Происшествия

ВЕДАЦЬ, ЧЫМ ЖЫВУЦЬ ПРОСТЫЯ ЛЮДЗІ

На мінулым тыдні ў Лунінцы прыём грамадзян вёў намеснік начальніка ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Юрый Дзямко.

Спачатку прайшла тэлефонная “прамая лінія”. Гараджанін выказаў заклапочанасць якасцю брэсцкай гарэлкі, на што Юрый Рыгоравіч зазначыў, што сумнявацца ў яе якасці падстаў няма: яна адпавядае усім неабходным патрабаванням. Магчыма, некаторае зніжэнне смакавых састаўляючых адбылося з-за пераходу Брэсцкага лікёра-гарэлачнага завода на айчынную сыравіну. Але гэта – патрабаванне часу. Раней спірт “экстра-люкс” для фірменных гатункаў гарэлкі куплялі толькі за мяжой. Аднак арыентацыя на імпартазамяшчэнне і наступствы сусветнага фінансавага крызісу прымусілі звярнуць увагу, перш за ўсё, на айчынных вытворцаў сыравіны. Тым не менш, прадпрыемства клапоціцца пра ўласны імідж і стараецца ўтрымаць высокую марку ўласнай прадукцыі.

Наступнае тэлефанаванне датычыла работы камунальнай службы. Жыхарка в. Дрэбск абуралася адсутнасцю сістэмы ў вывазе камунальных адходаў. Кантэйнераў для смецця, як абяцалі, на вуліцах не паставілі. Машына ездзіць не рэгулярна з вялікім парушэннем вызначанага графіку. Многія з вяскоўцаў проста не маюць магчымасці чакаць яе па некалькі гадзін, а таму лічаць за лепшае не карыстацца прапаноўваемымі паслугамі. Між тым, грошы за даброты, якіх няма, камунальнікі бяруць спраўна. І паспрабуй не заплаці – тут жа пагражаюць буйнымі штрафамі. Ці справядліва гэта, будуць разбірацца мясцовыя ўлады, якім даручана даць адпаведнае тлумачэнне праз “раёнку”. Дарэчы, падобных зваротаў нямала і ў рэдакцыйнай пошце. Такая ж праблема хвалюе жыхароў ускраінных вуліц в. Кажан-Гарадок, а таксама в. Вулька 2.

З прыватнымі пытаннямі звярнуліся яшчэ некалькі лунінчан. Па ўсіх будзе праведзена дэталёвая праверка.

Пасля гэтага пачаўся асабісты прём грамадзян. З в. Азярніца да Ю.Г. Дзямко прыехаў М.А. Ермаковіч. Мікалая Апанасавіча – чалавека вельмі няўрымслівага – на гэты раз турбавала перспектыва асфальтавання адрэзку дарогі ад Бродніцы да Азярніцы. Ён нават прапанаваў унесці свой пасільны ўклад ва ўдзешаўленне затрат на такую важную справу. А яшчэ – вырашыў заклікаць далучыцца да яе ўсіх жыхароў Лунінеччыны. Не беручы пад сумненне высакароднасць памкненняў паважанага ветэрана, яму было растлумачана, што асфальтаванне – справа вельмі дорагакаштуючая. Добраўпарадкаванне адрэзка дарогі працягласцю амаль 2 кіламетры не закладзена ў адпаведныя планы, а таму знайсці дастаткова адчувальную для раённага бюджэта суму грошай у час, калі кожны рэгіён адчувае наступствы фінансавага крызісу, вельмі складана. Аднак праблему вырашана не выпускаць з поля зроку і пры магчымасці ў будучым абавязкова яе вырашыць.
З застарэлай бядой звярнуўся адзін з патэнцыяльных ахвотнікаў працаваць на зямлі. Некалькі год дабіваецца ён выдзялення поля для развіцця асабістай падсобнай гаспадаркі. Надзел яму некалькі разоў прапаноўвалі, але штораз ён не адпавядаў патрабаванням будучага гаспадара: землі аказваліся размешчанымі на выгараўшым тарфяніку або наадварот – на забалочаных участках, паросшых хмызамі. Плошча, на якую прэтэндуе вясковец, знаходзіцца ў валоданні КУП “Міжлесскае”. Ці захоча гаспадарка адмовіцца ад яе? Так ці інакш, вырашана зрабіць адпаведны запыт. У выпадку станоўчага развіцця падзей канчатковы вердыкт павінна вынесці спецыяльная камісія, створаная пры райвыканкаме. 

Праблема жанчыны з Луніна толькі на першы погляд падалася простай. Сям’я вырашыла пабудаваць дом. Для выканання работ заключылі дагавор з прыватнай будаўнічай фірмай, размешчанай у Лунінцы. Пасля таго, як быў заліты фундамент, высветлілася, што кошт яго завышаны ледзь не ўдвая. Ад паслуг такіх будаўнікоў наймальнікі адмовіліся, дагавор скасавалі, а пераплату запатрабавалі вярнуць. Фірма ад гэтага не адмовілася, аднак вяртаць грошы не спяшаецца. Па словах жанчыны, у падобнай сітуацыі аказаліся многія з забудоўшчыкаў, якія рызыкнулі звязацца з прыватнікамі. Каб расставіць кропкі над “і”, вырашана правесці дэталёвую праверку прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, каб дакладна высветліць прычыны невыканання дагаворных абавязацельстваў.

Пасля прыёму Ю.Р. Дзямко падзяліўся ўражаннямі ад прыезду ў Лунінец:

— Такія прыёмы даўно ўвайшлі ў практыку нашай работы. Нярэдка яны дапамагаюць аператыўна разбірацца з праблемамі на месцы.Некаторыя патрабуюць больш пільнага разбіральніцтва і тады давывучэння праблемы прыцягваем спецыялістаў самага рознага кшталту. У любым выпадку, ніводзін са зваротаў не застаецца без увагі. Што датычыць спектра праблем, то вызначаецца ён у асноўным камунальна-бытавымі пытаннямі. У Століне, напрыклад, пасля газіфікацыі нямала было непаразуменняў з налічэннем платы за газ. Там праблему вырашылі аператыўна, і задаволеныя жыхары нават прыслалі падзячны ліст. Мы заўсёды стараемся ісці людзям насустрач. Хаця, дапамагчы іншы раз і не атрымліваецца. У Маларыцкім раёне, памятаю, на агародзе адной з гаспадынь прабілася прыродная крынічка. Жанчына звярнулася з патрабаваннем ліквідаваць яе. Як можна сабе гэта ўявіць? У Лунінцы практычна ніводзін з прыездаў не абыходзіцца без скаргаў на выдзяленне зямлі. У асноўным звароты абгрунтаваныя. Такія падказкі дапамагаюць нам быць у курсе спраў і ведаць, чым жывуць на Брэстчыне простыя людзі.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть