Хто выйдзе на свабоду?
Происшествия

Хто выйдзе на свабоду?

прокуратураПа папярэдніх падліках, з месцаў пазбаўлення волі будуць вызвалены 2200 чалавек, ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год — 3000 чалавек. Акрамя гэтага, з выпраўленчых устаноў адкрытага тыпу адпаведна — 715 і 600 грамадзян.

З 29 мая 2015 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 28.05.2015 г. №259-3 “Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, у якім устаноўлены крытэрыі вызначэння круга асоб, якія падлягаюць амністыі, і ўмовы яе прымянення.

Цяперашні закон традыцыйны і практычна нічым не адрозніваецца ад аналагічных папярэдніх. Пад яго дзеянне падпадаюць асобы, якія ўчынілі злачынства да дня ўступлення заканадаўчага акта ў сілу. Прадугледжана вызваленне ад пакарання цапкам або часткова, зыходзячы з адпаведных крытэрыяў і ўмоў.

Так, у законе змяшчаюцца нормы аб вызваленні пры пэўных умовах ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, у прыватнасці, непаўналетніх, цяжарных, жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 год, пенсіянераў, інвалідаў, грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый. У дачыненні да шэрагу асуджаных будзе разглядацца пытанне аб скарачэнні тэрміну пакарання.

Ад пакарання вызваляюцца асобы, учыніўшыя злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, па якіх назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання ці пазбаўлення волі, прыгаворы ў адносінах якіх пастаноўлены на дзень уступлення ў сілу Закона. Вызваляюцца ад пакарання і тыя, хто ўчыніў злачынствы, якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх, дзе назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання, пазбаўлення волі, калі на дзень уступлення Закона ў сілу яны адбылі не менш адной чвэрці назначанага тэрміну. У абодвух выпадках не павінна быць перашкод да прымянення амністыі.

У той жа час у нарматыўным акце выкладзены пералік злачынстваў, за ўчыненне якіх асоба (нават калі яна адносіцца да льготнай катэгорыі) не вызваляецца ад пакарання, іншых мер крымінальнай адказнасці, і амністыя да яе не прымяняецца. Гэта тыя, хто вырошчваў наркасыравіну, уцягваў іншых у спажыванне наркотыкаў, учыніў гвалтоўныя злачынствы супраць непаўналетніх. Не змогуць разлічваць на акт гуманізму забойцы і наркагандляры, а таксама нецвярозыя вадзіцелі, па чыёй віне загінулі людзі.

Амністыя не распаўсюджваецца на асоб, да якіх на працягу 2007-2014 гадоў прымянялася амністыя або памілаванне, але яны зноў учынілі наўмыснае злачынства ў перыяд нязнятай або непагашанай судзімасці; якія не пакрылі прычынены злачынствамі ўрон (шкоду), а таксама расходы на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, ці запазычанасці па аліментах; якія злосна парушаюць устаноўлены парадак падчас адбывання пакарання або іншых мер крымінальнай адказнасці; якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў.

Выкананне Закона ўскладзена на органы і ўстановы, якія выконваюць пакаранне, органы ўнутраных спраў, крымінальнага праследавання, суды.

Андрэй ЛУКАШЭВІЧ, намеснік пракурора раёна



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть