Происшествия

Сігнал да дзеянняў

img_9160У вялікай зале Дома Саветаў адбылася каардынацыйная нарада па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. Яе ўдзельнікі разгледзелі выкананне фермерскімі гаспадаркамі патрабаванняў заканадаўства – падатковага, працоўнага, прыродаахоўнага, антыкарупцыйнага, а таксама паўнату і эфектыўнасць мер па прадухіленню, выяўленню і спыненню парушэнняў з боку кантралюючых органаў.

Прынцыповы тон размове адразу надаў пракурор раёна Аляксандр Карлюк. Па яго словах, сёння на Лунінеччыне дзейнічаюць 68 фермерскіх гаспадарак, якім прадастаўлены зямельныя ўчасткі агульнай плошчай 5308,7 гектара. Па выніках праверак, што ахапілі перыяд з пачатку гэтага года і ўвесь 2015-ты, зарэгістравана шмат парушэнняў. Больш падрабязна пра іх расказала старшы памочнік пракурора Іна Дзерман. Найбольш распаўсюджаным аказалася незахаванне патрабаванняў працоўнага заканадаўства: з людзьмі, якіх прыцягвалі да сезонных работ, наймальнікі не заключалі працоўныя ці грама- дзянска-прававыя дагаворы. Падобныя факты выяўлены ў фермерскіх гаспадарках “Любачын”, “Чэркас і К”, “Рыгор і сыны”, “Кісель Бор” і іншых. Прычым, іх кіраўнікі ігнаравалі афармленне працоўных адносін на працягу доўгага часу. Усё гэта адмоўным чынам адлюстравалася, у першую чаргу, на правах саміх работнікаў, пацягнула ўхіленне ад уплаты абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, падаходнага падатку, што прычыніла ўрон інтарэсам дзяржавы.

Акрамя таго, устаноўлены факты прыцягнення да работ іншаземцаў без адпаведнага афармлення. Справядлівыя папрокі на гэты конт прагучалі ў адрас фермерскай гаспадаркі “Ванюкоў”. Яго кіраўніку Анатолю Ванюку, якога прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, давялося даваць тлумачэнні і пераканаць прысутных, што ў будучым падобнага больш не здарыцца.

Удзельнікі нарады не пакінулі без увагі яшчэ адну акалічнасць. Абавязаныя асобы, якія павінны кампенсаваць расходы на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, часта працуюць менавіта ў фермераў проста па дамоўленасці. Часовы заробак  не пагашае запазычанасць, і сумы ў гора-бацькоў растуць далей…

Даволі непрыемнае “аздабленне” займеў расказ пра парушэнні зямельнага заканадаўства. На мультымедыйным экране змяняліся фотаздымкі з пустазеллем, смеццем, шклянымі бутэлькамі, тарай з-пад ядахімікатаў. Заўвагі датычылі фермерскіх гаспадарак “Чарнавокія”, “Галіна”, “Чырэц”, “Міхайлоўскае” і інш. А вось у “Насковічаў” і “Кіпцэвічаў” выяўлены факты допуску да ўдзелу ў дарожным руху транспартных сродкаў, якія не прайшлі дзяржаўны тэхнічны агляд. Сустракаліся таксама выпадкі, калі насуперак усім правілам пасажыры перавозіліся звыш устаноўленай нормы, вадзіцелі не мелі адпаведнай катэгорыі кіравання аўтамабілямі ці не прайшлі абавязковы медагляд перад рэйсам.

Падрабязнаму аналізу было падвергнута мэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. Так, на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў Чарнобыльскай АЭС на 2011-2015 гг. і на перыяд да 2020-га, 17 фермерскіх гаспадарак атрымалі грашовыя сродкі для закупкі мінеральных угнаенняў і аплаты комплексу работ па вапнаванню кіслых глебаў. Аднак і тут не абышлося без парушэнняў. Балазе, усе яны аператыўна выпраўлены.

Падводзячы вынікі, пракурор раёна Аляксандр Карлюк крытычна ацэніў дзейнасць усіх кантралю-ючых органаў – Пінскага міжраённага аддзела Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, аддзелаў па грама-дзянству і міграцыі РАУС, прымусовага выканання, землеўпарадкавальнай службы райвыканкама, райсельгасхарчу. Да кіраўнікоў фермерскіх гаспадарак прагучала пажаданне, каб пачутая крытыка стала своеасаблівым сігналам да дзеянняў на шляху пра-вільнага карыстання зямель, атрыманых у арэнду. Улічваючы сур’ёзнасць сітуацыі, пазбавіцца яе не складзе асаблівых цяжкасцей. “Не ідучы ў разрэз з заканадаўствам, неабходна наладзіць цеснае і плённае ўзаемадзеянне паміж усімі зацікаўленымі службамі, у тым ліку прыцягваць сельсаветы, участковых інспектараў міліцыі, абавязкова ўдзельнічаць у маніторынгах, якія бу-дзе праводзіць спецыяльна створаная рабочая група”, – запатрабаваў пракурор раёна. Па выніках нарады прынята рашэнне з канкрэтнымі тэрмінамі яго выканання і адказнымі асобамі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть