Происшествия

ВЫПРАБАВАННЕ “МЕДНЫМІ ТРУБАМІ”

Яго, як высветлілася, вытрымлівае далёка не кожны надзелены ўладай і магчымасцямі чалавек. Доказ гэтаму – колькасць спраў карупцыйнай накіраванасці, раскрытых і даведзеных летась да суда. Па ўсіх урон быў вернуты ў поўным аб’ёме яшчэ ў ходзе папярэдняга следства, аднак вінаватым не ўдалося пазбегнуць заслужанага пакарання. Больш падрабязна аб усім папрасілі расказаць пракурора Віктара Васільевіча САВІЧА.

— Летась па карупцыйных злачынствах было ўзбуджана 11 крымінальных спраў. Сем з іх – крадзяжы шляхам злоўжывання службовым паўнамоцтвамі, адна – злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, дзве – хабарніцтва і адна – службовы падлог. Пераважная большасць злачынстваў карупцыйнай накіраванасці ўчынена ў аграпрамысловым комплексе – пяць. Прычым чатыры “запісалі на свой рахунак” асобы на пасадах – старшыня сельгаскааператыва, галоўны аграном, галоўны інжынер, брыгадзір… 

— Гісторыя са старшынёй СВК “Рэдзігераўскі” доўгі час была на слыху ў абывальнікаў, абрастала неверагоднымі падрабязнасцямі. А як насамрэч была справа?

— Сапраўды старшыня праўлення названага сельгаскааператыва абвінавачваўся ў крадзяжы дызельнага паліва. Справа накіравана ў суд. У выніку абвінавачваемы пакараны пазбаўленнем на 4 гады права займаць кіруючыя пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў. Адначасова ён аштрафаваны на 150 базавых велічынь. Аднак з прыгаворам ён не пагадзіўся. У касацыйную інстанцыю накіравана скарга, якая пакуль не разгледжана. Як толькі атрымаем звесткі пра канчатковы вынік разгляду, адразу паведамім чытачам. У адным радзе з гэтым злачынствам стаіць і “азярніцкая справа”. Галоўны аграном СВК “Азярніца” Уладзімір Шкут прыбраў да рук насенне кармавых і сталовых буракоў, якое летась засталося пасля пасяўной. Кошт яго склаў больш як 1 мільён 300 тысяч рублёў. Злачынства ўскладнялася тым, што, спрабуючы схаваць крадзеж, спецыяліст у афіцыйныя справаздачныя дакументы ўнёс заведама падманныя лічбы, падмацаваныя несапраўднымі актамі на спісанне насення. Падлог быў выкрыты. Следчыя правялі вялікую работу, збіраючы даказальную базу. Прыгаворам суда Шкут аштрафаваны на 50 базавых велічынь і тры гады не мае права займаць кіруючыя пасады. Варта сказаць, што карыстаючыся бескантрольнасцю і агрэхамі ва ўліку матэрыяльных каштоўнасцей, у сельгаскааператывах хто-ніхто па-ранейшаму імкнецца ўкрасці тое, што дрэнна ляжыць. Валакуць усё – ад насення да запасных частак. У КУП “Міжлескае” брыгадзір трактарнай брыгады Кандзярэшка ўкраў карданны вал, коштам больш як 450 тысяч рублёў. Галоўны спецыяліст СВК “Лунінскі” “замахнуўся” на два прэс-падборшчыкі, што стаялі на мехдвары… 

— Не менш “гучнай” была і справа аб хабарніцтве. Ведаю, што выявіць і, галоўнае, даказаць падобнае злачынства вельмі няпроста. Як гэта ўдалося?

— Не будзем раскрываць сакрэты мясцовых пінкертонаў. Але адна са спраў аб хабарніцтве і сапраўды даведзена да суда. Учынена злачынства на “Палессеэлектрамашы” начальнікам чыгуна-ліцейнага цэха Гелецам. Хабар ён браў ад падначаленых у асноўным за тое, каб захаваць за імі месца работы. Аднаму рабочаму паабяцаў вывесці са спісаў на скарачэнне. У другім выпадку – закрыў вочы на парушэнне падначаленым працоўнай дысцыпліны… Словам, учынкі ўпаўне адпавядаюць часу: праявы эканамічнага крызісу нават самых нядбайных прымушаюць трымацца за работу – крыніцу існавання. І гэта імгненна выкарыстоўваюць рознага кшталту прыстасаванцы. Праўда, каштуе такая “прагрэсіўнасць” нятанна: хабарнік атрымаў 6 з паловай год пазбаўлення волі. Здавалася б, злачынцы атрымалі па заслугах, аднак упэўненасці ў тым, што заўтра падобнае не паўторыцца, па-ранейшаму няма.

— Чаму так?

— Пракуратурай актыўна праводзяцца праверкі захавання антыкарупцыйнага заканадаўства. У ходзе іх выяўляецца нямала прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню злачынстваў. Аднак кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый не спяшаюцца выконваць прадпісанні і тэрмінова ліквідаваць пралікі. Далёка не ва ўсіх калектывах распрацаваны мерапрыемствы, накіраваныя на барацьбу з карупцыяй, не афармляюцца спецыяльныя пісьмовыя абавязацельствы, чым парушаецца адпаведнае заканадаўства. Так было на рамонтна-механічным заводзе, у Лунінецкай жыллёва-камунальнай гаспадарцы ды і ў некаторых іншых калектывах. На многіх прадпрыемствах кантроль з боку адміністрацыі за работай асоб на пасадах зведзены да фармалізму, і мэтанакіраванай, прынцыповай работы па папярэджанню карупцыйных праяў па сутнасці не вядзецца. Адмоўным чынам адбіваюцца і пралікі ў кадравых пытаннях. Інакш, як магло здарыцца, што на службу ў раённы аддзел ўнутраных спраў трапіў інспектар па адміністрацыйнай практыцы, які, выкарыстоўваючы службовае становішча, выдаў грамадзяніну заведама несапраўднае часовае пасведчанне на права кіравання транспартным сродкам? Ды і ўвогуле, у працоўных калектывах, дзе адзначаюцца парушэнні карупцыйнага заканадаўства, не заўсёды аператыўна даводзяць іх да ведама работнікаў.

— Ці рэальна своечасова заўважыць першыя негатыўныя праявы гэтай злоснай пачвары – карупцыі?

— Вядома. Прычым, пачынаецца ўсё з бяскрыўдных, здавалася б, дробязяў. Найчасцей гэта – няправільна ўказаныя ў дэкларацыі звесткі аб даходах і маёмасці. Многія з тых, хто абавязны прадастаўляць такі дакумент, не лічаць за патрэбнае ўказваць, якім чынам і за колькі набыта нерухомасць у выглядзе дамоў і кватэр. Бачыць у кожным патэнцыяльнага карупцыянера, вядома ж, няварта. Магчыма, чалавек і насамрэч забыўся пра невялікі даход ці проста не ведаў, што такія звесткі трэба ўказваць у дэкларацыі. Але ігнараваць графу, дзе чорным па белым значыцца “від маёмасці”, “дата і спосаб набыцця”, “кошт” няварта. 

— Віктар Васільевіч, але ж у раёне распрацаваны спецыяльны комплекс мер па папярэджанню вышэй пазначанай катэгорыі парушэнняў і ўвогуле ўмацаванню грамадскага парадку. Няўжо гэты дакумент не дае жаданага плёну?

— Вы правільна заўважылі: распрацаваны комплекс мер накіраваны, перш за ўсё, на ўмацаванне грамадскага парадку. Ён, на жаль не ўтрымлівае мерапрыемстваў, канкрэтна закліканых супрацьдзейнічаць карупцыі і выяўляць звязаныя з ёю злачынствы. А гэта трэба рабіць тэрмінова, інакш колькасць крымінальных спраў карупцыйнай накіраванасці будзе вылічвацца не адным, а дзесяткамі спраў. І гэта аніяк не будзе садзейнічаць усталяванню станоўчага іміджу нашага рэгіёна.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть