Происшествия

«Валанцёры» з душой д’ябла

наркотики 02Наркотыкі – бяда, наркотыкі зло, наркотыкі – страшная пастка, выбрацца з якой удаецца далёка не кожнаму… Такія выказванні з разраду неаспрэчных ісцін гучаць сёння дастаткова часта – са старонак друкаваных выданняў, у тэле- і радыёэфіры, на лекцыях і сустрэчах у працоўных калектывах, у прыватных гутарках  з падлеткамі. Вядома, пераважная большасць людзей разумеюць страшную пагрозу, якую нясе з сабой наркатычная атрута, аднак нямала і тых, хто ўпэўнены, што падобная бяда ніколі не закране яго сям’ю. Пра тое, як глыбока яны памыляюцца, сведчыць статыстыка.

Як расказаў старшыня суда Лунінецкага раёна Міхаіл Дзенісовіч, з года ў год колькасць спраў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, павялічваецца. У 2015 годзе судом разгледжана такіх 25. Іх фігурантамі сталі 27 чалавек. Летась спраў было  31, а ў крымінальных эпізодах задзейнічана ўжо 35 жыхароў раёна. Пераважная большасць злачынцаў атрымалі рэальныя тэрміны пазбаўлення волі. Улічваючы тое, што апошнім часам заканадаўства стала больш строгім да тых, хто запляміў свой лёс “стасункамі” з забароненымі рэчывамі, пакаранне выглядае дастаткова жорсткім. Так, сёлета злачынца, які не толькі сам ужываў наркотыкі, але і займаўся іх распаўсюджваннем, атрымаў 11 год у калоніі агульнага рэжыму.  Нярэдка ў поле зроку праваахоўнікаў трапляюць людзі, пра якіх ніколі не падумаў бы, што яны, перажыўшы ўласную вялікую трагедыю, здольныя запляміць сябе падобным злом.

Колькі год таму старонкі аднаго з мясцовых недзяржаўных выданняў стракацелі шчымлівымі аповядамі пра чалавека, які, страціўшы абедзве нагі, не страціў сябе – стаў мастаком, чые карціны дэманстраваліся не толькі ў нашым раёне, але і за мяжой, дзе іх ахвотна раскуплялі мецэнаты. Больш таго, ён, быццам бы, выбраў высакародную сцяжыну дапамогі іншым – валанцёрства. Што гэта магла быць за дапамога, пазней сведчылі старонкі крымінальнай справы. Самае дзіўнае, што выйшлі на “валанцёра” зусім выпадкова. Праваахоўнікі шукалі злодзея, які нахабным чынам “абчысціў” адзін з прыватных гаражоў, вынесшы адтуль бензапілу, мініблок, бытавую электрычную зварку і нямала іншага дабра. Сабраныя скрупулёзныя звесткі далі падставу падазраваць, што ў крадзяжы, як ні дзіўна, пэўным чынам замешаны інвалід-мастак. Было вырашана правесці ў яго доме вобыск.

Вынікі ашаламілі. У пакоі таго, хто абвяшчаў сябе валанцёрам, украдзеных рэчаў не ўбачылі, аднак знайшлі расфасаванае ў пакеты і шклянкі расліннае рэчыва. Пазней эскпертыза ўстанавіла, што гэта была марыхуана. Вага яе пацягнула на амаль 373 грамы. Трэба сказаць, што ўладальнік “зялёнай атруты” не разгубіўся, адразу выдаўшы версію, што цэлафанавы пакет з каноплямі знайшоў, прагульваючыся ў лесапаркавай зоне, прынёс дадому і схаваў у тумбачцы. Наркотыкі, маўляў, зрэдку ўжываў сам, бо пакутаваў ад фантомных боляў у ампутаваных нагах. Пра гэта, запэўніваў, не ведаў ніхто, акрамя яго самога. Нават маці, якую лічыў “анёлам-хавальнікам” і  якая, паводле газетных публікацый, была ў курсе ўсіх сынавых спраў, чамусьці не звяртала ўвагі на наяўнасць падазроных пакункаў.

Улічваючы інваліднасць абвінавачваемага, суд палічыў магчымым прызначыць яму за незаконнае без мэты збыту захоўванне наркатычных рэчываў абмежаванне волі на тэрмін 3 гады без накіравання ў выпраўленчую ўстанову.

Дарэчы, у гэтым выпадку, на момант абследавання медыкі не пацвердзілі ўжыванне наркотыкаў фігурантам справы, як не пацвердзілі падобнае яшчэ ў адным з эпізодаў, які датычыў іншага чалавека. 46-гадовага жыхара Мікашэвіч М. праваахоўнікі затрымалі на чыгуначнай станцыі. Спецыфічны пах растваральніка прымусіў вартавых правапарадку больш пільна зірнуць на пасажыра, які пакідаў дызель-цягнік, што прыйшоў з Жыткавіч. Падазрэнні спраўдзіліся. Пры аглядзе ў яго знайшлі насенне маку і макавую саломку. Як растлумачыў, у Жыткавічы ездзіў па просьбе брата, які нібыта наказаў даведацца пра лёс здадзенага ў рамонт камп’ютара. На вакзале райцэнтра сустрэў сяброў, а паколькі пакутаваў ад пахмелля, то тыя прапанавалі зняць непрыемны сіндром надзейным спосабам – з дапамогай опійнага маку. Не доўга думаючы, набыў 200 грамаў сыравіны для атруты. З ёй і затрымалі небараку ў Мікашэвічах.
Паўтаруся, што слядоў наркатычных рэчываў у аналізах парушальніка так і не было выяўлена, хаця ад алкагольнай залежнасці былы рабочы леспрамгаса цярпеў не першы год. За незаконнае без мэты збыту набыццё, захоўванне і перавозку наркатычных рэчываў М. таксама прызначана 3 гады абмежавання волі. Адначасова яму давядзецца прайсці курс прымусовага лячэння ад алкагалізму.

Асобным радком ва ўсіх “наркатычных” справах стаяць тыя, што звязаны з незаконным абаротам небяспечных псіхатропных рэчываў. Найчасцей гэта трамадол – лякарства, якое знаёма тым, хто так ці інакш сутыкаўся з анкалогіяй і ведае, колькі строгіх умоўнасцей трэба прайсці, каб атрымаць у аптэцы гэты абязбольваючы сродак. Застаецца толькі здзіўляцца, дзе ў такіх колькасцях бяруць названы прэпарат злачынцы? Мяркуйце самі.

Летась 85 таблетак трамадолу пры вобыску былі знойдзены ў 24-гадовага жыхара Мікашэвіч Е., які працаваў памочнікам машыніста экскаватара на “Граніце”. Нягледзячы на запэўніванні, што ён быццам бы не ведаў пра тое, што гэты прэпарат аднесены да разраду небяспечных псіхатропаў, захоўваў яго ў падвале, папярэдне зрэзаўшы з блісцераў штрых-коды. Устанавіць паходжанне таблетак не ўдалося, затое паверыць у праўдзівасць тлумачэнняў перашко-дзіла тое, што Е. да гэтага ўжо меў канфлікты з законам. На момант ўчынення чарговага злачынства ён быў асуджаны да 2-ух год абмежавання волі за незаконнае захоўванне наркотыкаў. Маючы неадбытую і непагашаную судзімасць, тым не менш, зноў рызыкнуў ступіць на злачынную сцяжыну. У гэтым выпадку рэцыдыў стаў абцяжарваючай абставінай. І калі раней суд палічыў магчымым не накіроўваць юнака ў выпраўленчую ўстанову, то цяпер яму давядзецца правесці ў калоніі агульнага рэжыму 2 з паловай гады.

На такі ж тэрмін пазбаўлення волі асуджаны яшчэ адзін малады чалавек з Мікашэвіч. Дваццацігадовы А. вырашыў палепшыць свой дрэнны настрой, як лічыў сам, вельмі “дарослым” спосабам, для чаго ў незнаёмага набыў небяспечнае псіхатропнае рэчыва. Ужыўшы пару таблетак, астатнія схаваў у кішэні, дзе іх і знайшлі праваахоўнікі, якія звярнулі ўвагу на не зусім адэкватныя паводзіны юнака на ўваходзе ў забаўляльную ўстанову. Трэба сказаць, што “адхрысціцца” ад учыненага парушальнік не спрабаваў, прызнаваў усю неправамернасць сваіх паводзін, раскайваўся. Праўда, цану такім “раскайванням” вартавыя правапарадку ведаюць добра. У гэтым канкрэтным выпадку – у тым ліку. Нягледзячы на малады ўзрост, А.  з 2013 года знаходзіцца на ўліку ва ўрача-нарколага. Магчыма, рэальнае пазбаўленне волі стане крокам да вяртання ў нармальнае жыццё?

У чарговы раз узнімаючы на старонках газеты гэтую насамрэч балючую тэму, мы прааналізавалі толькі некалькі  з больш як трох дзясяткаў спраў, лагічным завяршэннем якіх стаў строгі судовы вердыкт.  Радкі прыгавору – сухія, дакладныя і бясстрасныя, але за кожным – лёсы людзей, знявечаныя заганнай цягай. У адных – да прымхлівага задавальнення, у іншых – да лёгкага абагачэння, нават за кошт чужога жыцця.

Таццяна Пятрова

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть