Происшествия

У модзе – гаджэты

Наведвальнік аднаго з гандлёвых павільёнаў у Мікашэвічах са шматлікага асартыменту тавару нагледзеў і бесперашкодна вынес дарагі мабільнік, вебкамеру і электрычную брытву замежнай вытворчасці.
Так ці інакш, менавіта гэтых рэчаў недалічыліся гандляры на мінулым тыдні. Цяпер праваахоўнікі стараюцца ўстанавіць невядомага аматара гаджэтаў.

ЧЫМ ВІНАВАТЫ АЎТАМАБІЛЬ?
Самым неверагодным чынам вылілася ў жыхара Вялікіх Чучавіч злосць на ўвесь свет.
У п’яным куражы 30-гадовы непрацуючы хуліган парэзаў колы на аўтамабілі ВАЗ-2108, прыпаркаваным каля будынка сельвыканкама. Асаблівай цяжкасці ўстанавіць злоснага парушальніка грамадскага парадку не было, і цяпер небараку давядзецца адказваць па ўсёй строгасці закона.

ПРЫЙШЛА ПАРА ПАСАДАК
Непрыемна быў уражаны ўладальнік дачнага ўчастка ў Бараўцах, калі ў адзін з дзён не ўбачыў на ўласным агародзе толькі што пасаджаны сад.
На саджанцы яблык і груш паквапіўся невядомы злодзей. У агульнай складанасці ён вынес дрэўцаў на 600 000 рублёў. Дробязь, але горкі асадак застаўся. Трэба спадзявацца, што аматара да чужога дабра праваахоўнікі знойдуць і пакараюць, каб іншым непанадна было.

АЙЧЫМ СУПРАЦЬ ПАСЫНКА
Ледзь не закончылася трагедыяй сварка паміж 58-гадовым айчымам і 19-гадовым пасынкам у в. Засценак.
У п’яным чадзе старэйшы схапіўся за нож і нанёс юнаку ўдар у грудзі. Усвядоміць, якую бяду ледзь не ўчыніў, працверазеўшаму “ваяку” дапаможа правасуддзе.

ПА ГАРАЧЫХ СЛЯДАХ
удалося ўстанавіць злодзея, які ў СВК “Гарадоцкі” вынес з тэрыторыі неэксплуатуемай малочнатаварнай фермы №1 больш як 200 метраў меднага дроту.
Далёка хадзіць не давялося: ва ўчыненні злачынства падазраецца адзін са спецыялістаў гаспадаркі, які насамрэч не прайшоў міма таго, што дрэнна ляжала. Праўда, аб магчымых наступствах своечасова не задумаўся…
А вось зламысніка (ці зламыснікаў), які з тэрыторыі воінскай часці ўпотайкі вынес кабель, пашкодзіўшы камплект аэрадромнага святлотэхнічнага абсталявання, шукаюць дагэтуль.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть