ХТО ДАПАМАГАЕ ЗЛОДЗЕЯМ?
Першыя два месяцы года прынеслі сумную статыстыку
крымінальных зводак: колькасць крадзяжоў павялічылася ў паўтара раза. Большасць
з іх – 54 – складаюць пасягальніцтвы на маёмасць грамадзян, і толькі 4 датычаць
калектыўнай ці грамадскай уласнасці. Нізкім застаецца і працэнт раскрывальнасці
такіх злачынстваў: у 33-ох выпадках, асобы, учыніўшыя іх, дагэтуль не
ўстаноўлены. Што робіцца для таго, каб сітуацыю выправіць? З гэтага пытання
пачалася размова з пракурорам Віктарам САВІЧАМ.
— Адразу ж адбылася аператыўная нарада з удзелам
работнікаў пракуратуры і аддзела ўнутраных спраў. У ходзе прынцыповай размовы
было высветлена, што найбольш тыповымі сітуацыямі ўчынення пазначанага віду
злачынстваў з’яўляецца спантаннае рашэнне зламыснікаў, якія часцей за ўсё
знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, пажывіцца за чужы кошт. Украдзенае
амаль адразу ж рэалізуецца, а грошы зноў жа ідуць на п’янкі. Нельга не
адзначыць і той факт, што пэўным чынам недапрацоўваюць вартавыя правапарадку на
месцах. Асоб, схільных да проціпраўных дзеянняў у вёсках, як правіла, ведаюць.
І калі б яны пастаянна адчувалі нагляд і кантроль з боку ўчастковых, то многія
крадзяжы можна было б папярэдзіць. Своеасаблівым штуршком да злачынства нярэдка
з’яўляецца і элементарная нядбайнасць саміх уладальнікаў маёмасці. Паглядзіце,
што часцей за ўсё ў нас крадуць? Камплектуючыя і іншую маёмасць з аўтамабіляў,
пакінутых на неахоўвамых стаянках (9 выпадкаў), металічны лом з падворкаў ці
гарышчаў сядзіб, гаспадары якіх пэўны час адсутнічаюць (9), пакінутыя без
нагляду веласіпеды (5), грошы (5 выпадкаў). Мы ж ведаем, што нячысты на руку
непрацуючы ці раней судзімы аднавясковец ніколі не пройдзе міма таго, што
дрэнна ляжыць і ўсё роўна спадзяемся на «авось”. Асобным радком варта сказаць
пра скупшчыкаў металічнага лому. Ліцэнзію на такую дзейнасць маюць адзінкі.
Разам з тым, практычна ў кожным вялікім населеным пункце ёсць «кропкі”, дзе
незаконна нарыхтоўваюць лом чорных і каляровых металаў. І адрасы гэтыя ведаюць
не толькі жыхары, але і работнікі сельвыканкама. Відавочна, усё-такі пакуль іх
узаемадзеянне з праваахоўнікамі пакідае жадаць лепшага.
— Віктар Васільевіч, а што можна сказаць у дачыненні да
4-ох выпадкаў крадзяжоў дзяржаўнага дабра?
— У пераважнай большасці тут таксама не былі прыняты меры
для захаванасці маёмасці. Іншымі словамі кажучы, украсці каштоўнасці можна было
без асаблівай цяжкасці.
— Па выніках трэцяга квартала на тэрыторыі раёна
зафіксавана і прыкметнае павелічэнне агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў.
У чым бачыце корань зла?
— У росце рэцыдыву. Колькасць тых, хто ўпершыню ўступіў у
канфлікт з законам, на шчасце, невялікая. Аднак той факт, што ў агульнай
статыстыцы злачынстваў перабольшваюць былыя судзімыя, вельмі насцярожвае.
Пэўным чынам садзейнічаюць гэтаму негатыўныя адносіны да названай катэгорыі
грамадзян з боку грамадства. Ім цяжка працаўладкавацца, а пры адсутнасці
пастаяннай крыніцы даходу яны нярэдка выбіраюць «лёгкі хлеб”, ідучы на
крадзяжы. З другога боку трэба ўсё-такі ўзмацніць прэвентыўны нагляд за тымі,
хто мае судзімасць. Многія з патэнцыяльных злачынцаў, калі б ведалі, што сёння-
заўтра да яго завітае ўчастковы, пацікавіцца, дзе і з кім ён бавіць час, не
рызыкнулі б выпрабоўваць лёс. А так – штодня сабутэльнікі, п’яныя разборкі.
Нярэдка пасля такіх сустрэч, не разбіраючыся, крадуць адзін у аднаго, зноў жа
ўскладняючы агульную крымінальную статыстыку.
— Ці ёсць станоўчыя факты, якія б сведчылі пра
стабілізацыю крымінагеннай сітуацыі ў раёне?
— Ну, яна не такая безнадзейная. Зараз удалося і
прыкметна абмежаваць колькасць крадзяжоў: па выніках квартала яна адпавядае
паказчыку адпаведнага перыяду мінулага года. Удалося затрымаць цэлую групоўку
«гастралёраў” з суседняга Ганцавіцкага раёна, якая ўчыніла серыю крадзяжоў на
Лунінеччыне. Не зарэгістравана забойстваў (летась было 2). Няма наўмыснага
прычынення цяжкіх цялесных пакалечанняў (летась – 1). Не зафіксавана выпадкаў
згвалтавання, махлярства, рабаўніцтва. Актывізавалася барацьба з незаконным
абаротам наркотыкаў. Прычым, з васьмі «наркаспраў” тры ўзбуджаны па фактах
збыту, што вельмі важна, бо ўдаецца перакрыць каналы распаўсюджвання атруты.
Мэтанакіравана ідзе барацьба з эканамічнымі злачынствамі.
— Што яшчэ хвалюе пракурора?
— Становішча дзяцей у нядобранадзейных сем’ях. Дзяржава
праз заканадаўства клапоціцца пра такую дзетвару, але на месцах, на жаль, гэтая
работа бачна не ўсюды. У некаторых сельвыканкамах камісіі па справах
непаўналетніх нярэдка дапускаюць факты фармальнага стаўлення да сваіх
абавязкаў.Пра эфектыўнасць якой работы можна гаварыць? Мы бывалі ў некаторых
сем’ях на тэрыторыі Дварэцкага і
Чучавіцкага сельсаветаў. Становішча ў іх
уразіла настолькі, што пра яго нельга расказваць без зразумелага чалавечага
шкадавання. Хіба не ведалі пра гэта ў сельвыканкамах? Бяда ў тым, што пэўныя
прадстаўнікі ўлады на месцах склалі з сябе ролю каардынатараў работы з
нядобранадзейнымі сем’ямі. Ды і са школамі, дзе такія дзеці знаходзяцца
навідавоку, узаемадзеянне назіраецца далёка не заўсёды. Разам мы , вядома ж,
будзем сітуацыю папраўляць.
— Ці часта людзі скардзяцца на работу супрацоўнікаў РАУС?
— Летась у пракуратуру раёна паступіла 328 пісьмовых
зваротаў, з іх 81 – скаргі на дзеянні і рашэнні супрацоўнікаў РАУС. Дванаццаць
з гэтай колькасці – задаволены. У асноўным датычылі яны непаўнаты праведзеных
супрацоўнікамі міліцыі праверак і валакіты. Варта таксама адзначыць, што летась
20 супрацоўнікаў РАУС мелі дысцыплінарныя спагнанні. Зразумела, садзейнічаць выпраўленню недахопаў
будуць не толькі падобныя меры ўздзеяння, але і цвёрдае ўсведамленне таго, што
ад кожнага залежыць дасягненне бяспекі і стабільнасці ў грамадстве.
Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.