РЭАЛІІ ТЫДНЯ
Прафілактычная работа з насельніцтвам – важны фактар, які спрыяе памяншэнню колькасці няшчасных выпадкаў на пажарах. Не адыходзячы ад прапагандысцкай традыцыі, супрацоўнікі РАНС наведалі жыхароў Запросся.
У мясцовым сельскім Доме культуры сабраліся не толькі вяскоўцы, але і прадстаўнікі розных устаноў і арганізацый раёна. Мерапрыемства, што адбылося па ініцыятыве Мікашэвіцкага гарадскога выканаўчага камітэта, дазволіла пазнаёміць прысутных з асноўнымі правіламі супрацьпажарнай бяспекі. Відэафільм з адпаведнай тэматыкай, прадэманстраваны старшым інспектарам ГПіН Генадзем Кулешам, мовай фактаў і фотаздымкаў расказаў аб наступствах вогненай стыхіі. Асноўныя прычыны ўзгаранняў яшчэ раз нагадаў інспектар дзяржпажарнагляду Ігар Герман.
Звяртаючыся да аматараў палявання, хочацца адзначыць: збіраючыся ў чарговы “паход” за жаданымі трафеямі, задумайцеся – ці маеце вы права карыстацца ўласнай зброяй і чым можа абярнуцца яе незаконнае захоўванне?
Сёння праверкай наяўнасці адпаведных дакументаў на “галоўны атрыбут паляўнічага” займаюцца прадстаўнікі РАУС. Работнікамі праваахоўных органаў адпрацавана 193 уладальнікі, канфіскавана 3 адзінкі нелегальнай агнястрэльнай зброі. Варта нагадаць, што адсутнасць неабходнага для захоўвання дазволу прадугледжвае штраф у памеры ад 10 да 35 базавых велічынь, а паўторнае парушэнне пагражае крымінальнай адказнасцю. Таму звярніце ўвагу на падобныя папярэджанні, каб не стаць здабычай уласнай нядбайнасці.
24 лютага ў раёне пройдзе Дзень цвярозасці.