Происшествия

У БОЙ ІДУЦЬ АДНЫ КУЛАКІ

Гэтая гісторыя адбылася амаль год таму і, верагодна, памалу забываецца многімі яе ўдзельнікамі. Магчыма, забыліся б пра яе і работнікі суда, калі б не адна прыкрая акалічнасць: падобныя злачынныя здарэнні, якія юрыдычная практыка кваліфікуе, як злоснае хуліганства, паўтараюцца з сумнай перыядычнасцю…
У той дзень праваслаўныя хрысціяне адзначалі вялікае свята, што ў народзе завуць Прачыстай. Па-свойму «адзначылі” яго і двое дваццацігадовых лунінчан. Пазней у судзе іх паказанні розніліся, але ясна было адно: піць пачалі яшчэ з раніцы, не асабліва перабіраючы сумяшчальнасцю напіткаў. Увечары затуманены алкаголем розум ужо не здольны быў аналізаваць учынкі і адэкватна ацэньваць тое, што адбываецца навокал.
Каля магазіна «Універсам” сябры нечакана напаткалі гэткіх жа нападпітку юнакоў. Потым кожны з іх прапа-ноўваў сваю версію канфлікту і цяжка было разабрацца, хто каму адмовіў у цыгарэце, а хто не даў грошай на алкагольны «допінг”. Так ці інакш, беспадстаўная злосць аднаго з найбольш жорсткіх удзельнікаў спрэчкі вылілася ва ўчынак, які мог бы закончыцца трагедыяй. П. і да таго быў вядомы як выпівоха, які ў стане алкагольнага ап’янення быў раз’юшаным і абсалютна сябе не кантраляваў. Так было і на гэты раз. Падхапіўшы з зямлі шкляную бутэльку, імгненна адбіў у яе рыльца і абломкам са шклянымі восцямі (хуліганы завуць такую зброю «ружачкай”) нанёс некалькі ўдараў у твар і шыю пацярпеламу. 
Раніцай першыя прахожыя ўбачылі на пляцоўцы каля магазіна лужыну крыві, што стала падставай для самых жудасных чутак. На шчасце, яны не спраўдзіліся. Урачы наклалі параненаму 10 швоў і пасля неабходнага курсу лячэння адпусцілі дахаты.
Ледзь матэрыялы на П. трапілі ў суд, як хуліган «засвяціўся” зноў. На гэты раз у відэабары рэстарана «Прыпяць”. Алкагольнае ап’яненне знайшло выйсце ў бойцы, ад якой пацярпеў яшчэ адзін малады лунінчанін. Што стала падставай для канфлікту, зноў ніхто толкам успомніць так і не змог. Яно і зразумела: у крыві як злачынцы, так і пацярпелых было зафіксавана ад 1,8 да 1,9 праміле алкаголю.
Цяжка быць гуманным да такіх праяў. Больш таго, суддзі, як ніхто, ведаюць, чым заканчваецца такое ўпартае супрацьстаянне грамадству. Ды і закон да хуліганаў дастаткова строгі. Абвінавачваемы атрымаў тры з паловай гады абмежавання волі. Акрамя гэтага, панёс адчувальныя матэрыяльныя выдаткі. Штраф у памеры 3 000 000 рублёў, кампенсацыя маральнай шкоды – 4 500  000 рублёў плюс судовыя расходы выліліся ў дастаткова адчувальную суму. А гэта, калі не дадасць розуму, то, магчыма, на некаторы час, варта спадзявацца, спыніць пыл аматара кулакоў. 
Усё гэта было б смешна, калі б не было так сумна. Словы класі-ка ўспамінаюцца, калі прыгадваю абставіны яшчэ адной хуліганскай справы. Яе аўтарам стаў непрацуючы жыхар Велуты. Нападпітку яго буйны нораў адлюстраваўся ў пабітых вокнах будынка пошты, паламанай жалезабетоннай агароджы і… перавернутых дашчатых прыбіральнях. Растлумачыць у судзе, навошта ўсё гэта зрабіў, так і не змог. Адзіна, што паўтараў: «П’яны быў…”. Аднак гэтая акалічнасць абсалютна не заклікана зрабіць больш мяккім судовы прыгавор. Наадварот, стала абцяжарваючай абставінай. У выніку – 3 000 000 рублёў штрафу.
Наіўна думаць, што, пачытаўшы гэты артыкул ці пачуўшы пра вышэй пазначаныя выпадкі з чужых вуснаў, хуліганы імгненна схамянуцца і задумаюцца над тым, што няправільна сябе паводзяць. Тым больш, што ў паўсядзённым  жыцці яны нярэдка – зусім звычайныя хлопцы, якіх нават нядрэнна характарызуюць па месцы работы (калі яна, вядома, ёсць). Справа ў іншым – у заганнай з’яве, якой з’яўляецца п’янства. Самае прыкрае, што нярэдка падвержаны страшнаму злу прадстаўнікі маладога пакалення. Яны не жадаюць задумвацца, да якога няшчасця можа прывесці чарка-другая алкагольнай атруты і які недарэчна круты паварот можа даць жыццё. І тады адкруціць падзеі, быццам кінаплёнку, назад ці нешта змяніць наўрад ці ўдасца.
Міхаіл ДЗЕНІСОВІЧ, суддзя.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть