Происшествия

У водпуск – з улікам пажаданняў, у камандзіроўку – без пасведчання

24 ліпеня 2014 года ў Беларусі ўступіць у сілу закон, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс. Новаўвядзенні закранулі больш як 180 артыкулаў. Пракаменціраваць найбольш важныя з іх папрасілі старшага памочніка пракуратуры Брэсцкай вобласці па прававому забеспячэнню, інфарматызацыі і грамадскіх сувязях Ірыну ГРАЧОВУ:
– Закон звяртае ўвагу на правілы заключэння тэрміновых працоўных дагавораў (не блытаць з кантрактамі). На дадзены момант выкарыстанне іх дапускаецца, калі працоўныя адносіны не могуць быць устаноўлены на нявызначаны тэрмін з улікам характару работы або ўмоў яе выканання. Пасля 24 ліпеня вышэйназваныя абмежаванні страцяць актуальнасць пры ўмове, што працадаўцам з’яўляецца мікраарганізацыя (сярэдняя колькасць работнікаў – не больш за 15 чалавек) або індывідуальны прадпрымальнік.
Павелічэнне памераў аплаты працы не будзе лічыцца істотным змяненнем умоў працы. Гэта значыць, наймальнік не абавязаны паведамляць пра гэта работніка не менш чым за адзін месяц. Аднак, таго ж нельга сказаць аб памяншэнні зарплаты.
Працоўны кодэкс (ПК) дапоўнены падставай звальнення па ініцыятыве наймальніка: спыненне дзейнасці філіяла, прадстаўніцтва ці іншага адасобленага падраздзялення арганiзацыi, размешчанага ў іншай мясцовасці. Зараз такой падставай з’яўляецца толькі ліквідацыя аргані-зацыі ў цэлым. Таксама да спынення працоўнага дагавора можа прывесці ўзнікненне ўстаноўленых заканадаўствам абмежаванняў на занятак пэўнымі відамі дзейнасці, якія перашкаджаюць працягваць працу.
Звышурочныя
Больш дакладна вызначаны механізм уліку звыш-урочных работ: са згоды работніка замест даплаты можа прадастаўляцца іншы неаплачваемы дзень адпачынку за кожныя восем гадзін працы ў звышвызначаны час. У ПК перанесены ўжо дзеючыя нормы Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 03.04.2012 г. № 156 (Указ №156) аб працягласці звышурочных работ: яны не павінны перавышаць для кожнага работніка 10 гадзін у працоўны тыдзень і 180 гадзін у год, а працягласць штодзённай працы з улікам звышурочных работ не павінна перавышаць 12 гадзін.
Камандзіровачнае пасведчанне
Камандзіровачнае пасведчанне перастане быць абавязковым дакументам, які афармляецца пры накіраванні ў камандзіроўку, і бу-дзе афармляцца па меркаванні наймальніка.
Працоўны час і час адпачынку
Наступныя змяненні закрануць працы пры суміраваным уліку рабочага часу: штодзённая яго працягласць будзе абмежавана 12 гадзінамі ў сярэднім за ўліковы перыяд, а не за кожны дзень.
Удакладнены парадак складання графіка працоўных водпускаў: наймальнік павінен будзе ўлічваць пажаданне работніка аб часе яго ўходу ў водпуск, калі гэта не перашкаджае нармальнай дзейнасці арганізацыі і рэалізацыі права на адпачынак іншых работнікаў.
Выплаты на аздараўленне
Аднаразовая выплата на аздараўленне (калі яна прадугледжана наймальнікам) можа рабіцца пры прадастаўленні любой з частак водпуску. Да ўнясення змяненняў – толькі пры прадастаўленні большай яго часткі.
Дысцыплінарнае спагнанне
Удакладнены парадак вылічэння часу, на працягу якога работнік павінен быць азнаёмлены з загадам аб дысцыплінарным спагнанні: не залічваецца час хваробы работніка і (або) знаходжання яго ў водпуску.
Сумяшчальніцтва
Часткова скасавана забарона на працу па сумяшчальніцтву, якая дзейнічала ў дачыненні да кіраўнікоў арганізацый. Цяпер яна бу-дзе распаўсюджвацца толькі на кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый і арганізацый, у статутным фондзе якіх 50 і больш працэнтаў акцый (долей) – ва ўласнасці дзяржавы. У ПК таксама перанесена норма Указа №156 аб тым, што працаўнікі, якія знаходзяцца ў адпачынках без захавання або з частковым захаваннем заработнай платы, што прадстаўляюцца па ініцыятыве наймальніка ў выпадках неабходнасці часовага прыпынення работ або змяншэння іх аб’ёму, могуць працаваць па сумяшчальніцтву не палову нормы працоўнага часу, а поўны працоўны дзень (змену).
Праца на даму
Пашырана паняцце працы на даму. Цяпер гэта будзе занятак не толькі па месцы жыхарства работніка, але і ў іншых памяшканнях па яго выбару па-за памяшканнямі наймальніка.
Запісала Алена ДАНІЛОВІЧ.

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть