Происшествия
ЯК ЗАРЭГІСТРАВАЦЬ МАПЕД?
Апошнім часам сталі карыстацца асаблівай папулярнасцю мапеды замежнай вытворчасці, так званыя скутары. Часта іх уладальнікі ездзяць без моташлемаў, не маюць вадзіцельскага пасведчання і адпаведна дапускаюць парушэнні правілаў дарожнага руху. Гэтым яны падвяргаюць небяспецы ўласнае жыццё і здароўе, а таксама ствараюць рэальную пагрозу для іншых удзельнікаў дарожнага руху.
Улічваючы такую сітуацыю, з 23 красавіка гэтага года заканадаўствам устаноўлена абавязковая дзяржаўная рэгістрацыя скутараў, а права на кіраванне імі прадастаўляецца грамадзянам, якія маюць пасведчанне вадзіцельскае любой катэгорыі або трактарыста-машыніста. Калі адпаведны дакумент адсутнічае, можна атрымаць пасведчанне на кіраванне мапедам, здаўшы тэарэтычны экзамен у падраздзяленні Дзяржаўтаінспекцыі.
З 23 красавіка па 1 жніўня рэгістрацыя мапедаў ажыццўлялася ў спрошчаным рэжыме. На тэрыторыі Лунінецкага раёна адпаведную працэдуру прайшлі 152 транспартныя сродкі, яшчэ 265 зваротаў грамадзян, якія паступілі да 1 жніўня, па тэхнічных прычынах знаходзяцца на стадыі разгляду і афармлення. Але як вядома, не ўсе паспелі зарэгістраваць мапеды ва ўстаноўлены тэрмін. Што цяпер рабіць уладальнікам? Адказвае на пытанне начальнік МРЭА ДАІ АУС Пінскага гарвыканкама Анатоль КЛІМАВЕЦ:
– На падставе ўказання Упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Рэспублікі Беларусь, зараз рэгістрацыя мапедаў ажыццяўляецца пры прадастаўленні дакументаў, выдадзеных мытнымі органамі, у тым ліку копій, завераных імпарцёрам, і пацвярджаючых законнасць набыцця.
– Бывае, што скутар на тэрыторыю краіны ўвёз грамадзянін і прадаў другому без афармлення здзелкі. Як у такім выпадку паступіць, каб зарэгістраваць яго?
– Пры наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць увоз транспартнага сродка на тэрыторыю краіны да 23 красавіка, яго новаму ўладальніку трэба явіцца разам з грамадзянінам, на каго аформлены мытныя дакументы, у любое падраздзяленне Дзяржаўтаінспекцыі і заключыць дагавор куплі-продажы ўстаноўленага ўзору, а потым зарэгістраваць па месцы жыхарства або рэгістрацыі.
– Што рабіць, калі ўладальнікі мапедаў да 1 жніўня звярталіся для рэгістрацыі ў Дзяржаўтаінспекцыю, але па тых ці іншых прычынах так і не здолелі давесці справу да канца?
– На грамадзян, якія маюць акты агляду, выдадзеныя да пазначанай даты, распаўсюджваецца спрошчаны парадак рэгістрацыі – без праваўстанаўліваючых дакументаў на мапед.
Жыхары Лунінецкага раёна могуць зарэгістраваць мапеды ў нашым МРЭА па адрасе: г. Пінск, вул. Крайняя, 15 (будынак Пінскай аўташколы ДТСААФ) штодзень з 8.00 да 15.00, акрамя нядзелі і панядзелка.