Прынцып верхавенства закона
Происшествия

Прынцып верхавенства закона

карлюк

Прынцып верхавенства закона  падрывае карупцыя — сацыяльна-небяспечная з’ява, якая садзейнічае пранікненню арганізаванай злачыннасці ў дзейнасць дзяржаўных інстытутаў, нараджае недавер насельнітва да ўлады, аказвае дэстабілізуючы ўплыў на ўсе сферы грамадства і асобы, істотна затармажвае сацяльна-эканамічнае пераўтварэнне.

Менавіта таму лічу барацьбу з карупцыяй прыярытэтным накірункам у сваёй рабоце. Намаганні калектыву пракуратуры, у першую чаргу, сканцэнтраваны на прафілактыцы карупцыйных правапарушэнняў, выяўленні прычын і ўмоў іх распаўсюджвання. Як вядома, іх высвятленнем, спыненнем і раскрыццём займаецца адпаведны аддзел РАУС. Яго супрацоўнікі ўважліва сочаць за правамернасцю дзеянняў у фінансава-крэдытнай сферы, аграпрамысловым, паліўна-энергетычным і будаўнічым комплексах, на транспарце, у лясной гаспадарцы, сістэме аховы здароўя і адукацыі, знешнеэканамічнай дзейнасці, прыватызацыі і раздзяржаўленні ўласнасці. Разам з тым, вынікі пракурорскага нагляду сведчаць, што гэтая работа не заўсёды ў поўнай меры адпавядае прад’яўленым патрабаванням.

За 2015 год выяўлены 6 карупцыйных злачынстваў, з іх за атрыманне хабару — 2, за перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў — таксама 2. З названай катэгорыі правапарушэнняў, на жаль, толькі адзінкі завяршыліся, дзякуючы намаганням супрацоўнікаў АБЭП. Большасць іх выкрылі прадстаўнікі ўпраўлення па раскрыццю цяжкіх эканамічных злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама, а таксама выяўлены па матэрыялах праверак кантралюючых органаў.

Між тым, узаемадзеянне РАУС з пракуратурай раёна дае станоўчы плён. Так, праведзены сумесныя разбіральніцтвы ў ААТ “Палессеэлектрамаш”, “Спецжалезабетон”, “Лунінецкі райаграсервіс”, СВК “Дзятлавіцкі” і “Азярніца”, КУП “Міжлескае”, аддзелах райвыканкама: адукацыі, спорту і турызму, а таксама ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, ветэрынарнай станцыі, РМЗ і іншых. Практычна на ўсіх аб’ектах выявілі правапарушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства. Асобы на пасадах прыцягнуты да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці. Узбуджаны шэраг крымінальных спраў.

Трэба заўважыць, што 24 сту-дзеня 2016 года ўступіў у сілу новы Закон Рэспублікі Беларусь ад 15.07.2015 г. №305-3 “Аб барацьбе з карупцыяй”. Гэтым нарматыўным актам зменены пералік абмежаванняў, якія распаўсюджваюцца на дзяржаўных афіцыйных і прыроўненых да іх асоб. У прыватнасці, ім забараняецца прымаць падарункі, за выключэннем сувеніраў, уручаемых пры правядзенні пратакольных мерапрыемстваў. Нельга ажыццяўляць паездкі за кошт фізічных ці юрыдычных асоб, адносіны з якімі ўваходзяць у пытанні службовай (працоўнай) дзейнасці. Праўда, тут ёсць пэўныя нюансы. Сюды не ўваходзяць службовыя камандзіроўкі, паездкі па запрашэнню мужа (жонкі), блізкіх родзічаў; тых, што ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі ці па дамоўленасці паміж дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь і замежнымі краінамі; атрыманых са згоды вышэйстаячай афіцыйнай асобы ці калегіяльнага органа ўпраўлення для ўдзелу ў міжнародных і замежных навуковых, спартыўных, творчых і іншых мерапрыемствах за кошт сродкаў грамадскіх аб’яднанняў (фондаў), у тым ліку паездак, ажыццяўляемых у рамках статутнай дзейнасці такіх грамадскіх аб’яднанняў (фондаў) і за кошт замежных партнёраў. У пазаслужбовых мэтах забараняецца выкарыстоўваць сродкі фінансавага, матэрыяльна-тэхнічнага і інфармацыйнага забеспячэння, іншую маёмасць дзяржаўнага органа, арганізацыі і інфармацыю, распаўсюджванне і (ці) прадастаўленне якой абмежавана, атрыманыя пры выкананні службовых (працоўных) абавязкаў.

Больш таго, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №45 ад 22.01.2016 г. зацверджана Палажэнне аб парадку здачы, уліку, захоўвання, ацэнкі і рэалізацыі маёмасці, у тым ліку падарункаў. Згодна з ім, дзяржаўная ці прыроўненая да яе асоба на пасадзе абавязана ў пісьмовай заяве паведаміць дзяржорган (іншую арганізацыю) пра ўсе выпадкі атрымання маёмасці з парушэннем парадку, устаноўленага заканадаўчымі актамі, і на бязвыплатнай аснове здаваць яе па месцы работы.

Новым законам таксама канкрэтызавана яшчэ адна норма. Дзяржаўныя служачыя, супрацоўнікі Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, ваеннаслужачыя, асобы радавога і начальніцкага саставу органаў унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, фінансавых расследаванняў КДК, а таксама кіраўнікі, іх намеснікі і галоўныя бухгалтары дзяржаўных арганізацый і арганізацый, у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў доляў (акцый) знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы і (ці) яе адміністрацыйных адзінак, не маюць права выконваць іншую аплачваемую работу, не звязаную з выкананнем службовых (працоўных) абавязкаў па месцы асноўнай службы (работы). Праўда, сюды не ўваходзяць педагагічная (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм), навуковая, культурная і творчая дзейнасці, медыцынская практыка.

Паявіліся абмежаванні па сумеснай службе мужа і жонкі, блізкіх родзічаў ці сваякоў. Датычаць яны таксама Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, ваеннаслужачых, асоб радавога і начальніцкага саставу органаў унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, фінансавых расследаванняў КДК. Іх прадстаўнікам забараняецца сумесная работа ў адной і той жа дзяржаўнай арганізацыі на пасадах кіраўніка, галоўнага бухгалтара, іх намеснікаў і касіраў. А вось табу па знешняму сумяшчальніцтву для тых, хто ажыццяўляе юрыдычна значымыя дзеянні, якія не цягнуць істотных наступстваў (начальнікі падраздзяленняў, службаў, аддзелаў, цэхаў, лабараторый на розных прадпрыемствах), адменена.

Яшчэ адзін важны аспект новаўвядзенняў датычыць патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да прэтэндэнтаў на кіруючыя пасады. На іх не могуць разлічваць асобы, звольненыя па дыскрэдытуючых абставінах. Прычым, калі чалавек страціў работу па гэтай прычыне, то пра яе будзе толькі марыць, па меншай меры, бліжэйшыя 5 год. Зрэшты, як і нельга прыняць тых, хто раней учыніў цяжкае і асабліва цяжкае злачынства супраць інтарэсаў дзяржаўнай службы ці звязанае з выкарыстаннем сваіх паўнамоцтваў. Дарэчы, пенсія за выслугу гадоў такім людзям не назначаецца. Больш таго, чыноўнікаў пазбавяць маёмасці, кошт якой на 25 працэнтаў і больш перавышае іх законны даход.

Урэшце, ад кожнага з нас, незалежна ад пасады і сферы дзейнасці, залежыць, ці здолеем выкараніць такую праяву, як карупцыя. Упэўнены, толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам паставіць непераадольны бар’ер для яе.

Аляксандр КАРЛЮК,
пракурор Лунінецкага раёна



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть