Происшествия

СЛУЖБА – ДНІ ІНОЧЫ…

Сёлета пракуратуры раёна спаўняецца 71 год. Штогод у апошнюю нядзелю чэрвеня работнікі гэтага ведамства адзначаюць прафесійнае свята. Пра тое, што сёння найбольш турбуе невялікі згуртаваны калектыў, расказвае пракурор раёна Віктар САВІЧ:

– За мінулы год пракуратурай раёна разам з праваахоўнымі органамі, выкананаўчай уладай і грамадскасцю раёна выканана вялікая работа па папярэджанню злачыннасці. У выніку сёлета колькасць усіх зарэгістраваных злачынстваў зменшылася на 16 працэнтаў. Менш стала цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, рэцыдыўных праяўленняў, правапарушэнняў у грамадскіх месцах, крадзяжоў, рабаванняў, хуліганстваў, наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пакалечанняў. Словам, прасочваецца станоўчая дынаміка ў стабілізацыі крымінагеннай сітуацыі ў раёне.

– Ці не стала гэта падставай для самазаспакаення?

– Абсалютна не. Тым больш, што ёсць напрамкі, па якіх праваахоўнікамі пазіцыі здадзены. Сёлета назіраецца прыкметны рост колькасці злачынстваў, учыненых непаўналетнімі і ў групе асоб. Дагэтуль не задавальняе работа раённага аддзела ўнутраных спраў па выяўленню парушэнняў у эканамічнай сферы, у тым ліку – злачынстваў, учыненых асобамі на пасадзе. У гэтым накірунку трэба працаваць асабліва мэтанакіравана і выверана, максімальна сканцэнтраваўшы намаганні на праблемных пытаннях. Адначасова будзем імкнуцца замацаваць дасягнутыя станоўчыя вынікі.

– Віктар Васільевіч, ці дастаткова ў пракуратуры раёна кваліфікаваных работнікаў?

– Зараз у штаце 6 чалавек. Гэта пракурор, яго намеснік Андрэй Лукашэвіч, два старшых памочнікі пракурора – Сяргей Насеня і Таццяна Свібовіч, два памочнікі пракурора – Надзея Некрашэвіч і Андрэй Пляскач. Эфектыўна выконваць ускладзеныя на нас абавязкі дапамагаюць загадчык канцылярыі Людміла Пясоцкая і інспектар Ганна Ванюк. Ёсць у штаце вадзіцель – Уладзімір Кузьміч і прыбіральшчыца Марыя Кіслая. У водпуску па догляду за дзіцем знаходзіцца інспектар Таццяна Семянюк. З асаблівай павагай гаворым пра нашых ветэранаў, сярод якіх узорам адданасці прафесіі з’яўляецца былая загадчыца канцылярыі Людміла Гусева. З мінулага года ў сувязі з рэарганізацыяй следчых органаў у пракуратуру раёна ўведзена абласная адзінка. Старшы следчы следчага аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Віктар Колчын займаецца расследаваннем злачынстваў, учыненых на тэрыторыі нашага раёна. За год ім расследавана 18 крымінальных спраў аб забойствах, злоўжываннях асоб на пасадзе і іншыя.

– Можна толькі ўявіць, які каласальны аб’ём работы ў вас увогуле, калі адзін чалавек спраўляецца з такой колькасцю вельмі складаных спраў.

– І сапраўды, пракуратурай раёна выконваецца вялікі аб’ём работы па забеспячэнню верхавенства права, захаванню законнасці, абароне правоў і інтарэсаў не толькі асобных грамадзян, але і дзяржавы ў цэлым. Аператыўна рэагуючы на выяўляемыя парушэнні, дабіваемся іх ухілення шляхам вынясення актаў пракурорскага нагляду і прыцягнення вінаватых да адказнасці. Наша работа патрабуе грунтоўных ведаў заканадаўства, умення дасканала разбірацца ў складаных сітуацыях і прымаць аб’ектыўныя рашэнні. Нярэдка мае калегі не ведаюць выхадных, падоўгу затрымліваюцца на рабоце пасля заканчэння працоўнага дня. А як інакш? Дастаткова сказаць, што толькі за 5 месяцаў 2011 года ў пракуратуры раёна зарэгістравана 116 заяў і паведамленняў аб здарэннях. Па большасці з іх трэба было выязджаць на месцы. Акрамя гэтага, работнікамі пракуратуры ў судзе летась падтрымана 382 абвінавачванні па крымінальных справах, сёлета – ужо 158. У пракуратуру за дапамогай звярнуліся амаль дзве сотні грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, а на асабістым прыёме пабывалі 195 чалавек.

– Што пажадаеце сваім калегам напярэдадані прафесійнага свята?

– Вядома ж, здароўя. А яшчэ – вытрымкі, цярплівасці і абавязкова – спакою і разумення ў сем’ях. Няхай кожны новы дзень нясе толькі абнадзейваючыя весткі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть