Прысвяціць сябе людзям
Ёсць асаблівая катэгорыя людзей, якія ставяць інтарэсы іншых вышэй за асабістыя. Толькі яны могуць быць выратавальнікамі, бо з іншымі поглядамі на жыццё тут працаваць немагчыма.
Нехта пазайздросціць іх «лёгкай» рабоце – не трэба арудаваць рыдлёўкай ці трымаць у руках цяжкі молат, не даводзіцца гнуцца каля станка ў шуме і спякоце. Але той зайздроснік наўрад ці захоча ісці ў гарачае полымя дзеля выратавання незнаёмых людзей і чужой маёмасці.
Днём і ноччу на варце спакою стаяць людзі, гатовыя ў любы момант рызыкаваць сваім жыццём і здароўем.
Дзмітрый КОТ чацвёрты год працуе вадзіцелем у Лунінецкім РАНС. Да гэтага былі сярэдняя школа ў Міжлессі і армейская служба ў пагранічных войсках. Клопат пра абарону знешніх рубяжоў юнак успрымаў з гонарам. З вяртаннем да цывільнага жыцця паўстала пытанне пра далейшае працаўладкаванне. Пасля нядоўгіх роздумаў і пошукаў свайго месца ў паўсядзённасці прыйшоў да высновы, што няма справы важнейшай, чым быць выратавальнікам.
Кіруючы аўтамабілем, які імчыцца па горадзе на максімальнай хуткасці з уключанай сігналізацыяй, малады чалавек добра разумее: толькі ад яго правільных дзеянняў залежыць нечае жыццё і кожны момант можа стаць крытычным. Як балюча ўспрымаць, калі дапамагчы ўжо немагчыма, і якая радасць перапаўняе сэрца, калі ўдаецца пазбегнуць страшных наступстваў.
У Дзмітрыя цудоўная сям’я. Жонка Алена і пяцігадовы сын Давід з нецярплівасцю чакаюць свайго роднага выратавальніка дадому. І няхай часам трывожна адпускаць мужа і тату на дзяжурства, у душы жыве гонар за яго адданасць пачэснай справе. Яшчэ даводзілася не раз чуць ад агульных знаёмых пра дабрыню і тактоўнасць хлопца не толькі на рабоце. А інакш, напэўна, і не можа быць.
Незалежна ад часу сутак у наша жыццё ўрываюцца гукі трывожных сірэн. Недзе здарылася бяда, патрабуецца самая тэрміновая дапамога. І ўсе мы шчыра спа-дзяемся, што выратавальнікі зробяць усё магчымае – бу-дзе менш матэрыяльных страт і абавязкова абыдзецца без чалавечых ахвяр. Таму што дзеля гэтага старанна нясуць службу супрацоўнікі МНС.