Вы яшчэ не атрымалі “ЛІСТ ШЧАСЦЯ”?
Происшествия

Вы яшчэ не атрымалі “ЛІСТ ШЧАСЦЯ”?

ГАІТак іранічна называюць у народзе
паведамленне аб штрафе за парушэнне Правілаў дарожнага руху, зафіксаванае стацыянарнымі датчыкамі кантролю хуткасці. Усяго на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь такіх устаноўлена 41, з іх у Брэсцкай вобласці – 14.
З 1 ліпеня 2012 года работа камер фотафіксацыі пераведзена з тэставага рэжыму ў рабочы. За першыя паўгода было выяўлена 120 000 парушальнікаў. У асноўным датчыкі ўстаноўлены на аўтадарозе М1 Брэст – Мінск – мяжа Ра-сійскай Федэрацыі. Ёсць яны і на аўтатрасе Мінск – Мікашэвічы. Тут сістэма абсталявана таксама функцыямі фіксацыі парушэнняў правілаў абгону, што нярэдка прыводзяць да трагедый на дарозе.
З пачатку 2013 года на Брэстчыне за парушэнне ўстаноўленага хуткаснага рэжыму да адказнасці прыцягнуты больш як 4 000 вадзіцеляў, з іх 524 – у нашым раёне. Лічбы ўражваюць яшчэ і таму, што менавіта хуткасць з’яўляецца адной з асноўных прычын дарожных аварый з цяжкімі наступствамі.
Цяпер магчымасцей беспакарана “ганяць” у парушальнікаў стане менш, бо менавіта на тэрыторыі Брэстчыны ўстаноўлена большая колькасць фотарадараў. І лічба гэтая будзе павялічвацца. Фотакамеры абсталяваны так, каб фіксаваць адлюстраванне і рэгістрацыйныя знакі аўтама-біля-парушальніка. Іх выдатна бачна на фотаздымках, зробленых не толькі днём, але і ў цёмны час сутак, а таксама пры неспрыяльных умовах надвор’я.
Усе фотарадары аб’яднаны ў адзіную сетку, якая дазваляе аператыўна апрацоў-ваць паступаючую інфармацыю. Аўтамабіль правяраюць па Адзінай базе дадзеных для ўстанаўлення ўладальніка. Пасля гэтага апошняму накіроўваецца пастанова аб адміністрацыйным спагнанні з фотаздымкам правапарушэння, а таксама квітанцыя, дзе ўказваюцца патрэбныя рэквізіты і сума штрафу.
Вадзіцелям важна ведаць, што штрафныя санкцыі выносяцца менавіта ў адносінах да аўтаўладальні-ка. І зусім не мае значэння, хто ў гэты момант быў за рулём.
Ліхачамі могуць аказацца і злодзеі. У такім выпадку ўладальніку неабходна будзе прадставіць даведку з праваахоўных органаў аб тым, што на момант учынення парушэння машына знаходзілася ва ўгоне.
На аплату штрафу адводзіцца 1 месяц з дня атрымання дакумента. За парушэнні, выяўленыя фотарадарам, звычайна выно-сіцца мінімальнае пакаранне. Але ёсць і выключэнні. Калі мінімальным пакараннем з’яўляецца папярэджанне, вадзіцеля ўсё роўна пакараюць грашовым штрафам. Так, за перавышэнне хуткасці ад 10 да 20 кіламетраў у гадзіну парушальніку трэба будзе заплаціць 0,5 базавай велічыні (на сённяшні дзень БВ складае 100 тысяч).
Калі вадзіцель не прызнае сябе вінаватым, ён управе абскардзіць пастанову аб накладанні адміністрацыйнага спагнання. На гэта таксама даецца 1 месяц. Скаргу трэба падаваць у аддзяленне ДАІ па месцы жыхарства, незалежна ад таго, дзе ўчынена парушэнне. У выпадку, калі парушальнік хуткаснага рэжыму ўвогуле праігнаруе пастанову, да яго наведаюцца судовыя выканаўцы.
Нагадаю, што згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, прадугледжаны наступныя штрафныя санкцыі:
– за перавышэнне хуткасці ад 10 да 20 кіламетраў у гадзіну – папярэджанне ці штраф у памеры 1 БВ;
– ад 20 да 30 кіламетраў у гадзіну – штраф у памеры ад 1 да 3 БВ;
– больш як 30 кіламетраў у гадзіну – штраф ад 2 да 10 БВ.
Падобнае паўторнае парушэнне, учыненае на працягу года пацягне за сабою штраф у памеры ад 5 да 15 БВ ці пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання тэрмінам на 1 год.
Укараненне сістэмы фотафіксацыі дае жаданы вынік: колькасць парушальнікаў хуткаснага рэжыму зменшылася, як і колькасць загінуўшых у ДТЗ людзей. Вадзіцелям жа варта памятаць, што ў вялікай ступені ад кожнага з іх залежыць бяспека на дарогах. Беражыце сябе і іншых.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть