Происшествия

«Рамантыкі ў рабоце следчага мала…»

Начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Андрэй ЛУКАШЭВІЧ ведае гэта дакладна, бо яшчэ да ўтварэння структуры, якую сёння ўзначальвае, паспеў папрацаваць следчым у міжрайпракуратуры. Набытыя навыкі спатрэбіліся праз шмат год. Праўда, прымяняць іх кіраўніку аддзела зараз даводзіцца часцей для таго, каб кантраляваць прафесійнае і своечасовае раскрыццё падначаленымі складаных крымінальных спраў. А іх летась было 805 – на 50 больш, чым у папярэднім годзе. Нагрузка на 16 следчых, што і казаць, сур’ёзная. Як справіліся з ёй?

– З гэтай колькасці закончаны вытворчасцю 353 справы, перада-дзены пракурору для накіравання ў суд – 297. Прычынай змяншэння закончаных вытворчасцю спраў з’яўляецца нізкая раскрывальнасць па лініі крымінальнага вышуку. Што датычыць матэрыялаў, якія паступілі ў аддзел, то асноўная іх маса была разгледжана на працягу трох сутак, прыкладна чвэрць – на працягу 10-ці. Астатнія знаходзіліся ў раённым аддзеле Следчага Камітэта (РАСК) ад 10 сутак да 1 месяца і больш. Прычына – неабходнасць правядзення дадатковых праверачных дзеянняў і экспертыз для прыняцця аб’ектыўных працэсуальных рашэнняў. У пэўным сэнсе паўплывала на сітуацыю і тое, што якасць паступіўшых матэрыялаў з раённага аддзела ўнутраных спраў не заўсёды адпавядала патрабаванням. Ды і факты парушэння ўстаноўленых тэрмінаў дагэтуль нярэдкія. Даводзілася назначаць дадатковую праверку, для чаго матэрыялы вярталіся ў орган дазнання. Іншы раз не было пераканаўчых падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы, а ў чатырох выпадках наогул адсутнічаў састаў злачынства. У той жа час выпадкаў, у якіх пракурор прымаў рашэнне аб вяртанні матэрыялаў у раённы аддзел Следчага Камітэта не было.

– Ці значыць гэта, што сур’ёзных прэтэнзій да работы следчых няма?

– Вельмі ўмоўна. Справа ў тым, што сярод злачынстваў, і гэта ад-значалася не раз, пераважаюць крадзяжы – прыкладна палова ад агульнай колькасці. У асноўным – дробныя, яны вельмі псуюць статыстыку, бо раскрываюцца марудна і цяжка. Працэнт іх раскрывальнасці крыху большы за 30. Да таго ж, засталіся нераскрытымі два разбойныя нападзенні ў Сасноўцы і Мікашэвічах. Пра першае ў сродках масавай інфармацыі пісалі шмат. Што датычыць другога, то яно таксама аднесена да разраду асабліва цяжкіх. Жанчына адчыніла дзверы ў кватэру, не зірнуўшы ў дзвярное вочка і паверыўшы запэўніванню, што за дзвярамі – брат. У пакой уварваліся злачынцы ў масках, звязалі гаспадыню, забралі ўпрыгожанні і грошы. Устанавіць нахабнікаў пакуль не ўдалося. Увогуле, варта адзначыць павелічэнне колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Так што, рамантыкі ў рабоце следчых мала.

– Гараджане памятаюць і жудаснае забойства маладой жанчыны ў Лунінцы…

– Так. Нягледзячы на тое, што ўсе матэрыялы па гэтаму злачынству былі перададзены ў абласное ўпраўленне, на першапачатковым этапе выяўленне і замацаванне даказальнай базы лягло на плечы аператыўнікаў з РАУС і следчых  нашага аддзела. Былі сабраны неабвержныя факты, якія дазволілі ў самы кароткі тэрмін затрымаць падазраваемых, а пазней і  даказаць іх віну. Увогуле, не толькі ў дачыненні да гэтага, але і 9 іншых жудасных злачынстваў, вынікам якіх стала нанясенне цяжкіх цялесных пакалечанняў, варта адзначыць у якасці абцяжарваючай абставіны алкаголь. Усе фігуранты такіх спраў, як правіла, вядуць лад жыцця далёкі ад нармальнага, разам распіваюць спіртное. У адзін з момантаў у п’яным тлуме ўспыхвае канфлікт, вынікам якога становіцца трагедыя. Прычым, на наступны дзень яны і самі не могуць успомніць, як усё адбылося, вінавацяць гарэлку, аднак павярнуць развіццё падзей назад ужо нельга.

– У справе аб забойстве фігурыравалі і наркотыкі…

– На жаль, цяпер гэтая атрута спаборнічае з алкаголем у тым, што больш шкоды прынясе чалавец-тву. Але і праваахоўнікі не стаяць на месцы. Трэба сказаць, што зараз працэсуальныя дзеянні ў справах, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропаў, не прымушаюць сябе доўга чакаць. Варта затрымаць падазраваемага, як тут жа назначаецца экспертыза і на працягу сутак узбуджаецца крымінальная справа. У выпадку, калі  чалавек адмаўляецца назваць крыніцу, дзе набыў атруту, разглядаецца пытанне аб заключэнні пад варту. Дарэчы, гэтая мера стрымання сёння не такая і рэдкая. Летась з больш як 300 абвінавачваемых 53 – змяшчаліся ў следчы ізалятар. Прычым, не толькі за справы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Хаця, калі ўдаецца ўстанавіць факт збыту, практычна адразу прымаюцца меры для таго, каб ізаляваць такіх людзей ад грамадства. Ды і пакаранне ім пагражае дастаткова строгае – да 13 год пазбаўлення волі. Максімальнае летась было 12 год  у калоніі – столькі атрымаў адзін з жыхароў Мікашэвіч.  Думаеце, такая перспектыва палохае іншых? Параўнаўча нядаўна за незаконны з мэтай збыту выраб і захоўванне псіхатропаў затрымалі яшчэ дваіх. Хутка справа будзе накіравана ў суд. Самае крыўднае, што ў ролі злачынцаў выступаюць маладыя людзі, якія не разумеюць ці ў пагоні за нажывай не хочуць разумець, што рэакцыя ў чалавека на псіхатропныя рэчывы жудасная: гэта прывыканне пасля аднаразовага ўжывання, а пасля – стойкая дэградацыя асобы.

– Андрэй Аляксандравіч, як правіла, асаблівы рэзананс у грамадстве выклікаюць карупцыйныя справы. Летась якія былі найбольш гучнымі?

– Можна ўспомніць крымінальныя справы ў адносінах да былога дырэктара і яго намесніка на ААТ “Палессеэлектрамаш”, галоўных бухгалтараў аддзела адукацыі і полі-тэхнічнага каледжа,  узбуджаныя за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі… Не пастаўлена канчатковая кропка ў расследаванні злоўжыванняў у Мікашэвіцкім ЦДТ. Зусім нядаўна па факту атрымання хабару ў поле зроку праваахоўнікаў трапіла в.а. загадчыцы ветлабараторыі на Лунінецкім рынку. За крадзеж тавара-матэрыяльных каштоўнасцей узбуджана крымінальная справа ў адносінах да аднаго з ляснічых лясгаса. Ён, праўда, хаваецца ад вартавых правапарадку, але яго затрыманне – справа часу.

– На што сёння скіраваны асаблівыя намаганні вашых падначаленых?

– Вядома ж, на якасную састаўляючую нашай работы, немалаважную ролю ў якой адыгрывае працэнт раскрывальнасці злачынстваў, а таксама на іх прафілактыку. Летась следчымі аддзела ўнесена 302 прадстаўленні аб ухіленні парушэнняў закона, прычын і ўмоў, якія са-дзейнічалі ўчыненню злачынстваў. Па выніках іх разгляду да адказнасці прыцягнуты 60 асоб на пасадах. Улічваючы тое, што сёлетні год у нашай сферы аб’яўлены годам абароны правоў спажыўцоў, асаблівая ўвага ўдзяляецца вяртанню матэрыяльнага ўрону, нанесенага ў выніку злачынстваў супраць маёмасці. Дарэчы, па выніках мінулага года гэты паказчык на Лунінеччыне быў нядрэнным – амаль 90 працэнтаў, у той час як у сярэднім па вобласці – прыкладна 50. Па-ранейшаму будзем звяртаць увагу на работу са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Летась такіх было 41. Усе яны разгледжаны ў вызначаны законам тэрмін. Першаступеннае значэнне ў нашай рабоце мае ўважлівае стаўленне да людзей, якія не проста спадзяюцца на нашу дапамогу, а вераць, што абавязкова яе атрымаюць. Будзем старацца гэтую веру не пахіснуць.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть