Происшествия
ВЫКАНАЦЬ АБАВЯЗАК І ЗАСТАЦЦА ЧАЛАВЕКАМ
16 чэрвеня – Дзень супрацоўнікаў спецыяльных устаноў і канвойных падраздзяленняў міліцыі. На Лунінеччыне непасрэднае дачыненне да свята маюць 9 супрацоўнікаў ізалятара часовага ўтрымання і 8 – медыцынскага выцвярэзніка.
Перш чым узначаліць падраздзяленне ізалятара часовага ўтрымання, старшы лейтэнант міліцыі Дзмітрый Ламаносаў працаваў у пазаведамаснай ахове, затым участковым інспектарам у Мікашэвічах.
– Ва ўсе часы былі, ёсць і будуць грамадзяне, якія не хочуць жыць па агульначалавечых законах. Замах на чужыя жыцці, завалодванне маёмасцю і іншыя злачынствы строга караюцца законам. Вызначаць віноўнасць таго ці іншага падазраваемага – справа суда, наша ж – заключаецца ў наглядзе за імі, часовай ахове і канваіраванні да месцаў следчых дзеянняў ці вынясення прысуду. Сваю задачу будзем лічыць выкананай толькі тады, калі жыхары раёна ў любы час змогуць быць упэўненымі, што не стануць аб’ектамі злачынства. На жаль, гэтага пакуль не адбываецца, і сведчанне таму – пастаянная напоўненасць камер у нашым ізалятары. Толькі за 5 месяцаў гэтага года тут утрымлівалася 879 грамадзян. Ста адзінаццаці з іх было прад’яўлена абвінавачванне ва ўчыненні злачынстваў, 66 грамадзян да суда знаходзіліся непасрэдна пад аховай.
Адным з лепшых супрацоўнікаў ізалятара часовага ўтрымання лічыцца дзяжурны-міліцыянер Мікалай Юрко.
Яго агульны стаж у органах міліцыі – 20 год, 14 з якіх Мікалай Міхайлавіч працуе ў ізалятары часовага ўтрымання. Чалавеку, які хоць раз пераступаў парог за трыма «сур’ёзнымі” дзвярамі, няцяжка ўявіць, што адчуваюць тыя, хто па доўгу службы вымушаны суткамі знаходзіцца ў змрочным калідоры з камерамі са шклянымі «вочкамі”, за якімі чакаюць свайго лёсу не лепшыя прадстаўнікі нашага грамадства.
– Службу ў нас не выбіраюць. Заступіўшы сюды ўпершыню, засумняваўся, ці здолею? Цяпер жа ўпэўнены, што знаходжуся на сваім месцы. Кантынгент у нас самы розны. Павага да чалавечай годнасці ўтрымліваемых, дакладнае захаванне законнасці – вось складаемыя поспеху нашай службы. Быць вышэй за тых, хто знаходзіцца па той бок дзвярэй, і захаваць чалавечы твар няпроста. Менавіта таму, перш чым прыйсці сюды, неабходна набрацца жыццёвага вопыту, які ёсць і ў майго калегі Андрэя Кляўцэвіча. Адслужыўшы тэрміновую службу ва ўнутраных войсках, застаўся па кантракту, а 5 год таму перавёўся да нас і старанна выконвае свой абавязак…
Быў у гісторыі краіны час, калі медыцынскія выцвярэзнікі спынілі сваё існаванне. Ды толькі наша грамадства, адной з заган якога з’яўляецца п’янства, доўга абысці-ся без такой «паслугі” не здолела.
У Лунінцы паўгода таму спецмедустанову ўзначаліў капітан міліцыі Сяргей КАНАПАЦКІ. Медвыцвярэзнік працуе па асаблівым графіку. Рабочы час для яго служачых пачынаецца ўвечары і заканчваецца раніцай. Правесці ноч пад міліцэйскай аховай і медыцынскім кантролем адначасова могуць 5 выпівох, кожнаму з якіх давядзецца заплаціць «за паслугі” па 2,5 базавай велічыні. У мэтах папярэ-джання п’янства, кожны факт трапляння ва ўстанову даводзіцца да ведама кіраўніцтва затрыманага. Медвыцвярэзнік мае сучасную сістэму відэаназірання, камп’ютарную тэхніку з падключэннем да базы дадзеных МУС, папку-накапляльнік са спісамі асоб, якія стаяць на ўліках у РАУС і паліклініцы.