Трагедыя ў нядзельную раніцу
Происшествия

Трагедыя ў нядзельную раніцу

трагедыяРаніцай 26 студзеня на вадаёме Баханова быў знойдзены разбіты аўтамабіль “Аўдзі А4”. Побач на лёдзе ляжалі дзяўчына і малады мужчына. Дзяўчына была мёртвай, мужчыну яшчэ паспелі даставіць у рэанімацыйны пакой цэнтральнай раённай бальніцы, дзе ён памёр.
Як расказаў начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Юрый Мартынкоўскі, такі жудасны вынік мела дарожна-транспартнае здарэнне. Усе яго нюансы высвятляюцца. Папярэдне вядома, што вадзіцель – 38-гадовы жыхар Лунінца – вёз у Лунінец траіх папутчыц. Дзве дзяўчыны выйшлі па дарозе ў адной з вёсак, трэцяя дабіралася да райцэнтра. Каля аўтазаправачнай станцыі “Аўдзі А4” спрабаваў спы-ніць супрацоўнік Дзярж-аўтаінспекцыі. Патрабаванню праваахоўніка вадзіцель не падпарадкаваўся. Аднак праследавання, як адзначыў Юрый Мартынкоўскі, не было: ДАІшнік некаторы час забавіў для таго, каб разабрацца з яшчэ адным спыненым вадзіцелем. Пасля гэтага накіраваўся на пошукі знікшай “Аудзі”, якія аднак выніку не далі. Заўважыць аўтамабіль на лёдзе з праезнай часткі магчымасці не было.
У ходзе расследавання ўзбуджанай па ч.3 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ( “Парушэнне Правілаў дарожнага руху ці эксплуатацыі тэхнічнага сродка, якое па неасцярожнасці пацягнула смерць двух ці больш чалавек”) крымінальнай справы назначаны эскпертызы, якія павінны даць адказ наконт спраўнасці аўтамабіля да трагедыі, па якой прычыне здарылася ДТЗ, памерлі пацярпелыя ад атрыманых траўм ці ад пераахалоджвання, а таксама на некаторыя іншыя пытанні.
У загінуўшага лунінчаніна засталіся трое дзяцей. Смерць дзяўчыны будуць аплакваць бацькі, якія жывуць у Расійскай Федэрацыі: у Лунінцы яна жыла і працавала, маючы від на жыхарства.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть