«узяць пад варту ў зале суда…»
Происшествия

«узяць пад варту ў зале суда…»

суд

Гэтыя словы нярэдка гучаць з вуснаў старшыні суда Міхаіла Дзенісовіча ў выпадках, калі даводзіцца разглядаць крымінальныя справы. І ўсё ж выносіць рашэнне, якое прадугледжвае рэальнае пазбаўленне волі, заўсёды няпроста. Асабліва ў адносінах да маладых, якія стаяць у пачатку жыццёвага шляху. Праўда, самі яны далёка не заўсёды асэнсоўваюць, што да крыўднага лёгка перакрэсліваюць сваё будучае…

У актавай зале політэхнічнага каледжа на мінулым тыдні адбылося адкрытае выязное пасяджэнне суда Лунінецкага раёна. Разглядалася справа навучэнца каледжа Б. – асобы неадназначнай і ў нечым нават адыёзнай. Цяжка падабраць словы, каб ахарактарызаваць паводзіны выпускніка навучальнай установы, які ў поле зроку праваахоўнікаў упершыню трапіў яшчэ пяць год таму. За што? За банальны крадзеж. У той раз гуманны закон быў літасцівым да хлопца, якога проста паставілі на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх.

Гэтая акалічнасць павінна была насцярожыць бацькоў, якія ўсімі сіламі стараліся б засцерагчы сваё дзіця ад наступных неабдуманых учынкаў, аднак у нашым выпадку ўсё адбылося з дакладнасцю наадварот. Б. з імклівасцю мяча пакаціўся па нахільнай жыцця. Штогод – ад 6 да 9 прыводаў у міліцыю: за крадзяжы, хуліганства, парушэнне правілаў дарожнага руху, п’янкі ў грамадскіх месцах… Аднойчы нават паспрабаваў украсці аўтамабіль. Штрафаў за гэты час назбіралася амаль 16 мільёнаў рублёў (яны, дарэчы, дагэтуль не выплачаны). Кароткая перадышка выпала на 2014-ты. Як аказалася, невыпадкова. Менавіта на працягу гэтага года Б. па рашэнню суда знаходзіўся ў выпраўленчай спецустанове.

Справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што сям’ю, у якой гадаваўся хлопец, цяжка назваць нармальнай. Не вызначаўся добрапрыстойнымі паводзінамі бацька, які рана памёр. Прыахвоцілася да чаркі маці. Шасцёра дзяцей прада-стаўлены самі сабе. Якога выніку можна чакаць ад такога “выхавання”? Хаця рэальны шанц стаць добрымі людзьмі быў у кожнага. Мнагадзетную сям’ю не пакідала без увагі дзяржава, гарантуючы пэўныя льготы і дапамогі. Улічваючы тое, што жылі Б. у бараку, колькі часу таму ім прапанавалі добраўпарадкаваную кватэру. Аднак маці …адмо-вілася ад шчодрага падарунка, палічыўшы за лепшае застацца ў аварыйным будынку.

Гэтая акалічнасць ды прага “сама-стойнасці” прымусілі старэйшых Б. шукаць асобнага жылля. Зняла кватэру і пакінула бацькоўскі дом сястра. Аднак вельмі хутка чуткі пра яе разняволены лад жыцця папаўзлі па гора-дзе. Ад сужыцеля яна паспела нарадзіць дачку. Вось толькі клапаціцца пра малую за п’янкамі ды гулянкамі часу не ставала. Таму дзяўчынку неўзабаве забралі органы апекі. Здымная кватэра ператварылася ў прытон. Менавіта тут і пачалася гісторыя, якая ў чарговы раз прывяла фігуранта кры-мінальнай справы на лаву падсудных.

У адзін з веснавых дзён, добра падзаправіўшыся спіртным на кватэры ў сястры, Б. разам з сябруком пазваніў у дзверы яе суседа, знаёмага яшчэ па пражыванню ў бараку. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце (50-гадовы мужчына мог бы падысці на ролю бацькі юнакоў), гаспадар ахвотна прыняў прапанову разам выпіць. Што адбывалася далей, усе ўдзельнікі застолля памятаюць слаба. Ад выпітага старэйшы сабутыльнік заснуў. Калі прачнуўся, гасцей не было і звання. Разам з імі прапалі  ключы ад прыпаркаванага ў двары аўтамабіля. Адсутнічала на звычным месцы і сама машына…

Невядома, якой бяды маглі б нарабіць гэтыя ваяры і куды заехаць на ўкрадзенай “Аўдзі”, бо ў Б., які сядзеў за рулём, пазней медыцынскае асведчанне выявіць у крыві 4,6 праміле алкаголю! Выратавала становішча тое, што ў баку аўтамабіля закончылася паліва, а на запраўцы злодзеі ўмудрыліся заліць для бензінавага рухавіка салярку. Машына стала на прыкол. Кропку ж у далейшых прыгодах сябрукоў паставіў суд. Праўда, адзін з падзельнікаў праходзіў у ім як сведка. А вось Б. вымушаны быў адказваць па ўсёй строгасці закона.

За ўсім, што адбывалася ў зале, сачылі навучэнцы каледжа. Краем вока назірала за іх паводзінамі. Дзяўчаты пазіралі на Б. з жалем, хлопцы – з усмешкай, якую хутчэй можна назваць паблажлівай, чым насцярожанай. Пакуль суддзя пакінуў памяшканне для вынясення прыгавора, паўзай скарысталася старшы памочнік пракурора Марына Грабовіч, якая расказала пра найбольш распаўсюджаныя ў мала-дзёжным асяродку правапарушэнні і тое, якія пакаранні за іх пагражаюць. Б. сядзеў, апусціўшы галаву: для яго лёсавызначальны час ужо наступіў.

Неўзабаве Міхаіл Дзенісовіч абвясціў судовы вердыкт. Б. прызналі вінаватым ва ўгоне аўтамабіля без намеру крадзяжу, а таксама ў тым, што сеў п’яным за руль. Пакараннем стаў арышт на 3 месяцы, штраф у 100 базавых велічынь (на сённяшні дзень гэта – 21 мільён рублёў). Адначасова ён на 5 год  пазбаўлены права кіраваць тэхнікай. Яму ж прадпісана прымусовае лячэнне ад алкага-лізму. Прама ў зале на Б. надзелі наручнікі…

– На шчасце, такія выпадкі хутчэй можна лічыць выключэннем з правілаў, – сказаў пасля завяршэння судовага разбіральніцтва Міхаіл Дзенісовіч. – Тут яскрава прасочваюцца рэцыдыў і цвёрдае нежаданне станавіцца на шлях выпраўлення. Менавіта таму ў адносінах да Б. і была прыменена мера часовай ізаляцыі  ад грамадства. Хацелася б верыць, што гэта станоўча паў-плывае на юнака. А што да статыстыкі па п’яных вадзіцелях, то яна вельмі насцярожвае. Летась суд раёна разгледзеў 28 крымінальных спраў за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення і 8 угонаў, сёлета з пачатку года – ужо 8 спраў за п’янку за рулём і 6 – за крадзеж аўтамабіляў. Асабліва рызыкоўных не палохаюць ні велізарныя штрафы, ні пагроза канфіскацыі транспартных сродкаў. Вось толькі калі здараецца непапраўнае, вінаватыя азіраюцца назад са шкадаваннем, што нельга спыніць падзеі і ўчынкі да наступлення бяды, якая кардынальна мяняе жыццё. Менавіта таму мы заўсёды заклікаем паспрабаваць усвядоміць магчымую пагрозу і ўсё-такі спыніцца за крок ад трагедыі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть