Выслухаць і дапамагчы
Происшествия

Выслухаць і дапамагчы

карлюкСёлета ў прокуратуру раёна паступіла 125 зваротаў грамадзян, што на 5,3 працэнта менш, чым за такі ж перыяд летась. Разам з тым, на 4,6 працэнта больш (68 запытаў) атрымалі кваліфікаванае вырашэнне непасрэдна з дапамогай работнікаў гэтага нагляднага органа. Расказвае пракурор раёна Аляксандр КАРЛЮК:

— Пераважная большасць зваротаў была ў кампетэнцыі праваахоўных, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, устаноў, арганізацый, у сувязі з чым і былі накіраваны ў адпаведныя інстанцыі. Гэта, дарэчы, сведчыць аб пэўнай неінфармаванасці насельніцтва, куды, перш за ўсё, трэба звяртацца са сваімі праблемамі. Часцей грамадзяне выказваюць нязгоду з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці ці спыненнем праверкі па адміністрацыйнаму матэрыялу, скардзяцца на рашэнні РАУС ці раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, спыненні папярэдняга расследавання. Па-ранейшаму нярэдка сустракаюцца пытанні, звязаныя з працоўнымі ці зямельнымі спрэчкамі. Пры гэтым далёка не ўсе грамадзяне ведаюць, што пры падачы ў пракуратуру скаргаў па адміністрацыйных, грамадзянскіх і крымінальных справах прадугледжана дзяржаўная пошліна. Менавіта па гэтай прычыне сёлета было вернута 9 зваротаў.

I ўсё ж галоўнае не гэта, а тое, што пракурорскія работнікі заўсёды імкнуцца дапамагчы тым, хто да іх звяртаецца. Так было і ў выпадку, калі са скаргай на работнікаў кафэ “Алімп” прыйшла адна з жыхарак раёна. Пракуратурай была праведзена пазапланавая праверка захавання ў ААТ “ЮКМІ ГРУПП”, якому належыць кафэ, заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама заканадаўства аб парадку вядзення кнігі заўваг і прапаноў. Былі выяўлены парушэнні, у тым ліку і санітарна-гігіенічныя, якія сталі прычынай вынясення прадпісання ў адрас кіраўніцтва ўстановы, а менеджэр кафэ прыцягнута да адміністрацьйнай адказанасці ў выглядзе штрафу ў 6 базавых велічынь.

Акрамя гэтага, сёлета на прадмет захавання вышэй пазначанага заканадаўства былі правераны райвыканкам, аддзел унутраных спраў, аддзел па надзвычайных сітуацыях, райваенкамат, ААТ “Палімер”, “Палессеэлектрамаш”, “Спецжалезабетон”. Найбольш характэрнымі выяўленымі парушэннямі сталі фармалізм пры высвятленні ўсіх абставін, якія сталі прычынай скаргі, парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў разгляду ці ўвогуле пакіданне без разгляду некаторых зваротаў грамадзян, грэбаванне патрабаваннямі справаводства.

Варта таксама адзначыць, што за першае паўгоддзе павялічылася колькасць грамадзян, якія прыйшлі ў пракуратуру на асабісты прыём. Такіх сёлета было 121. Зразумела, што ніводзін са зваротаў не пакінуты без увагі.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть