Происшествия
ПРЫНАДА ДЛЯ ЗЛОДЗЕЯ
Нярэдка ёю становяцца пакінутыя без нагляду асабістыя рэчы. Паверце, міма іх злодзей не пройдзе ніколі…
Дзіцячы садок па вуліцы Чарняхоўскага ў Лунінцы былой яго работніцы С. быў добра вядомы. А таму не склала цяжкасці трапіць у службовыя памяшканні. На няшчасце, гаспадыня аднаго з пакояў пакінула яго адкрытым. На бачным месцы стаяла дамская сумачка… Кашалёк, у якім акрамя грошай былі тры залатыя пярсцёнкі, набор касметыкі, банкаўскія карткі і іншая характэрная для жаночай сумачкі дробязь, стала лёгкай здабычай зладзюжкі.
Калі затрымалі, С. не стала адмаўляць учыненае, спаслалася на тое, што была ў стане алкагольнага ап’янення, хуценька вярнула доўг і перад судом паўстала ў выглядзе глыбока раскайваючайся асобы. Суд улічыў тое, што да адказнасці жанчына прыцягвалася ўпершыню, мае на ўтрыманні дваіх непаўналетніх дзяцей, раскайваецца ва ўчыненым, а таму прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе штрафу ў 1 мільён 225 тысяч рублёў. Каб забяспечыцьабавязковае выкананне рашэння суда, на некаторую маёмасць абвінавачваемай – халадзільнік і тэлевізар – быў накладзены арышт.
Здавалася б, зладзюжка атрымала па заслугах і не стане больш рызыкаваць уласнай рэпутацый, маёмасцю і, урэшце, свабодай, бо за паўторнае злачынства пакаранне можа быць куды больш жорсткім. Не тут было! Не прайшло і месяца, як у адным з кабінетаў адміністрацыйнага будынка Мікашэвіцкага ЖКГ, куды зайшла, можна сказаць, выпадкова, яна ўбачыла на стале скураную дамскую сумку. Рукі самі пацягнуліся да здабычы, якая на гэты раз была куды больш важкай – агульны кошт украдзенага склаў 1 мільён 242 тысячы рублёў. Пацярпелая пераконвала, што адсутнічала ў кабінеце ўсяго 5 хвілін, але для злодзея дастаткова і значна менш часу, каб пакараць чалавека за безагляднасць.
Што датычыць суда, то яго вердыкт на гэты раз быў больш строгім – 2 гады абмежавання волі. Акрамя таго, злачынцы давялося выплаціць маральны ўрон, ацэнены ў 500 000 рублёў. Само сабой, давялося вярнуць украдзенае.
Ледзь рашэнне суда ўступіла ў законную сілу, як у міліцыю трапіла новая заява аб крадзяжы па знаёмаму сцэнарыю. У верасні 2011 года сярод белага дня з пакоя дзіцяча сада «Чабурашка” ў Мікашэвічах знікла дамская сумка. Кошт украдзенага склаў амаль 630 тысяч рублёў. Зразумела, што расчыненыя насцеж дзверы кабінета зноў былі на руку зладзюжцы…
Праваахоўнікі хутка «вылічылі” і затрымалі падазраваемую, якая, не тоячыся, з сябрам «рэалізоўвала” ўкрадзенае шляхам сумесных папоек.
21 кастрычніка справу накіравалі ў суд. Яшчэ не адбылося судовае паседжанне, а С. зноў заявіла пра сябе чарговым крадзяжом! У СШ №2 г. Мікашэвічы з аднаго з кабінетаў яна вынесла пакінутую без нагляду дамскую сумку…
Каб не выпрабоўваць лёс і людское цярпенне, аматарку да чужога дабра змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У бліжэйшы час вырашыцца далейшая мера стрымання для С. Што ж да расплаты за ўчыненае, то на гэты раз максімальна пагражае ёй пазбаўленне волі тэрмінам да 4 год.
Здавалася б, кропкі над «і” расстаўлены. Аднак упэўненасці ў тым, што заўтра аналагічнае злачынства не паявіцца ў крымінальнай зводцы, няма. Дастакова зайсці ў любую ўстанову ці арганізацыю, як знойдзеш там нямала расчыненых насцеж кабінетаў, пакінутых без нагляду дамскіх сумак, якія цярпліва чакаюць, пакуль чарговы «джэнтэльмен удачы” зверне на іх сваю ўвагу.
Акрамя таго, вынесці можна не толькі ўласныя рэчы нядбайных гаспадароў, а і дзяржаўную маёмасць, службовыя дакументы. У кожнай з устаноў адукацыі па патрабаванню пракуратуры выдадзены адпаведныя загады аб адказнасці за захаванне маёмасці, аднак маюць яны, па ўсім бачна, фармальны характар. За выкананне дакумента ніхто адказнасці не нясе.
Але ж можа стацца, што злавіць за руку злодзея па гарачых слядах не атрымаецца, а значыць, і вяртанне ўкрадзенага апынецца пад вялікім пытаннем.
Віктар САВІЧ, пракурор раёна.