ПРАФЕСІЙНАЯ АХОВА ШЧАСЦЯ
Найбольш распаўсюджаным відам злачынства па-ранейшаму
з’яўляецца крадзеж. Як абараніць сябе і сваю маёмасць ад злачынных
пасягальніцтваў? Лепшы спосаб зрабіць жыллё бяспечным – устанавіць ахоўную
сігналізацыю. Менавіта гэта раіць рабіць начальнік Лунінецкага аддзела
Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Анатоль БУНЕВІЧ:
– Дзякуючы прымаемым мерам нашых супрацоўнікаў сёлета на
ахоўваемых аб’ектах (іх у нас – 240, яшчэ 418 – памяшканні з асабістай маёмасцю
грамадзян: кватэры, дамы і гаражы) не было зарэгістравана крадзяжоў і нават іх
спроб.
Акрамя ахоўнай дзейнасці, сочым за грамадскім парадкам у
зонах пастоў і маршрутаў патрулявання, забяспечваем кантроль за ўкараненнем і
эксплуатацыяй сродкаў і сістэм аховы, выкананнем юрыдычнымі асобамі ліцэнзійных
патрабаванняў у сферы ахоўнай дзейнасці.
Калектыў аддзела складае 182 чалавекі. Вартавыя нясуць
службу на ўсіх буйных аб’ектах Лунінца і Мікашэвіч. Адказнасць і прафесіяналізм
– адметнасць нашых работнікаў. За 7 месяцаў супрацоўнікі аддзела прынялі ўдзел
у раскрыцці 12 злачынстваў, выяўлена 301 адміністрацыйнае парушэнне, а таксама
6 фактаў незаконнага абароту спіртаўтрымліваючай вадкасці. Актыўнасць праявілі
міліцыянеры-кінолагі Леанід Кавалевіч, Віктар Лабко і іх чацвёраногія памочнікі
службова-вышуковыя сабакі Берта і Ева.
– Калі хтосьці марыць аб прафесіі, звязанай з абаронай
правапарадку, інтарэсаў дзяржавы і грамадзян, ці могуць яны разлічваць на тое,
каб трапіць на службу ў ваш аддзел?
– На сяржанцкія і афіцэрскія пасады запрашаюцца мужчыны
ва ўзросце да 25 год, якія маюць сярэднюю, сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую
адукацыю і прайшоўшыя тэрміновую службу ва Узброеных Сілах, а таксама годныя па
стану здароўя. Асобнае патрабаванне — не мець канфліктаў з законам.
– Вядома, што за ахову трэба плаціць. Насколькі гэта
зараз дорага?
– Па стану на сённяшні дзень кошт аховы кватэры, аднаго
паверха жылога дома, гаража складае 30 тысяч рублёў у месяц, з дапамогай
тэхнічных сродкаў – 2312 рублёў за гадзіну. Хачу выказаць словы ўдзячнасці
кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, якія разумеюць неабходнасць
забеспячэння надзейнай аховы маёмасці і падтрымліваюць адносіны з аддзелам
аховы.
– Ці значыць, што патраціўшы грошы аднойчы на набыццё
ахоўнага абсталявання, яно стане ўласнасцю, якая не патрабуе дадатковага
догляду і капіталаўкладанняў?
– Так. Пасля давядзецца плаціць толькі штомесячную
абаненцкую плату, і тады
каля вашай кватэры, дома ці гаража заўсёды будзе гарэць
маленькі чырвоны агенчык. У большасці выпадкаў яго наяўнасць гаворыць аб тым,
што лёгкай нажывы для злачынцаў у гэтай кватэры не будзе: усяго некалькі хвілін
– і мы каля вашага парога!
У цяперашні час на ўзбраенні аддзела аховы – усе сучасныя
сродкі, у тым ліку і абсталяванне, якое працуе па аптычных каналах тэлефоннай
сувязі, радыёканала і GSM-сувязі. Абсталяванне кватэры ці дома выконваецца ў
самы кароткі і зручны для вас час, ёсць магчымасць скарыстацца растэрміноўкай
плацяжу на тры месяцы. Мы не працуем «па старынцы”. І вам не трэба тэлефанаваць
на пульт. Лёгкім рухам рукі вы заўсёды забяспечыце сабе прафесійную ахову
вашага шчасця. Шчасце жыве дома, беражыце яго.
Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ.