З пачуццём адданасці і абавязку
Происшествия

З пачуццём адданасці і абавязку

рыбакЁсць прафесіі, якія не ведаюць выхадных і святаў. Іх прадстаўнікі гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу людзям. Адна з такіх прафесій – міліцыянер. Вось і ў пярэдадзень свята начальнік РАУС Уладзімір РЫБАК пачаў нашу размову з таго, што найбольш хвалюе і трывожыць – з аналізу аператыўнай абстаноўкі на тэрыторыі раёна.
– Пачатак года адзначаны прыкметным ростам зарэгістраваных злачынстваў па ўсіх накірунках дзейнасці – амаль на трэць. Большасць з іх адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх. Не дрэмлем мы – не спяць у шапку і парушальнікі. Нягледзячы на тое, што цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў не было, павялічылася колькасць крадзяжоў і рабаўніцтваў. Нярэдка тыя, хто рызыкнуў пайсці на канфлікт з законам, былі ў стане алкагольнага ап’янення, мелі незнятую ці непагашаную су-дзімасць. Не палохае асобных грамадзян строгасць, з якой сёння ставяцца да п’яных за рулём: у студзені паўторна на працягу года ў такім стане затрымалі чацвярых. Больш зарэгістравана і дарожна-транспартных здарэнняў – 3 супраць 2-ух студзеньскіх летась. У іх 2 чалавекі загінулі і столькі ж – пакалечаны. Прычым, адно ДТЗ было ўчынена вадзіцелем у стане алкагольнага ап’янення. 273 кіроўцы транспартных сродкаў, што таксама больш, чым за анала-гічны перыяд летась, панеслі пакаранне за парушэнне хуткасных рэжымаў.
– І насамрэч, Уладзімір Уладзіміравіч, не дужа аптымістычны атрымаўся малюнак…
– Ну, не трэба ўсё так драматызаваць. Па-першае, амаль усе з учыненых злачынстваў раскрыты, а, па-другое, пачатак года заўсёды адзначаны пэўным усплёскам правапарушэнняў. Верагодна, уплывае вялікая колькасць святаў. Па-трэцяе, ёсць і станоўчыя факты. На маю думку, галоўны з іх – істотнае, больш чым у два разы, зніжэнне колькасці злачынстваў з удзелам непаўналетніх.
– А які паказчык раскрывальнасці ў аддзеле?
– Амаль 80 працэнтаў – адзін з лепшых у вобласці. Але ж наша задача, перш за ўсё, у тым, каб не дапусціць учынення злачынстваў. Менавіта на гэта накіраваны сёння ўсе памкненні. У нас, як у медыцыне, дзе хваробу лягчэй папярэдзіць, таксама лепш мець справу з прычынай парушэння, чым з наступствамі. За дзейсную дапамогу вельмі ўдзячны людзям – пільным, неабыякавым, якія не праходзяць міма чужой бяды. Увогуле, павінен сказаць, што сёння давер да супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў з боку жыхароў раёна прыкметна вырас. Але гэта не значыць, што нам няма над чым працаваць. Трэба дабіцца таго, каб у простага чалавека вобраз міліцыянера асацыіраваўся з узорным стаўленнем не толькі да прафесіі, але і да жыцця ўвогуле. У нас сёння надзейны згуртаваны калектыў, практычна няма адтоку кадраў. Як станоўчы, можна адзначыць той факт, што сёння практычна ўсе сельсаветы ўкамплектаваны ўчастковымі інспектарамі. Будзем спадзявацца, што гэта таксама пасадзейнічае зніжэнню агульнай колькасці злачынстваў і паспрыяе стабілізацыі крымінагеннай абстаноўкі.
– Як будзеце адзначаць свята?
– Многія з супрацоўні-каў сустрэнуць яго на рабочым месцы, ахоўваючы бяспеку нашых грама-дзян. У пярэдадзень свята – 3 сакавіка – пройдзе ўрачысты сход, дзе ўспомнім калег, якія аддалі жыццё, абараняючы спакой Лунінеччыны. Павіншуем супрацоўнікаў, адзначаных узнагародамі, парадуемся за тых, у каго паявяцца чарговыя зорачкі на пагонах. А яшчэ – у думках і словамі пажадаем адзін аднаму і Лунінеччыне – мірнай паўсядзённасці, не азмрочанай бедамі і трывогамі. Дзеля гэтага працуем, дзеля гэтага жывем.
Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть