Происшествия

Шлях у калонію

IMG_2378Па выніках 2014 года Лунінецкі раён утрымлівае сумнае лідарства на Брэстчыне па колькасці дарожна-транспартных здарэнняў. Летась на дарогах рэгіёна загінула ў чатыры разы больш чалавек, чым у 2013-ым. Прыкра, але сярод віноўнікаў ДТЗ сустракаліся і тыя, хто садзіўся за руль у п’яным выглядзе.

Здавалася б, працягам фразы “выпіў, сеў за руль…” павінны стаць словы “хадзі пешшу”. На жаль, зусім не так думаў жыхар Дзятлавіч, грамадзянін X., які стаў фігурантам крымінальнай справы па абвінавачванню адразу ў двух злачынствах — кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення і ўхіленне ад выканання прыгавору суда аб пазбаўленні права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі. Старшыня суда Міхаіл ДЗЕНІСОВІЧ разгледзеў справу на выязным судовым пасяджэнні, якое адбылося ў філіяле “Аўтамабільны парк №10 г. Лунінца”. На жаль, у зале сабралася не так многа вадзіцеляў. Для іх, асноўных удзельнікаў дарожнага руху, было б карысна на свае вочы пераканацца: закон строга ставіцца да тых, хто яго парушае.

Памочнік пракурора Вераніка ПАЛЯЙЧУК паведаміла, дзе і пры якіх абставінах грамадзянін X. учыніў злачынства. Дзятлаўчанін пацвердзіў, што ў кастрычніку 2011 года сеў за руль п’яным і трапіў у поле зроку дзяржаўтаінспектараў. Напэўна, прыгавор — штраф у 250 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на 5 год — малады мужчына палічыў вельмі лёгкім. У верасні 2014-га ён зноў кіраваў сваім аўтамабілем. Ухіленне ад выканання прыгавору пацягнула штраф памерам 10,5 мільёна рублёў, які аўтааматар яшчэ цалкам не выплаціў. Аднак у снежні на адной з вуліц Дзятлавіч парушальніка затрымалі супрацоўнікі мінскага падраздзялення “Страла” — без праў і ў нецвярозым выглядзе. Аўтамабіль адправілі на штрафстаянку, а на вадзіцеля склалі пратакол. З усімі доказамі грамадзянін X. згадзіўся і цалкам прызнаў сваю віну.

Уважліва выслухаўшы абодва бакі ў спрэчках, суддзя даў абвінавачванаму апошняе слова. На жаль, нават у ім раскайвання не было: “Я нікому нічога не зрабіў. Машыну вы ўсё роўна забераце, так што за руль ужо не сяду”. Куды больш хваляваўся за сына бацька, які прысутнічаў на пасяджэнні. Мужчына то паціскаў далоні, то камячыў шапку. Было відаць, як яму непрыемна і сорамна за свайго шалапутнага нашчадка.

Суд прызнаў X. віноўным. Цяпер яму давядзецца правесці адзін год і два месяцы ў калоніі агульнага рэжыму. Ен таксама пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі на працягу 5 год, павінен выплаціць штраф памерам больш як 3 мільёны рублёў. Аўтамабіль канфіскаваны. Па заканадаўству ў асуджанага ёсць 10 сутак, каб абскардзіць прыгавор.

— Увогуле, за 2014 год разгледзелі 10 крымінальных спраў па частцы 2 артыкула 317-1 Кры-мінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, — падвёў вынікі М.В. Дзенісовіч. — Па пяці з іх за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення вынесена пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі і права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартных сродкаў на тэрмін 5 год. Астатнія завяршыліся арыштам, пазбаўленнем такога права на 5 год і штрафам. Спецыяльная канфіскацыя прыменена па 9 крымінальных справах: 2 мапеды і 7 аўтамабіляў.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть