Происшествия

З нажом – на маці

Нецвярозы сын прыйшоў дадому. Зразумела, што яго выгляд выклікаў у маці незадаволенасць. Слова за слова – узнікла сварка. Не доўга думаючы, нашчадак хапаецца за нож і пачынае пагражаць забойствам састарэлай жанчыне. Маці была здольна толькі на тое, каб ускрыкнуць. Гэта спыніла раз’юшанага выпівоху. Але, як сцвярджае сын, ён толькі хацеў напалохаць, не больш таго. Ды каго? Маці-інваліда, якая дала жыццё і па сённяшні дзень шкадуе свайго нашчадка, уласнае жыццё якога не зусім ладзіцца, а створаная ім сям’я распалася. Відаць, падобная сітуацыя ўзнікла не ўпершыню, калі жанчына вырашыла прасіць прыцягнуць яе сына да адказнасці. Цяпер, згодна з прыгаворам суда, за пагрозу забойствам Сяргею назначана пакаранне ў выглядзе аднаго месяца арышту.
У красавіку ўступіў у дзеянне Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”. У ім маецца шэраг інавацый, якіх суб’екты прафілактыкі абавязаны прытрымлівацца ў правапрымяняльнай практыцы. У якасці новаўвядзенняў варта адзначыць тое, што да мер агульнай прафілактыкі правапарушэнняў адносіцца стварэнне рэгіянальных комплексных праграм.
Уведзена новая мера процідзеяння насілля ў сям’і – ахоўнае прадпісанне. У адпаведнасці з палажэннямі артыкула 31 Закона, сямейнаму агрэсару забараняецца: прадпрымаць спробы высвятляць месца знаходжання пацярпелага; наведваць месцы знаходжання пацярпелага; мець зносіны з пацярпелым, у тым ліку па тэлефоне і з выкарыстаннем інтэрнэту.
З пісьмовай згоды пацярпелай асобы, або па ўзгадненні з пракурорам на грамадзяніна можа быць ускладзены абавязак часова пакінуць памяшканне, сумесна займаемае з пацярпелым, а таксама ўстаноўлена забарона на распараджэнне агульнай сумеснай уласнасцю.
У адпаведнасці з дакументам, насілле ў сям’і вызначаецца як «наўмысныя дзеянні фізічнага, псіхалагічнага, сексуальнага характару члена сям’і ў адно-сінах да другога члена сям’і, якія парушаюць яго правы, свабоды, законныя інтарэсы і якія наносяць яму фізічныя і (або) псіхічныя пакуты».
Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы прымаюць рашэнні аб стварэнні дзяржаўных арганізацый, іх структурных падраздзяленняў па прадастаўленню паслуг часовага прытулку грамадзянам, якія пацярпелі ад насілля ў сям’і. А пры неабходнасці – забяспечваюць месцамі часовага знаходжання грамадзян, у дачыненні да якіх унесена ахоўнае прадпісанне.
На ўсе дзяржаўныя арганізацыі, грамадскія аб’яднанні, якія карыстаюцца дзяржаўнай падтрымкай ускладзена правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанню правапарушэнняў сярод работнікаў гэтых арга-нізацый, у тым ліку ў мэтах стварэння бяспечных умоў працы і папярэджання надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару.
Сямейна-бытавыя адносіны ў пераважнай большасці схаваныя ад пабочных вачэй. Яны становяцца вядомымі і заканчваюцца пакараннем звычайна толькі тады, калі выліваюцца ў трагедыю. Нярэдка сямейным дэбашырам удаецца, дзякуючы папушчальніцтву пацярпелых, абыякавасці суседзяў, пэўны час пазбягаць адказнасці. Але гэта – справа нядоўгая.
Да ліку найбольш важных крымінагенных умоў учынення злачынстваў на сямейна-бытавой глебе варта аднесці п’янства. Ужыванне спіртных напіткаў, а тым больш сістэматычнае, спрыяе паслабленню або страце самакантролю, праявам жорсткасці, грубасці і агрэсіўнасці. Ап’яненне рэзка абвастрае і іншыя адмоўныя якасці характару, пачуццё помсты, рэўнасці.
Дзейснай мерай у мэтах прафілактыкі з’яўляецца ўзбуджэнне крымінальных спраў па артыкулах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь так званай прэвентыўнай накіраванасці. Так, у 2013 годзе пракуратурай раёна ўзбу-джана 11 крымінальных спраў за наў-мыснае прычыненне лёгкага цялеснага пакалечання і катаванняў, а таксама за пагрозу забойствам. Сёлета такіх спраў ужо 3. У пракуратуры з кожным пацярпелым, а гэта ў асноўным – жанчыны, у абавязковым парадку праводзіцца гутарка і ўстанаўліваюцца выпадкі адмовы ад падачы заявы. І калі ступень небяспекі дзеянняў вінаватага будзе відавочная (пагроза забойствам або прычыненне лёгкіх цялесных пакалечанняў з прымяненнем нажа, сякеры), то пракурорам прымаецца рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы.
Заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў пастаянна ўдасканальваецца, дае новыя сродкі і магчымасці для прадухілення супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да грамадзян, у тым ліку ў сферы сямейна-бытавых адносін. Аднак варта памятаць, што эфектыўнасць яго ўздзеяння на крымінагенную сітуацыю ў тым ці іншым рэгіёне напрамую залежыць ад работы суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў і грамадзян, іх актыўнасці і добрасумленнага выканання імі службовых абавязкаў і грамадскага доўгу. Нельга “закрываць вочы” на правапарушэнні, якімі б нязначнымі яны не здаваліся. Часам самая невялікая сварка, канфлікт у сям’і, пакінутыя без увагі, могуць прывесці да непапраўных наступстваў.

Вераніка ПАЛЯЙЧУК, памочнік пракурора.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть