Происшествия
ВЯСКОВАЯ “САНТА БАРБАРА”
Не дзіўна, што ў вёсках часта можна сустрэць людзей з аднолькавым прозвішчам, якія на самай справе не знаходзяцца ў роднасных адносінах. Вось Марына і Аляксей Васюкевічы (прозвішча і імёны зменены. – Рэд.) пражылі разам 16 год, а шлюб так і не зарэгістравалі, не палічылі неабходным.
Сказаць, што іх жыццё было салодкім, нельга. Навакольныя неаднаразова станавіліся сведкамі сварак, якія часцей узнікалі на глебе злоўжывання алкаголем. У адзін з вечароў суседка праз акно ўбачыла, што ў доме Васюкевічаў нешта гарыць, і папрасіла мужа схадзіць паглядзець. Хутка ён вярнуўся ўсхваляваны і з парога крыкнуў: «Тэрмінова выклікай «Хуткую”…
Яшчэ днём у доме Васюкевічаў сабралася кампанія. Праз пэўны час гаспадыня пакінула дом па сваіх справах, а калі вярнулася, то стала сведкай любоўнай ідыліі, якая хутка перарасла ў сцэну рэўнасці. Тут Аляксей не вытрымаў і прыгразіў, што калі Марына не супакоіцца, спаліць яе.
– Ну дык палі! – рэзка адказала жанчына.
Раз’юшаны герой-любоўнік хутка знайшоў бутэльку з бензінам, паліў ім галаву сужыцелькі і… падпаліў. Успыхнула полымя. З дапамогай вады і коўдры ўдалося пазбегнуць страшнай трагедыі, але на баль-нічны ложак жанчына трапіла надоўга.
Калі Аляксей працверазеў, зразумеў, што нарабіў бяды, якая можа каштаваць яму волі, таму хутка стаў шукаць шляхі прымірэння. Жанчына паверыла яму і даравала.
Суд спыніў вытворчасць па крымінальнай справе ў адносінах Васюкевіча і вызваліў яго ад адказнасці за прымірэннем бакоў.
Аднак, пракуратура не згадзілася з пастановай суда і накіравала пратэст у судовую калегію па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда. Абвінаваўцы палічылі, што нельга пакідаць вінаватага беспакараным па некалькіх прычынах. Аляксей пэўны час нідзе не працуе, злоўжывае спіртным, вядзе амаральны лад жыцця, па месцы жыхарства характарызуецца адмоўна. Па паказаннях сусе-дзяў, у доме часта адбываюцца сваркі і бойкі. Не праявіў ініцыятывы і для кампенсацыі расходаў на лячэнне сужыцелькі, а яны медустанове каштавалі амаль 5 мільёнаў рублёў. Да таго ж, пры апытанні на наступны дзень пасля здарэння расказваў:
– Раззлаваўшыся на Марыну, хацеў адсячы ёй галаву. Пайшоў шукаць сякеру, але натыкнуўся на бензапілу з бутэлькай бензіну…
І вось назначаны новы судовы разгляд. На гэты раз пакарання Васюкевічу пазбегнуць не ўдалося, хаця пацярпеўшая і вінаваціла сябе ў тым, што сама справакавала канфлікт. Суд прызнаў Васюкевіча вінаватым у наўмысным прычыненні агульнанебяспечным спосабам менш цяжкага цялеснага пакалечання. Яму назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Надзея НЕКРАШЭВІЧ, памочнік пракурора.