Происшествия

Сям’я Лабко з Лунінецкага аддзела аховы перамагла ў рэспубліканскай акцыі

Другі этап акцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь «Сям’я! Служым разам!» адбыўся ў сталіцы.

Брэстчыну прадстаўляла сям’я міліцыянера Лунінецкага аддзела аховы – прапаршчыка Віктара Лабко (на здымку). Пасля жартоўнай размінкі менавіта бацькі першымі трымалі выпрабаванне. Ім неабходна было на кароткай дыстанцыі чаўночнага бегу з трыма мячамі прадэманстраваць сілу, спрытнасць і хуткасць. Лепш за ўсіх з гэтым справіўся лунінчанін. Тым часам у конкурсе “Ахоўніцкія ручкі” мамы за пяць хвілін павінны былі пры дапамозе канцылярскіх прыналежнасцей зрабіць шэўрон-эмблему, прысвечаную маючыму адбыцца святу – 65-годдзю службы аховы. Тут не абышлося без дапамогі сыноў і дачок. Адметнай і ўражваючай атрымалася работа таксама ў нашых землякоў. Дзіцячы конкурс заключаўся ў дэманстрацыі вакальных дадзеных. Песня ўласнага сачынення сям’і Лабко выклікала найбольш апладысментаў, што зрабіла яе лепшай у намінацыі “Самыя музычныя”. У “візітоўцы” таксама лунінчане здзівілі журы, падмацаваўшы сваё выступленне дранікамі, караваем і, безумоўна, клубніцамі!

У выніку ўсіх выпрабаванняў пераможцай рэспубліканскага этапа акцыі стала сям’я Лабко.

Віктар і Ірына пазнаёміліся ў дзяцінстве. А калі апынуліся на парозе дарослага жыцця, зразумелі, што павінны быць разам. Вяселле згулялі пасля таго, як юнак вярнуўся з арміі і ўладкаваўся ў Лунінецкі ад-дзел Дэпартамента аховы МУС міліцыянерам-кінолагам (дарэчы, на гэтай пасадзе адпрацаваў амаль 20 год). Дзеля свайго каханага Ірына пакінула работу ў Брэсце і вярнулася на радзіму. Хутка ў маладой сям’і паявіўся першынец – дачка Даша, а роўна праз тры гады, і нават у той жа дзень – 10 ліпеня – нарадзілася Вераніка. Самай маленькай дачушцы Анечцы толькі тры гадочкі.

– Яны ў нас вельмі таленавітыя, – з пяшчотай расказвае пра дзяцей Віктар Мікалаевіч. – Даша захапляецца танцамі, Вераніка любіць гатаваць ежу, а Анечка валодае цудоўнымі вакальнымі да-дзенымі.

Зразумела, што сумеснае выхаванне дзяцей робіць іх саюз мацней. Але ў Лабко ёсць яшчэ адзін “козыр” – агульная справа: Ірына таксама працуе ў службе аховы – вартаўніком.

У гэтым конкурсе сям’я Лабко прымала ўдзел у другі раз. Тры гады таму не прайшлі ў фінал, таму што не змаглі прыехаць усе разам, маці засталася з малышкай дома.

– На гэты раз усё склалася! – дзеліцца ўражаннямі пераможца. – Зразумела, хваляваліся, але настройваліся на тое, каб у лепш прадставіць свой рэгіён і службу ў цэлым.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть