Происшествия

ВЕДАЦЬ ЗАКОН І АБАРАНЯЦЬ СВАЕ ПРАВЫ

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацоўвае правы чалавека і гарантыю іх рэалізацыі. Кожнаму з нас Асноўным Законам гарантуецца абарона правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і беспрыстрасным судом. Але, здараецца, чалавек не згодны з судовай пастановай. Што рабіць у такім выпадку? Растлумачыць парадак абскарджвання судовых пастаноў папрасілі старшыню суда Васіля БЕЛЬСКАГА:

– У выпадку нязгоды аднаго з бакоў з рашэннем суда можна ў 10-дзённы тэрмін з дня вынясеня рашэння падаць касацыйную скаргу ці з боку пракурора – касацыйны пратэст у вышэйстаячую судовую інстанцыю. Усе акалічнасці дакладна распісаны ў законе. Варта ўлічыць, што змест касацыйнай скаргі ці пратэсту павінен адпавядаць усім патрабаванням, што прад’яўляюцца да працэсуальнага дакумента. У прыватнасці, там абавязкова павінны быць звесткі пра рашэнне, якое абскарджваецца; суд, што яго вынес; абгрунтаванне няправільнасці рашэння; пералік матэрыялаў, якія прыкладваюцца, і іншае. Менавіта таму лепш, калі касацыйную скаргу будзе састаўляць адукаваны юрыст, напрыклад, адвакат па справе. Трэба ведаць, што падаецца касацыйная скарга менавіта ў той суд, які вынес рашэнне, што абскарджваецца, часцей гэта суд першай інстанцыі. Некаторыя з грамадзян лічаць, што лепш касацыйную скаргу адразу накіраваць у вышэйстаячую інстанцыю, але гэтым яны толькі зацягваюць працэдуру разгляду скаргі. Суд першай інстанцыі пасля прыняцця касацыйнай скаргі абавязаны не пазней наступнага дня накіраваць юрыдычна зацікаўленым у зыходзе справы асобам копіі гэтага дакументу і прыкладваемых да яго матэрыялаў і паведаміць пра час і месца разгляду скаргі ці пратэсту. Як адзначаў ужо, агульнапрыняты тэрмін для абскарджвання рашэння суда – 10 дзён. Аднак калі падаецца касацыйная скарга на адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе арышту, гэты тэрмін меншы ўдвая – 5 дзён з дня вынясення рашэння.

– Васіль Уладзіміравіч, здараецца, тэрмін для падачы касацыйнай скаргі ўпушчаны. Як будуць развівацца падзеі тады?

– Калі адведзены законам тэрмін для абскарджвання ўпушчаны, скарга вяртаецца, і рашэнне суда ўступае ў законную сілу. Аднак, варта зазначыць, што чалавек можа ставіць перад судом пытанне аб аднаўленні прапушчанага тэрміну. Такія выпадкі сустракаюцца ў нашай практыцы. І калі для гэтага ёсць слушныя прычыны, суд ідзе насустрач і аднаўляе прапушчаны для абскарджвання тэрмін. Што гэта за прычыны? Ну, скажам, чалавек захварэў і па стану здароўя, што пацверджана адпаведным медыцынскім дакументам, не мог падаць касацыйную скаргу па справе. Або, напрыклад, знаходзіўся ў камандзіроўцы ці гэтаму перашкодзілі іншыя ўважлівыя прычыны. У любым выпадку усе яны будуць вывучаны, і суд прыме справядлівае рашэнне аднавіць прапушчаны тэрмін ці адмовіць у гэтым. Нярэдка грамадзяне звяртаюцца ў суд з просьбай падоўжыць тэрмін, на працягу якога можна падаваць касацыйную скаргу. У нас часцей аб гэтым хадайнічаюць тыя, хто скардзіцца на дзеянні дзяржаўтаінспектараў. Суд, вывучыўшы ўсе абставіны, управе прыняць рашэнне аб падаўжэнні названага тэрміну. Так, зусім нядаўна быў разгледжаны адзін з такіх зваротаў. У судовым паседжанні ўстанавілі, што чалавек і сапраўды не атрымаў папярэджання аб накладанні на яго адміністрацыйнага спагнання і па гэтай прычыне ўпусціў тэрмін, каб абскардзіць накладанне на яго штрафу. Суд скаргу падтрымаў, і тэрмін абскарджвання быў падоўжаны.

– Усё, пра што казалі, датычыць абскарджвання судовых рашэнняў, якія не ўступілі ў законную сілу. А ці можна абскардзіць рашэнне, якое ўступіла ў законную сілу?

– Уступіўшае ў законную сілу пастанаўленне па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні можа быць перагледжана па скарзе асобы, у адносінах да якой яно прынята, а таксама па просьбе пацярпеўшага, яго прадстаўнікоў, адвакатаў, калі яно абскарджвалася да ўступлення ў законную сілу. Такая скарга можа быць пададзена на працягу 6 месяцаў з дня ўступлення ў сілу пастанаўлення аб адміністрацыйным правапарушэнні. Не існуе тэрмінаў, калі пытанне датычыць невінаватасці чалавека. Варта сказаць, што ўвогуле абскарджваецца адносна невялікая частка судовых пастаноў – усяго прыкладна 5 працэнтаў ад агульнай колькасці. А задавольваюцца і таго менш. Так, з пачатку года з разгледжаных 2000 грамадзянскіх спраў абскарджана – 40. У любым выпадку зацікаўленай асобе трэба памятаць, што касацыйныя скаргі на прыгавор суда першай інстанцыі падаюцца на працягу дзесяці сутак з дня вынясення прыгавору праз суд, які яго вынес, а ў адносінах да абвінавачваемага, які ўтрымліваецца пад вартай, – на працягу гэтага ж тэрміну з дня ўручэння яму копіі прыгавору. Такі ж парадак абскарджвання і судовых рашэнняў, дзе таксама трэба не прапусціць 10-дзённы тэрмін з дня вынясення ці ўручэння касатару па яго патрабаванню гэтага рашэння з матывіровачнай часткай. Акрамя гэтага, скаржнікам трэба ведаць, што толькі суд і ніякі іншы дзяржаўны орган мае паўнамоцтвы разглядаць справы і вяршыць правасуддзе. Недапушчальна любое ўмяшальніцтва ў работу суддзяў, што можа пацягнуць за сабой неабходнасць адказваць па закону. Менавіта таму абскарджваць судовыя пастановы можна толькі ў прадугледжаным працэсуальным законам парадку. Накіроўваць скаргі ў іншыя дзяржаўныя органы, а не суд, фактычна з’яўляецца лішняй тратай часу і можа пацягнуць за сабой пропуск тэрмінў для абскарджвання судовых пастаноў.

Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть