Удзячнасць маці ад міністра
Происшествия

Удзячнасць маці ад міністра

министраУ Красную Волю начальнік РАУС Уладзімір Рыбак і яго намеснік Аляксандр Якавец прыехалі з незвычайнай місіяй – уручыць Падзяку Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь маці аднаго з супрацоўнікаў аддзела.
Святлана ПАЎЛОВІЧ вось ужо 28 год працуе санітаркай у мясцовай участковай бальніцы, куды прыйшла адразу пасля заканчэння школы. На работу што-дзень прыязджае з Вулькі 2, дзе жыве сям’я. Разам з мужам Мікалаем выхавалі дваіх дзяцей. Дачка Марыя – повар па прафесіі, але зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, у яе двое малышоў. Асаблівы гонар маці – сын Павел. Расказваючы пра тое, як ён выбраў прафесію міліцыянера, пра яго сям’ю, адчувалася, як перапаўняюць жанчыну эмоцыі і хваляванне:
– Я ж ведала, каго выхоўваю, – расказвае Святлана Мікалаеўна. – Усё лепшае імкнулася даць дзецям. Але зараз вельмі хвалююся за Пашу. У сына на першым месцы – работа, на другім – работа, на трэцім – таксама работа. Дома амаль не паяўляецца. Як жонка вытрымлівае? Яго сын Сашка пачаў буквы вывучаць, дык амаль у кожнай бачыць “п” – “папа”. Вельмі чакае бацьку, сумуе…
– Спадзяюся, хутка бу-дзеце больш часу праводзіць з сям’ёй, – працягвае размову Уладзімір Рыбак. – Ёсць рашэнне аб выдзяленні старшаму оперупаўнаважанаму групы наркакантролю і супраць-дзеяння гандлю людзьмі службовага аўтамабіля.
– Гэта цудоўна, але, думаю, тады ён яшчэ больш “акунецца” ў работу. Ён жа такі ўпарты. Сказаў, што пакуль не навядзе парадак, не супакоіцца. Паша марыць пабудаваць дом. Спадзяюся, знойдзе час, каб кантраляваць будаўніцтва. Іншы раз закрадваецца думка: ну, які з яго міліцыянер, ён жа не адрозніваецца сілай, спакойны, дзяцей вельмі любіць. Яму б педагогам быць. Але ж сын зрабіў свой прафесійны выбар свядома, таму буду і надалей яго падтрымліваць.
– Дзякуй вам за сына. Паболей бы нам такіх прафесіяналаў. Па выніках службовай дзейнасці за мінулы год Павел Паўловіч – лепшы аператыўнік Брэст-чыны. А падзяка ад Міністра, якую мы сёння вам уручаем, – першая ўзнагарода такога высокага кшталту ў гісторыі нашага аддзела.
– Вядома, гэта вельмі хвалюючая падзея, – кажа Святлана Мікалаеўна, – для любой маці вялікі гонар пачуць словы ўдзячнасці ў адрас сваіх дзяцей. Ганаруся сынам! Бо гэта менавіта дзякуючы яму сённяшні дзень для мяне – сапраўднае свята, а ўручэнне падзячнага ліста расцэньваю, па меншай меры, як узнагароду!
Дарэчы, у падраздзяленнях міліцыі падобная форма стымулявання асабовага саставу ўжо стала добрай традыцыяй.
– Мы выкарыстоўваем вялікі спектр варыянтаў заахвочвання супрацоўнікаў, – каменціруе начальнік РАУС Уладзімір Рыбак. – У тым ліку, ва ўрачыстай атмасферы выказваем цёплыя словы ўдзячнасці бацькам за годнае выхаванне дзяцей і ўручаем ім падзячныя лісты. Такое заахвочванне лічу не менш важным, чым узнагароджанне медалём, нагрудным знакам, граматай або прэміяй. Бо сэрца кожнай маці перапаўняецца гонарам за свайго сына або дачку, калі яны сапраўды заслужылі ўдзячнасць сваёй працай.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть