Тут не павінна быць слёз, гора, скандалаў…
Происшествия

Тут не павінна быць слёз, гора, скандалаў…

дом без насилияКамісія ў складзе ўчастковага інспектара Аляксандра Чэбярака, інспектара прафілактыкі ААПП Ірыны Кочневай, урача-нарколага Алены Качановіч наведала Гарадоцкі сельсавет.

Такія рэйды зараз праходзяць рэгулярна па ўсіх населеных пунктах раёна ў сувязі з правядзеннем рэспубліканскай акцыі “Дом без насілля”. Правяраюцца адрасы, дзе звычайна збіраюцца аматары алкагольных “працэдур”, а потым высвятляюць абставіны, у тым ліку ў сем’ях, дзе дзеці апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Асаблівая ўвага — да былых мужа і жонкі, якія вымушаны пражываць на агульнай жылплошчы…

Першай па маршруце была вёска Цна. Заехалі па двух адрасах, дзе зарэгістраваны тыя, хто знаходзяцца на ўліку ў праваахоўнікаў і нарколага. У першым доме нас сустрэлі бацькі цікавіўшай нас асобы. Самога гаспадара не аказалася дома, але маці запэўніла, што апошнім часам сын асаблівых праблем не прыносіць, хаця са шкоднай звычкай развітвацца не збіраецца. Па другім адрасе таксама не засталі падапечнага грамадзяніна. Па словах маці, ён зараз жыве з сужыцелькай у Дварцы, але калі пасварацца, то прыязджае ў родную хату. Ірына Кочнева папрасіла ў жанчыны яго мабільны тэлефон, каб запрасіць на прафілактычную размову ў РАУС.

Рухаемся далей. Адразу за пераездам у Дрэбску на вуліцы Палявая знаходзіцца дом. Складана было ўявіць, што ў ім нехта жыве, але Аляксандр Чэбярак растлумачыў, што тут заўсёды збіраецца асаблівы кантынгент. Неяк міліцыя з ног збілася, шукаючы жанчыну, якая кінула дома дзіця. Дык вось, праз тры месяцы яе знайшлі менавіта ў гэтым доме.

Не ведаю як каму, але мне страшнавата было заходзіць у гэтае памяшканне. Прыглядзеўшыся, заўважаем трох асоб: гаспадар у інваліднай калясцы і яшчэ два прыяцелі. Усе — нападпітку. Участковы інспектар тлумачыць прычыну візіту і тут жа засяроджвае ўвагу сабутэльнікаў на недапушчальнасці іх паводзін і амаральнага ладу жыцця.

Адзін з кампаніі, заўважыўшы ўрача-нарколага, зрабіў дасведчаны выгляд і прамовіў:

— Недзе я вас бачыў. Не ведаю, але, здаецца, мы знаёмы.

Некалькі хвілін нецвярозы мужчына спрабаваў успомніць, пакуль на дапамогу не прыйшоў участковы, які нагадаў, пры якіх умовах ён мог бачыць Алену Качановіч. Яна ў сваю чаргу расказала, як аднойчы на прыём гэты самы грамадзянін прыйшоў у цудоўным настроі і як зараз, усмешка не сыходзіла з яго твару.

—    Вы сёння ўжо ўжывалі спіртное. Колькі выпілі? — спытала ўрач-нарколаг.

—    Не, вы памыляецеся, гэта было ўчора.

—    Калі б учора, то выгляд быў бы не такі вясёлы.

—    О, ды вы сапраўдны ўрач! Вас складана падмануць.

На жаль, пра гэта і многае іншае залежнай ад «зялёнага змія» асобе цяжка іншы раз успомніць.

У Кажан-Гарадку машына спыняецца каля дома, дзе, як праінфармаваў участковы, жывуць жанчына-інвалід і тры яе сыны. Адзін з іх напярэдадні вярнуўся з мясцін, дзе адбываў пакаранне. Па ўсяму відаць, сям’я адзначала гэтую падзею. Прыкаванай да ложка матулі таксама, здаецца, чарку налілі. Яна ж — асноўны “здабытчык”: сям’я жыве на яе пенсію, бо працуе толькі старэйшы з братоў, і то скардзіўся на маленькі заробак. Праваахоўнікі зрабілі папярэджанне, запрасілі ў вызначаны час прыбыць у РАУС і наркалагічны кабінет.

Наведалі яшчэ адзін дом у Кажан-Гарадку. Дом даволі вялікі, відаць, не так даўно пабудаваны.

—    Няўжо і тут жывуць алкаголікі? — пацікавілася ў спадарожнікаў.

—    Не, тут жыве сямейны скандаліст, — удакладніў Аляксандр Чэбярак.

Заходзім у хату. Гаспадар займаецца падрыхтоўкай да Вялікадня: мые аконныя шторы. Гледзячы на яго, нават не падумаеш, што ён можа ўчыняць скандалы. Аб іх нагадваюць хіба што разбітае шкло на міжпакаёвых дзвярах, ды незавершаны рамонт, што сведчыць аб нежаданні гаспадароў працягваць гэтыя работы. З жонкай яны развяліся два гады таму, адзін сын па стану здароўя праходзіць навучанне ў іншым населеным пункце, другі — навучэнец каледжа. Як стала вядома, усе скандалы ў сям’і адбываюцца з-за таго, што маці дваіх дзяцей вядзе амаральны лад жыцця. Пацвярджэннем таму стала чарговая цяжарнасць 40-гадовай жанчыны. Гаспадар, хаця апошнім часам і трымае сябе ў руках, але, як сцвярджае сам, наўрад ці зможа моўчкі назіраць за тым, як у суседнім пакоі будзе ўвесь час плакаць чужое дзіця…

Зразумець мужчыну можна, але дзіця не вінаватае ў праблемах сям’і. Таму гаспадару параілі, як можна хутчэй падзяліць дом на дзве часткі і перабудаваць яго на два ўваходы.

Паводле новага закона аб прафілактыцы правапарушэнняў, грамадзян, якія ўчыняюць насілле ў сям’і, ставяць на прафілактычны ўлік і выносяць у дачыненні да іх ахоўнае прадпісанне. Такім чынам, сямейным тыранам забараняецца размаўляць з пацярпелымі.

Сям’я — гэта самае важнае месца ў жыцці кожнага чалавека. Тут не павінна быць слёз, гора, скандалаў і боек. Але ж, калі неабходнасць у правядзенні падобных акцый існуе, значыць, у сферы сямейных адносін праблем хапае. Думаецца, гэтая ісціна не мае патрэбы ў доказах: большасць жыхароў горада і раёна, не задумваючыся, назаве пару-тройку сем’яў, у якіх насілле адбываецца пастаянна.

Алена ДАНІЛОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть