Происшествия
САМАЗАЦВЯРДЖЭННЕ
«Табе нічога за гэта не будзе, ты ж – непаўналетні”, – абнадзейвалі сябры Аляксея Дзмітровіча (імя і прозвішча зменены – рэд.), калі той «чысціў” аўтамабілі, пакінутыя гаспадарамі ў дварах. Злачынства раскрылі па гарачых слядах, і юнак прадстаў перад судом.
У школе асаблівых зорак у плане навучання не хапаў, але сярод аднакласнікаў быў сапраўдным лідарам. Да яго думкі прыслухоўваліся, каб паважалі яшчэ больш, стаў сябраваць з тымі, хто, як кажуць, быў у «аўтарытэце”. Гэта не вельмі падабалася маці. Яна падазравала, што сын змяніўся, стаў менш расказваць дзе і з кім праводзіць вольны час. Гуляць па вечарах у час вучобы бацькі не дазвалялі. І ўсё ж, Аляксей знайшоў «лазейку”.
Вечарам, пажадаўшы ўсім «добрай ночы”, пайшоў у свой пакой. А калі ў доме ўсе ляглі спаць, юнак паціху адчыніў акно і адправіўся на дыскатэку ў кінатэатр «Кастрычнік”. Тут сустрэў прыяцеляў, з якімі і правёў вечар. Пасля начных забаў у «Батыскафе” не вельмі хацелася спаць. Спачатку з кампаніяй вырашыў праводзіць дадому дзяўчыну, што жыла на вуліцы Будаўнікоў. Непадалёк ад яе дома на неахоўваемай стаянцы ў поле зроку маладых людзей трапілі аўтамабілі. Кожны выбраў сябе аб’ект і накіраваўся да яго. Аляксей падышоў да таго, што знаходзіўся на неасветленай частцы двара. Абследаваў «ВАЗ-2106” з усіх бакоў і заўважыў, што задняя дзверка не зачынена. Залез у салон, у бардачку знайшоў адвёртку, з дапамогай якой адкруціў дзве аўдыёкалонкі і дынамікі. Між справай прыхапіў аўдыёкабель і шчотку для ачысткі шкла. Усё гэта склаў у рукзак, падышоў да прыяцеляў, якім «не пашанцавала”, і пахваліўся здабычай.
Кампанія накіравалася ў бок вуліцы Чырвонаармейская. Увайшоўшы ў азарт, Аляксей уважліва глядзеў па баках. Тут яго ўвагу прыцягнуў мікрааўтобус «Фальксваген-Транспарцёр”.
– Пачакайце, я хуценька, – і падлетак «нырнуў” у цемру двара.
Дзверка і ў гэтым аўтамабілі аказалася адкрытай, а «улоў” – больш важкім: аўтамагнітола, два партаманеты і сумачка. Усяго на суму 336 тысяч рублёў. Ад некаторых дакументаў, што былі ў адным з партаманетаў, вырашыў пазбавіцца: парваў і выкінуў.
Дамоў вярнуўся таксама праз акно. Рукзак схаваў пад тахту. На наступны дзень «скарб” аднёс знаёмаму, які паабяцаў рэалізаваць здабычу.
Але хуткаі ў дом Дзмітровічаў прыйшлі супрацоўнікі міліцыі…
Апрануты па апошняй модзе малады чалавек, які прадстаў перад судом, зусім не паходзіў на злачынцу. У яго вачах былі жах і раскаянне. Аб падзеях амаль паўгадовай даўніны расказваў, быццам гэта было ўчора. Відавочна, што ён не аднойчы пахвілінна пракручваў у памяці кожны «злачынны” крок. Ён не адмаўляў сваёй віны ва ўчыненым супрацьпраўным дзеянні і запэўніў, што ў далейшым не даставіць родным такога роду непрыемнасцяў.
Маці, якая прысутнічала на судзе, расказала, што ў сына быў час падумаць: ён не толькі спыніў кантакты з «аўтарытэтнай” кампаніяй, але і значна падцягнуўся ў вучобе. Аляксей стаў больш увагі надаваць сям’і, дапамагаць па гаспадарцы, даглядаць малодшага брата…
Суд прыняў да ўвагі ўсе абставіны справы, улічыў, што раней падлетак не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і назначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год.
Хочацца верыць, што ўрок пойдзе на карысць. Хто ведае, ці ўчыніў бы юнак злачынства, калі б у аўтамабілі «ВАЗ-2106” быў спраўны замок, а вадзіцель мікрааўтобуса закрыў транспартнаы сродак? А яшчэ лепш, каб на ўсіх машынах, што знаходзяцца на неахоўваемых стаянках, гаспадары ўстанавілі сігналізацыю. Бо менавіта сваёй абыякавасцю аўтаўладальнікі самі падштурхоўваюць падлеткаў на злачынства.
Алена СІНІЦКАЯ, суддзя.