Происшествия

ШТО ВІНЕН, АДДАЦЬ ПАВІНЕН

У сярэдзіне сакавіка грамадскасць адзначала Дзень
спажыўца. Прыкладна ў гэты ж час парламентарыі прыступілі да абмеркавання
змяненняў у закон “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Нядаўна Палата прадстаўнікоў у
другім чытанні прыняла змяненні і дапаўненні ў названы дакумент. Датычаць яны,
перш за ўсё, механізма вяртання расходаў грамадскіх аб’яднанняў спажыўцоў. 

Праект закона сцвярджае, што спажывец не павінен плаціць грамадскаму
аб’яднанню, які абараняе яго інтарэсы, “авансам”, інакш кажучы, у момант
звароту са скаргай на прадаўца, пастаўшчыка ці рамонтную майстэрню. Аплата
будзе рабіцца толькі тады, калі вытворца (прадавец) задаволіць прэтэнзію
кліента або суд, калі туды заяўляльнік звярнуўся з іскам, прыме рашэнне на карысць
спажыўца. Адначасова прадавец (вытворца, пастаўшчык і г.д.) павінен будзе
задаволіць патрабаванне грамадскага аб’яднання аб вяртанні расходаў на працягу
14 дзён з дня яго атрымання. Гэта значыць, усе расходы будуць вяртацца, але не
спажыўцамі, а вінаватым бокам.

Нягледзячы на тое, што ў цэлым па краіне грамадскія
аб’яднанні іграюць прыкметную ролю ў абароне правоў спажыўцоў, на Лунінеччыне
іх дзейнасць зведзена да мінімуму. У прыватнасці, за ўвесь час існавання
раённай арганізацыяй таварыства па абароне правоў спажыўцоў не было
ініцыіравана ніводнага іску ў суд. Хаця справы такія даволі частыя ў нашай
практыцы:  у спробе аднавіць
справядлівасць з іскамі звяртаюцца самі грамадзяне. Як правіла, маюць яны на
мэце адно – вярнуць дарэмна заплочаныя грошы за тавар, які так і не атрымалі,
ці за работы, якія не былі выкананы.

У 2010 годзе актыўную дзейнасць разгарнула індывідуальны
прадпрымальнік С. У Багданаўцы яна заключыла некалькі дагавораў на пастаўку
вокнаў з ПВХ. Адразу ж узяла немалую папярэднюю аплату – з кожнага больш як па
5 мільёнаў рублёў. Прывезці тавар абавязалася на працягу 30 дзён. Калі
пазначаны тэрмін прайшоў, людзі пачалі тэлефанаваць жанчыне ў надзеі атрымаць
абяцанае ці вярнуць грошы. Аднак тэлефон часцей за ўсё маўчаў. Шчасліўчыкам,
якім удавалася дазваніцца, прадпрымальніца абяцала выканаць дагавор. Між тым,
час ішоў, а ні грошай, ні вокнаў жыхары Багданаўкі так і не ўбачылі. Яны
спрабавалі  “стукаць” у розныя інстанцыі,
дзе ім давалі адзіна слушную параду – звяртайцеся ў суд. Многія так і зрабілі.

У ходзе судовага разбіральніцтва прэтэнзіі спажыўцоў
прызналі абгрунтаванымі, і ўсе патрабаванні былі задаволены. Дагавор з
прыдпрымальніцай скасаваны, а самой С. прызначана вярнуць узятыя ў людзей
грошы, пеню за пратэрміноўку выканання заказу, а таксама кампенсаваць маральны
ўрон. Такім чынам, кожны з пакрыўджаных павінен атрымаць каля
7 000 000 рублёў.

Не менш пакутлівымі аказаліся пошукі справядлівасці і ў
тых, хто рызыкнуў па таннай цане набыць сучасныя камп’ютары. У гэтым выпадку
індывідуальны прадпрымальнік дзейнічаў яшчэ больш хітра. Дорагакаштуючую
тэхніку ён абавязаўся паставіць праз пяць дзён пасля таго, як з аддзяленнем
аднаго з банкаў будзе заключаны крэдытны дагавор, і на рахунак пастаўшчыка
паступіць перадаплата. Не падазраючы падвох, на такую прынаду “клюнулі” адразу
некалькі жыхароў нашага раёна. Ну хто ў наш час адмовіцца набыць камп’ютар за 2
мільёны 120 тысяч рублёў?

Крэдыты былі паспяхова аформлены, аднак абяцаных
камп’ютараў ніхто з патэнцыяльных пакупнікоў так і не дачакаўся. Падманутым
нічога не заставалася, як спраўна вяртаць банку крэдыт і працэнты па ім і
спрабаваць адшукаць махляра. Урэшце ахвяры падману звярнуліся ў суд. Нягледзячы
на тое, што вінаваты ў судовае паседжанне не з’явіўся, разбіральніцтва
адбылося. Суд прызначыў не толькі вярнуць людзям узятыя ў крэдыт грошы, але і
выплаціць па 1 працэнту ад сумы за кожны дзень пратэрміноўкі. А гэта ні многа,
ні мала – амаль 4 з паловай мільёны рублёў. У агульнай складанасці набягала
амаль 6 000 000 рублёў.

З усіх гэтых гісторый можна атрымаць некалькі важных
урокаў. Па-першае, ніколі няварта спакушацца на дзіўную таннасць тавару:
народную мудрасць пра сыр, які бывае бясплатным толькі ў мышалоўцы ніхто не
адмяняў. Па-другое, ніколі не будзе лішнім упэўніцца ў дзелавой рэпутацыі
прадпрымальніка: горад у нас невялікі і можна лёгка даведацца пра надзейнасць
таго ці іншага гандляра. У выпадку сумнення лепш усё-такі аддаць перавагу таму,
хто мае аўтарытэт і вядомасць прыстойнага чалавека. Па-трэцяе, уважліва чытайце
дагавор, які падпісваеце. Паверце, нячыстыя на руку людзі нярэдка разлічваюць
на звычайную чалавечую даверлівасць і ахвотна выкарыстоўваюць яе ў сваіх не
заўсёды добрых мэтах.

У заключэнне хацелася б звярнуць увагу на яшчэ адну
немалаважную акалічнасць. Рашэнне суда, якое ўступіла ў законную сілу,
абавязковае да выканання. Аднак нярэдка здараецца так, што спрытныя аматары
“лёгкіх грошай” загадзя клапоцяцца пра тое, каб не мець маёмасці, на якую ў
выпадку няўплаты вышэйпазначаных сум, можна было б накласці арышт. А значыць,
людзям, якія пацярпелі ад чужой сквапнасці, не так і проста атрымаць свае грошы
назад. Але ж і з такой сітуацыі ёсць выйсце. Параўнаўча нядаўна ў
Грамадзянска-працэсуальны кодэкс былі ўнесены змяненні, якія дазваляюць судовым
органам у выпадку няўплаты прызначаных сум пазбаўляць вінаватых права кіраваць
аўтамабілем да той пары, пакуль яны не разлічацца па даўгам. Ёсць і яшчэ адна
дзейсная мера. Улічваючы той факт, што ў ролі вінаватых нярэдка выступаюць
прадстаўнікі так званага малога бізнесу, прымаецца рашэнне абмежаваць
магчымасць іх выезду за мяжу. Як правіла, такія меры рэзка працвярэжваюць
рызыкоўных махляроў, і яны спяшаюцца вярнуць запазыку.

І ўсё ж куды лепш не даводзіць справу да такога фіналу,
паберагчы ўласныя нервы і, вядома ж, грошы.

Васіль БЕЛЬСКІ, старшыня суда.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть