Происшествия

Пракурор раёна Аляксандр Карлюк і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Гапон пабывалі на ААТ “Палессеэлектрамаш”

У межах заключанага паміж Генеральнай пракуратурай і Федэрацыяй прафсаюзаў краіны пагаднення аб узаемадзеянні ў сферы абароны канстытуцыйных правоў і гарантый грамадзян на працу і яе ахову пракурор раёна Аляксандр Карлюк і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Гапон пабывалі    на ААТ “Палессеэлектрамаш”.

На папярэдне аб’яўлены прыём ніхто з работнікаў не запісаўся, таму госці вырашылі пабываць у цэхах, каб увачавідкі ўпэўніцца ў тым, у якіх умовах працуюць завадчане і ў ходзе дыялогу даведацца пра тое, што іх трывожыць. У невялікай экскурсіі па прадпрыемстве гасцей суправаджалі дырэктар Васіль Калодзіч  і старшыня прафкама Іна Кавалевіч. Праходзячы па тэрыторыі, заўважылі прысутнасць дарожнай тэхнікі, з дапамогай якой рабочыя асфальтавалі тэрыторыю. Практычна ва ўсіх цэхах яскрава бачны сляды нядаўняга касметычнага рамонту. Сям-там ён яшчэ ў разгары.

Першым наведалі цэх па вытворчасці рухавікоў. У выніку своеасаблівай вытворчай аптымізацыі ў ім аб’яднаны былыя механазборачны, а таксама абмотачны і штамповачны цэхі. Узначальвае яго адзін са старэйшых работнікаў прад-прыемства Мікалай Абрамчук. У цэху спакойна. Нешматлікія рабочыя – на сваіх месцах. Па словах Мікалая Васільевіча, работа ёсць, а гэта для завадчан – галоўнае.

У гэтай немудрагелістай выснове ўпэўніліся на сустрэчы з рабочымі рамонтна-інструментальнага цэха. Першае ж пытанне было адрасавана прафсаюзнаму лідару: чаму рэдка бываеце на “Палессе-электрамашы”? З такім бескампрамісным падыходам Ігар Гапон не пагадзіўся, запэўніўшы, што праблемнае прадпрыемства не выпадае з поля зроку прафсаюзаў, ды і самому лідару грамадскай арганізацыі неабыякавы лёс калектыву, дзе шмат год таму пачынаў працоўную дзейнасць.

Даведаўшыся, што мэта прыходу гасцей – маніторынг таго, як на ААТ выконваецца заканадаўства аб працы, жанчыны адразу ж пацікавіліся, ці не парушаецца закон у тым, што для іх пачатак рабочага дня перанесены са звычных 8.00 на 11.00? Улічваючы тое, што межы рабочага дня не парушаны (сёння ён нават меншы за прадугледжаныя 8 гадзін), працоўнае заканадаўства вытрымліваецца. Іншая справа – зручнасць гэтага часу для саміх работнікаў. Як высветлілася, многія з іх дабіраюцца на працу з вёсак прыгараднымі дызель-цягнікамі, расклад руху якіх абсалютна не прыстасаваны пад новы графік работы завадчан. У выніку дзень для людзей разбіты і нясе з сабою дадатковыя страты ўласнага часу, які можна было б патраціць з большай карысцю.

У спробе праясніць сітуацыю, у размову ўключыўся дырэктар Васіль Калодзіч, які растлумачыў, што такая не зусім папулярная мера са змяшчэннем межаў рабочага дня выклікана меркаваннямі эканоміі. Справа ў тым, што ў перыяд пасля 11.00 электраэнергія для прамыслоўцаў прыкметна таннейшая, чым у ранішні час. Так, кожны месяц пры новым раскладзе ёсць магчымасць зберагчы каля 12 тысяч рублёў. “Але ж чаму толькі рабацяг перавялі на такі графік? Заводаўпраўленне дагэтуль працуе па колішняму, больш зручнаму”, – тут жа прагучала з натоўпу. “Справа ў тым, што асноўная вытворчасць спажывае электраэнергіі прыкладна ў 8 разоў больш, чым офіс, а работа аднаго станка па затратах электраэнергіі супараўнальна з адначасовай работай прыкладна 40 камп’ютараў, – цярпліва даводзіў Васіль Валянцінавіч. – Таму і абмежаваліся змяненнямі ў раскладзе тых, хто задзейнічаны непасрэдна на вытворчасці”. Разам з тым, кіраўнік паабяцаў разгледзець магчымасць пераносу пачатку рабочага дня на га-дзіну раней. І калі гэта не адаб’ецца адчувальным чынам на эканамічнай састаўляючай, магчыма, ён будзе пачынацца не ў 11.00, а ў 10.00.

Нямала прэтэнзій гучала і з вуснаў жанчын пенсійнага ці перадпенсійнага ўзросту. Многія з іх старанна працуюць на прадпрыемстве ледзь не з пачатку яго станаўлення, і той факт, што з дасягненнем дня выхаду на заслужаны адпачынак іх  пазбаўляюць права на працу, вымушаючы пакінуць родны калектыў, успрымаўся як вялікая крыўда. Ды і пражыць на невялікую пенсію сёння вельмі складана. Расказваючы сваю гісторыю, адна з жанчын не ўстрымалася ад слёз. Як высветлілася,  Ганна Іовіч адпрацавала на заводзе 38 год. Не мела заўваг і нараканняў, не здрадзіўшы роднаму прадпрыемству ў самыя цяжкія дні. У канцы года  наступае права на пенсію. Верагодна, узяўшы пад увагу гэтую акалічнасць, наймальнік заключыў з ёй працоўнае пагадненне толькі на 3 месяцы. Ва ўсіх нюансах справы паабяцаў разабрацца пракурор Аляксандр Карлюк. Разам з тым, кіраўнік праваахоўнага ведамства звярнуўся да жанчын з не менш хвалюючым пытаннем: “А што рабіць тым, каму трэба карміць сям’ю? Дзе ім шукаць работу?”.

У тым, што такіх нямала, сведчыць тое, што зараз на “Палессеэлектрамашы” працуюць 18 маладых спецыялістаў, у асноўным – выпускнікі мясцовага політэхнічнага каледжа. Яны таксама скарысталіся магчымасцю задаць свае пытанні пракурору і прафсаюзнаму лідару. Як стала вядома, многія з іх дабіраюцца да месца працы з вёсак, што вельмі нязручна. Выратаваннем магло б стаць месца ў інтэрнаце, але ўсе заводскія інтэрнаты колькі часу таму перададзены на баланс гарадской камунальнай службы. Ці ўдасца знайсці з ёй паразуменне? На думку кіраўніка прадпрыемства, яшчэ ў той час, як інтэрнаты знаходзіліся пад крылом завода, большасць жыльцоў мелі да прадпрыемства вельмі апасродкаваныя адносіны, не кажучы пра дзень сённяшні. І ўсё ж паспрабаваць варта, нават нягледзячы на не дужа спрыяльныя жыццёвыя рэаліі.

Улічваючы тое, што ў пракуратуры на асаблівым кантролі знахо-дзяцца пытанні захавання патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы, а праверкі і мані-торынгі, у тым ліку і па Дырэктыве №1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, праводзяцца пастаянна, пабывалі на ўчастку каляровага ліцця. Сёлета ў верасні, якраз напярэдадні прафесійнага свята – Дня машынабудаўніка, тут здарылася трагедыя. Пры загрузцы ў плавільную печ алюмініевага лому адбыўся выкід расплаўленага металу. Цяжкія тэрмічныя апёкі атрымаў плавільшчык. З моманту трагедыі прайшоў месяц. Усё гэтак жа горача дыхаюць печы, а над імі “чаруюць” рабочыя. Упэўніліся, што на гэты раз яны былі ў спецыяльнай вопратцы, касках і спецыяльных шчытках. А значыць, прадпісанні інспекцыі па працы, выдадзеныя пасля выпадку вытворчага траўматызму, выконваюцца. Хаця, як зазначыў пракурор Аляксандр Карлюк, праверка яшчэ працягваецца. Не выключана, што вынікам яе стане крымінальная справа, бо, па папярэдніх дадзеных, не толькі неасцярожнасць самога пацярпелага стала прычынай трагедыі.

Былі яшчэ пытанні, так бы мовіць, з разраду тых, што знаходзяцца па-за межамі кампетэнцыі гасцей. У прыватнасці, людзі цікавіліся памерамі камунальных плацяжоў і тым, у якой суадносіне аплачваюць іх непасрэдныя спажыўцы і дзяржава.  Паабяцалі пацікавіцца гэтым у кіраўніцтва камунальнай службы, у бліжэйшы час апублікаваўшы адказ на старонках “ЛН”.

Сустрэча завяршылася на пазітыве. Развітваючыся, малады дырэктар прадпрыемства ўпэўнена гаварыў пра тое, што калектыў, які сёння налічвае 518 чалавек, рэальна бачыць шляхі выйсця з крызісу. Многае для гэтага робіцца. У прыватнасці, аднаўляюцца рынкі збыту. З прадукцыяй спрабуюць асвоіць не толькі бліжняе, але і дальняе замежжа. Ужо ёсць першыя вынікі, якія дазваляюць своечасова выплачваць заработную плату, паляпшаць умовы працы работнікаў і нават аздабляць прылягаючую тэрыторыю. Сведчаннем гэтаму стала новая алея з свое-асаблівых архітэктурных выяў, сімвалізуючых жыццё завода. Ёсць тут электрарухавік, старажыл-штангенцыркуль і нават “Дрэва любові”, каля якога затрымалася на некалькі хвілін. Не ведаю, які сэнс укладвалі стваральнікі ў гэтае паўскульп-турнае тварэнне, але асабіста мне вельмі карцела пажадаць, каб стала яно не толькі сімвалам амаладжэння калектыву і прадаўжэння роду чалавечага, але і ўзаемаразумення паміж старэйшым пакаленнем завадчан і моладдзю, якая прыходзіць яму на змену. Падалося, што гэтага ўсё-такі не хапае.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть