Верыць у справядлівасць
Происшествия

Верыць у справядлівасць

Мінулагодняя першавераснёўская раніца надоўга запомніцца аднаму з жыхароў Мікашэвіч. Аднак зусім не мітуснёй, звязанай з пачаткам новага навучальнага года.

У той дзень грамадзянін Б. праездам вырашыў зазірнуць у лунінецкі магазін “Санта”. Прыпаркаваў аўтамабіль на стаянцы і адправіўся за пакупкамі. Вярнуўшыся, адкрыў заднія левыя дзверы свайго “Сітраена” з мэтай уладкаваць пакеты. Ён ужо заканчваў немудрагелістую справу, як з суседняга парковачнага месца раптам пачала рух “Таёта”. Удар, хоць і прыйшоўся па датычнай, пашкодзіў абедзве дзверцы “Сітраена”.

Гаспадар “Таёты”, тым часам, на хвіліну прыпыніўся, агледзеў, ці няма пашкоджання на яго машыне і, не гаворачы ні слова, рвануў з месца. Абураны Б. тут жа патэлефанаваў у міліцыю. Праз некаторы час на месца здарэння прыбыў аўтамабіль работнікаў Дзяржаўтаінспекцыі. Нягледзячы на тое, што гаспадар “Сітраена” паспеў запомніць нумар аўтамабіля, які з’ехаў з месца здарэння, разбіральніцтва было кароткім і, як кажуць, “у адны вароты”.     Дзяржаўтаінспектар склаў на Б. пратакол за тое, што, знаходзячыся на стаянцы, вадзіцель “Сітраена” стварыў перашкоду для іншых  удзельнікаў дарожнага руху. Тая акалічнасць, што на момант вяртання пацярпелага да сваёй машыны ў “Таёце” нікога не было, і яна мірна стаяла на суседнім парковачным месцы, пад увагу ніхто не ўзяў.

З вердыктам дзяржаўтаінспектараў – адміністрацыйным пакараннем у выглядзе штрафу памерам 0,5 базавай велічыні – Б. не пагадзіўся і звярнуўся ў суд. Пасяджэнне адбылося ў пачатку снежня мінулага года. Дасканала вывучыўшы ўсе абставіны здарэння, суддзя прыйшоў да высновы, што скарга грамадзяніна Б. абгрунтаваная. Было прынята рашэнне пастанову часова выконваючага абавязкі начальніка ДАІ аб адміністрацыйным парушэнні ў адносінах да Б. па прычыне адсутнасці ў дзеяннях апошняга саставу парушэння адмяніць. Справа ў тым, што згодна з п.2.52 Правілаў дарожнага руху, перашкода – гэта аб’ект, які знаходзіцца на шляху ўдзельніка дарожнага руху, прымушае знізіць хуткасць, зрабіць аб’езд ці спыніцца. У дадзеным выпадку вызначальным якраз і стаў факт, што ў момант здарэння абедзве машыны стаялі на стаянцы, і калі б вадзіцель “Таёты” проста быў мінімальна ўважлівым, здарэння ўдалося б пазбегнуць.

Перыпетыі на гэтым, аднак, не закончыліся. Калі Б. звярнуўся ў ЗАСТ “Белнафтастрах”  з просьбай кампенсаваць шкоду, прычыненую аўтамабілю ў выніку ДТЗ, адтуль прыйшла адмова. Аказваецца, з аддзялення ДАІ Лунінецкага РАУС даслалі паведамленне №238, датаванае 18 студзеня 2018 года аб тым, што “віноўная асоба, якая пашкодзіла аўтамабіль “Сітраен” не ўстаноўлена”(!). А паколькі адсутнічае той, хто мае грама-дзянскую адказнасць па вяртанню прычыненага ўрону, выпадак страхавым не прызнаецца і на выплаты разлічваць не даводзіцца.

Трэба сказаць, што і на дадзеным этапе Б. рукі не апусціў. За абаронай сваіх правоў ён звярнуўся ў пракуратуру. Як расказала старшы памочнік пракурора Іна Дзерман, пракуратурай было ініцыіравана дадатковае высвятленне ўсіх абставін здарэння, у выніку чаго міліцыя прыняла рашэнне аб прызнанні вінаватым у ДТЗ ва-дзіцеля “Таёты”. Праўда, на той час тэрмін прыцягнення яго да адказнасці выйшаў, аднак сам выпадак  быў прызнаны страхавым, і Б., які здолеў дабіцца справядлівасці, атрымаў належачыя па закону выплаты.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть