Происшествия

СПЫНІЦЦА І АЗІРНУЦЦА…

Дагэтуль найбольш распаўсюджаным відам злачынства з’яўляецца крадзеж. Суды ледзь паспяваюць разглядаць падобныя справы. І калі арганізацыі, прадпрыемствы і гаспадаркі ўсё часцей пачынаюць больш пільна клапаціцца пра захаванасць дзяржаўнай маёмасці, то ўласнасць асобных грамадзян нярэдка застаецца вельмі даступнай для нячыстых на руку людзей.

Пэўны ўсплеск дробных крадзяжоў назіраецца з наступленнем вясны і лета, калі жыхары часцей карыстаюцца панадным для злодзеяў транспартам – веласіпедамі. Напрыканцы лета і восеню ў міліцыі рэгіструецца нямала заяў аб крадзяжах з дачных і прысядзібных участкаў. Прычым дачыненне да злачынстваў нярэдка маюць падлеткі. Для іх ураджай на суседняй сядзібе – лёгкая крыніца нажывы.

Менавіта так разважаў і навучэнец адной з Мазырскіх прафтэхустаноў, які ў лістападзе мінулага года на выхадныя завітаў у родную вёску Галы Бор. Праязджаючы міма заўважыў на адной з вясковых сядзіб у Краснай Волі затараную ў сеткі бульбу. Гаспадары падрыхтавалі яе для здачы ці далейшага захоўвання і акуратна склалі ў невялікі штабель. Па нейкай прычыне бульба засталася “неапрыходаванай”. Здабыча, здавалася, сама ішла ў рукі. Марудзіць час з адным мяхом не было сэнсу, і злодзей адразу паклаў вока на некалькі сетак – у агульнай складанасці 100 кілаграмаў адборных клубняў. Ды вось незадача: уцячы з такой колькасцю ўкрадзенага не змог.

Зладзюжку затрымалі. Як заўсёды, закон лістацівы да тых, хто аступіўся ўпершыню і ўсвядоміў сваю памылку. Юнаку было прызначана пакаранне ў выглядзе 100 гадзін грамадскіх работ. Трэба спадзявацца, што заганная спроба пажывіццаза чужы кошт, своечасова спыненая праваахоўнікамі, стане добрым урокам для хлопца з тым, каб падобнага не паўтараць у далейшым.

На жаль, так адбываецца не заўсёды. Шаснаццацігадовы Б. з Любачына ўпершыню трпаіў у поле зроку вартавых правапарадку у 2009-ым. Тады за крадзеж яму прысудзілі 1 год абмежавання волі. На адносную мяккасць прысуду паўплывала і станоўчая характарыстыка з Любачынскай СШ. Згодна з ёй, дзесяцікласнік тое і рабіў, што спраўна наведваў 2 гурткі, валейбольную секцыю, не прамінаў мерапрыемствы так званага шостага школьнага дня… Верылася ў гэта з цяжкасцю, але было зразумелым імкненне настаўнікаў не зводзіць да нуля ўласныя выхаваўчыя старанні. Іншая справа, што эфект ад іх зусім не той, які хацелася б бачыць. Так ці інакш, праз кароткі час парушальнік зноў фігурыраваў у крымінальнай зводцы.

У першы раз тэрмін адбыць “па поўнай” не давялося – Б. трапіў пад амністыю. Яму б ацаніць гуманнасць закона і імкненне грамадства дапамагчы стаць на шлях выпраўлення. Не здолеў. Цёмным лістападаўскім вечарам разам з чатырнаццацігадовым сябруком Р. залезлі ў склеп аднавяскоўца. Удваіх вынеслі 110 кілаграмаў бульбы, якую на наступны дзень удала рэалізавалі (шкада, што ў праваахоўнікаў не ўзнікла пытанняў да тых, хто купляў клубні ў малалетніх зладзюжак – рэд.).

Прапажа была выяўлена адразу ж. Гэтак жа хутка міліцыя выйшла на след юных злачынцаў. Хавацца не было сэнсу, давялося прызнацца ва ўчыненым. Вось толькі прысуд быў больш строгім: паўтара года абмежавання волі для Б. і паўгода – для Р. Прычым патрабаванні пазначанага рэжыму давядзецца выконваць дакладна, інакш пакаранне можа быць куды больш жорсткім.

Яшчэ адна распаўсюджаная спакуса для злодзеяў – мабільныя тэлефоны. Прайшоў час, калі “трубкі” былі прадметам раскошы, цяпер даступны сродак сувязі можна ўбачыць нават у малышоў. Праваахоўнікі не стамляюцца папярэджваць бацькоў аб тым, што недапушчальна купляць сынам і дочкам дарагія мабільнікі, а іх нашчадкаў – аб неабходнасці беражліва ставіцца да гэтай уласнасці. Заклікі нярэдка застаюцца проста непачутымі. Дарагія “цацкі” пакідаюцца без нагляду на школьных партах і ў сумках, бясследна знікаюць з раздзявальняў ці кішэняў паліто і куртак у гардэробах.

Праўда, гісторыя, якая адбылася ў інтэрнаце прафесійна-тэхнічнага каледжа, інакш як містычнай не назавеш. Там пакой 311 проста-такі набыў вядомасць “чорнай дзіркі”, у якой бясследна знікаюць мабільныя тэлефоны. Ледзь удалося разабрацца з адным выпадкам крадзяжу ў гэтым памяшканні тэлефона, як бясследна знік наступны.

Праўда, расследаванне дало вельмі банальнае тлумачэнне адбыўшагася: пакой не зачыняўся, а мабільнікі пакідаліся ўладальнікамі без нагляду. Нават кароткага часу для злодзея было дастаткова, каб імгненна ўчыніць крадзеж і незаўважаным пакінуць памяшканне.

Раскрыць злачынствы ўдалося, дзякуючы мэтанакіраванай рабоце аператыўнікаў. Злодзея затрымалі. Якім жа было здзіўленне, калі выявілі, што дома ў хлопца – адносны дастатак. І хоць бацька памёр, маці і сёстры стараюцца ні ў чым яму не адмаўляць. Відаць, гэтая ўсёдазволенасць таксама адыграла сваю ракавую ролю. “Хачу” і “можна” сталі вядучымі словамі пры станаўленні яго характару. Менавіта таму падлетак, чыя асоба пакуль не паспела канчаткова сфарміравацца, не здолеў устрымацца ад спакусы лёгка завалодаць чужой маёмасцю. Закон для ўсіх аднолькава справядлівы.

Магчыма, пакаранне ў 180 гадзін грамадскіх работ некаму падасца залішне мяккім, але ж яно дае падлетку магчымасць азірнуцца, асэнсаваць свае паводзіны і пастарацца ўсё-такі сысці са слізкага злачыннага шляху.

Васіль БЕЛЬСКІ, старшыня суда.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть