Происшествия

З “клопатам” – за правапарадак

Канікулы – не за гарамі! Пара адпачынку для дзяцей і самы гарачы час для супрацоўнікаў інспекцый па справах непаўналетніх. Менавіта таму з 1 мая па 1 верасня на тэрыторыі рэспублікі праводзіцца міжведамасная спецыяльная праграма “Клопат”. Яна накіравана на арганізацыю летняй занятасці і адпачынку падлеткаў, недапушчэнне ўчынення імі адміністрацыйных правапарушэнняў і злачынстваў.
Супрацоўнікі ІСН сумесна з членамі мала-дзёжнага атрада аховы правапарадку патрулююць месцы масавага знаходжання непаўналетніх, выступаюць перад вучнямі ў школах з лекцыямі на праваахоўную тэматыку, праводзяць маніторынг гандлёвых аб’ектаў з мэтай недапушчэння продажу спіртных напіткаў дзецям, а таксама сочаць за інфармацыяй у сацыяльных сетках.
Нягледзячы на тое, што летам будуць працаваць стацыянарныя аздараўленчыя лагеры і школьныя пляцоўкі, усё ж значная частка непаўналетніх застаецца безнагляднымі. Такія падлеткі часта аказваюцца замешанымі ў крымінальныя гісторыі, хуліганяць, а часам і бадзяюцца…
Каб трымаць сітуацыю пад кантролем, вольны час такіх дзяцей трэба правільна арганізаваць. У гэтым выпадку ў іх будзе шанц адпачыць з карысцю, зарабіць грошы і быць на вачах у дарослых. Такім чынам, і час, і намаганні “цяжкіх” дзяцей будуць накіраваны на нешта добрае, стваральнае. Хоць ёсць і такія падлеткі, якіх нішто не можа прымусіць змяніць заганны лад жыцця. Зрэшты, іх няшмат. Гэта сцвярджае ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Святлана Каховіч. Паводле яе слоў, на ўліку ў ІСН знаходзіцца 130 падлеткаў, і ў ідэале неабходна, каб усе яны былі ахоплены мерапрыемствамі, што праводзяцца ў рамках комплекснай праграмы «Клопат». Менавіта таму, супрацоўнікі праваахоўных органаў у гэтыя дні значную ўвагу надаюць праверцы “цяжкіх” па месцы жыхарства ў вячэрні час.
– Уявіце, бацькі, упэўненыя ў тым, што іх дзіця спіць, ідуць адпачываць, – расказвае інспектар. – А іх сыночак, пачакаўшы гадзіну-другую, накіроўваецца ў падарожжа па горадзе за прыгодамі. Сёлета такіх “начных гуляк” затрымана чацвёра. Трэба дадаць, што з пачатку акцыі на правапарушальнікаў складзены 7 пратаколаў. Хацелася б заклікаць дарослых больш уважліва ставіцца да таго, як і ў якой кампаніі іх дзеці праводзяць свой вольны час. Тым самым можна перасцерагчы падлеткаў ад магчымых памылак.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть