Хто агня не беражэцца, той хутка апячэцца
Происшествия

Хто агня не беражэцца, той хутка апячэцца

IMG_2413Папярэджванню пажараў і гібелі людзей на іх сёння надаецца асаблівая ўвага. Важную ролю ў гэтым адыгрывае работа з насельніцтвам. Чарговы сельскі сход прайшоў у клубе вёскі Азярніца. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі як раённых, так і мясцовых органаў улады.

Старшыня Дварэцкага сельвыканкама Аляксандр Віднікевіч расказаў пра мерапрыемствы, якія праводзяцца па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў на падведамаснай тэрыторыі. Намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Эдуард Санюковіч адзначыў, што правядзенне сельскіх сходаў, падчас якіх абмяркоўваюцца праблемныя пытанні, ужо стала добрай традыцыяй. Ён паведаміў аб становішчы спраў з пажарамі ў раёне, прывёў статыстычныя дадзеныя. Так, на Лунінеччыне за мінулы год зафіксавана 72 пажары, загінулі 10 чалавек. Насельніцтву растлумачылі патрабаванні да абсталявання ацяплення. Адна з галоўных прычын трагедый — курэнне ў ложку, неасцярожнае абы-ходжанне з агнём у стане алкагольнага ап’янення.

Начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Уладзімір Рыбак расказаў аб стане прафілактычнай работы па папярэджванню п’янства і алкагалізму. За мінулы год на Лунінеччыне зарэгістравана 348 злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. I самае сумнае ў гэтай сітуацыі тое, што значная колькасць злачынстваў (171) учынена ў стане алкагольнага ап’янення. Вывад адзін — гэта сур’ёзная праблема, да якой нельга заставацца абыякавымі. Таму калі заўважылі, што вашы родныя, сябры, калегі па рабоце ці суседзі злоўжываюць спіртным, вядуць амаральны лад жыцця, не маўчыце, паведаміце пра гэта ў адпаведныя службы.

Аб бяспецы дарожнага руху, а таксама змяненнях ў ПДР праінфармаваў начальнік аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Аляксандр Антановіч. Ён засяродзіў увагу прысутных на неабходнасці выкарыстоўваць флікеры, а таксама абсталёўваць веласіпеды, конныя павозкі святлоадбіваючымі элементамі, каб быць прыкметнымі ў цёмны час сутак.

Падводзячы вынікі сходу, Эдуард Санюковіч яшчэ раз нагадаў пра важнасць агучаных пытанняў. Затым жыхарам прадэманстравалі відэафільм аб тым, да чаго можа прывесці грэбаванне правіламі бяспекі і злоўжыванне алкаголем.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть