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Абцяжарваючай умовай усіх трох забойстваў, учыненых сёлета, таксама з’яўляецца гарэлка. У тым ліку і ў апошнім выпадку, які адбыўся ў Мікашэвічах. У пачатку мая жанчына ў ходзе спрэчкі з былым мужам (да гэтага яны разам адзначалі за бутэлькай свята) ударыла яго нажом. 48-гадовы мужчына памёр да прыезду «хуткай дапамогі”. Варта сказаць, што падобныя інцыдэнты нярэдка здараюцца ў сем’ях, дзе муж і жонка скасавалі шлюб, але працягваюць жыць пад адным дахам. Штуршком для агрэсіі там становяцца самыя нязначныя непаразуменні. Патэнцыяльныя ахвяры – жанчыны. Але ж і яны, здараецца, хапаюцца за нажы, каб даказаць сваю «незалежнасць і самадастатковасць”.
— Як ідзе расследаванне знікнення дзяцей з Цны?
— Па факту прапажы другакласнікаў Цнянскай школы Уладзіслава Якубовіча і Дзмітрыя Калянковіча ўзбуджана крымінальная справа. Яе расследаваннем займаецца Упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама. Работа па асноўных накірунках не спыняецца. Сярод версій – магчымасць таго, што дзеці патанулі ў рацэ; знаходзяцца ў такіх умовах, што не могуць пра сябе паведаміць; сталі ахвярамі злачынных дзеянняў невядомых асоб. Варта сказаць, што кола пошукаў дзяцей не абмяжоўваецца пазначанымі версіямі. На жаль, дагэтуль нельга пэўна сказаць, жывыя хлопчыкі ці не. Аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, паўтараю, не спыняюцца. Па зразумелых прычынах, яны не афішыруюцца, але пэўна магу сказаць, што дасканала адпрацоўваецца любая інфармацыя, усё, што можа дапамагчы ў пошуку хлопчыкаў. Зараз наступіў сезон актыўнага палявання і рыбалоўства. Звяртаемся да аматараў такога адпачынку быць асабліва ўважлівымі на рэках Цна і Прыпяць. Магчыма, ім трапяць на вочы сведчанні знаходжання ў гэтых мясцінах прапаўшых дзяцей. Па-ранейшаму разлічваем на дапамогу ўсіх, хто валодае якой бы то ні было інфармацыяй, звязанай са знікненнем Улада і Дзімы.
Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.