Закон аднолькавы для ўсіх
Происшествия

Закон аднолькавы для ўсіх

карлюк

Менавіта з гэтых пазіцый ладзяць сваю работу супрацоўнікі пракуратуры раёна, якія ў нядзелю будуць адзначаць прафесійнае свята. На працягу 3-ох год невялікі згуртаваны калектыў узначальвае саветнік юстыцыі Аляксандр КАРЛЮК. Зразумела, што наша гутарка з пракурорам пачалася з абмеркавання таго надзённага, чым жыве вядучае праваахоўнае ведамства Лунінеччыны.

– Галоўным накірункам найшай работы ва ўсе часы быў і застаецца нагляд за дакладным выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў у імя абароны інтарэсаў дзяржавы, суб’-ектаў гаспадарання ўсіх формаў уласнасці і, вядома ж, кожнага чалавека. З гэтай мэтай сёлета праведзена 98 праверак, вынікам якіх сталі 75 прадстаўленняў, 108 прадпісанняў, 80 пратэстаў. Па патрабаванню пракурора да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 257 чалавек, 107 – панеслі адміністрацыйную адказнасць, а 174 – атрымалі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці ў далейшым паўторнага парушэння заканадаўства. Найбольш пераканаўчым сведчаннем эфектыўнасці нашай дзейнасці з’яўляецца рэальнае вяртанне ўрону, прычыненага дзяржаве рознымі процізаконнымі дзеяннямі. Дык вось за мінулы год і час, які прайшоў з пачатку 2016-га, у казну вернута амаль 700 мільёнаў рублёў. У большасці сваёй выніковымі з’яўляюцца звароты ў суд эканамічны і нашага раёна. Адначасова строга сочым за правільнасцю расходавання бюджэтных сродкаў, своечасовым выяўленнем і ўхіленнем прычын узнікнення дэбіторскай запазычанасці і той, што вядзе да стратнасці прадпрыемстваў дзяржаўнага сектара эканомікі.

– Сёння пастаянна на слыху знаходзіцца барацьба з карупцыяй. Наколькі актуальная гэтая праблема для нашага раёна?

– З 24 студзеня 2016 года ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”, які прад’яўляе ў барацьбе з негатыўнай з’явай новыя патрабаванні да  арганізацыі работы не толькі пракуратуры, але і ўсёй праваахоўнай сістэмы. Асабіста мне вызначальнымі падаліся словы Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, які сказаў, што дрэнны той пракурор, на падведамаснай тэрыторыі якога шмат карупцыйных злачынстваў. А гэта значыць, што асноўны ўпор у рабоце трэба рабіць на папярэджанне распаўсюджвання карупцыйнага спрута. Менавіта таму шмат намаганняў скіроўваем на прафілактычную работу, пастаянна аналізуючы стан злачыннасці і праводзячы праверкі захавання рэгіянальнымі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі арганізацыямі антыкарупцыйнага заканадаўства. Так, летась і з пачатку года сёлета праведзена 10 такіх праверак, вынесена 79 актаў пракурорскага рэагавання. Больш як 60 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай, 12 – да адміністрацыйнай адказнасці. І ўсё ж карупцыйных праяў пазбегнуць не ўдалося: сёння ў вытворчасці знаходзіцца 6 такіх спраў.

– Што гэта за справы?

– Гэта крымінальная справа ў адносінах да былога галоўнага бухгалтара політэхнічнага каледжа, якая шляхам злоўжывання службовым становішчам здолела незаконна налічыць сабе больш як 60 мільёнаў рублёў заработнай платы. Ідзе расследаванне і яшчэ адной гучнай справы, звязанай з афармленнем па ўказцы аднаго з намеснікаў дырэктара ААТ “Палессеэлектрамаш”заведама падманных беставарных накладных аб прыёмцы да бухгалтар-скага ўліку 558-мі тон ліцейнага чыгуна, які фактычна не вырабляўся. І значыць, заробкі ў 130 мільёнаў рублёў выплачаны незаконна. Дарэчы, у рабоце па выяўленню такіх выпадкаў варта адзначыць дакладна наладжанае супрацоўніцтва пракуратуры з Пінскімі міжраённым камітэтам дзяржаўнага кантролю і міжраённым аддзелам Упраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК вобласці. Прыкладам такога супрацоўніцтва можа служыць сумесная праверка будаўнічай арганізацыі “ПМК-7” ААТ “Пінсксаўгасбуд”, у выніку якой удалося выкрыць факт невяртання з-за мяжы валюты і незаконнае завалодванне маёмасцю дырэктарам філіяла, размешчанага на тэрыторыі Расіі.

– А ўвогуле злачыннасць на тэрыторыі нашага раёна змяншаецца ці павялічваецца?

– На жаль, з пачатку года адзначаны невялікі рост. Паўплывала на яго павелічэнне колькасці крадзяжоў. У той жа час цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў стала менш, як паменшала і колькасць хуліганстваў у грамадскіх месцах. Разам з тым, вельмі  трывожыць стан падлеткавай злачыннасці. Праз акты пракурорскага рэагавання імкнемся ўплываць на суб’ектаў прафілактыкі, арыентуючы іх на актыўны ўдзел у арганізацыі вольнага часу падлеткаў і моладзі, эфектыўную барацьбу з безнагляднасцю і правапарушэннямі. Летась быў зарэгістраваны прыкметны рост злачыннасці сярод непаўналетніх, таму сёлета пракуратурай раёна гэтай праблеме была ўдзелена асаблівая ўвага. І станоўчы вынік не прымусіў сябе чакаць: скаардынаваная работа ўсіх, хто задзейнічаны ў выхаванні падрастаючага пакалення, дазволіла стрымаць усплеск злачыннасці ў гэтым асяродку.

– Як часта звяртаюцца ў пракуратуру простыя грамадзяне – жыхары нашага раёна?

– Дастаткова часта. Да кожнай скаргі нашы супрацоўнікі ставяцца вельмі ўважліва, бо менавіта такія звароты дапамагаюць пракурорскім работнікам атрымліваць каштоўную інфармацыю аб самых розных негатыўных з’явах і злачынствах, у тым ліку, аб парушэннях правоў і свабод грамадзян, аб органах ці асобных кіраўніках, якія робяць замах на гэтыя свабоды. Мы імкнемся дапамагаць людзям, і гэта атрымліваецца. Так, сёлета да нас звярнуўся жыхар Лунінеччыны, які не пагадзіўся з накладзеным на яго адміністрацыйным пакараннем. Была праведзена праверка, якая пацвердзіла сумненні заяўляльніка. У выніку незаконнае рашэнне было адменена. Заўсёды адчуваеш задаволенасць ад работы, калі ўдаецца папярэдзіць бяду. У пракуратуру раёна трапілі звесткі пра тое, што муж грамадзянкі Я. пастаянна здзекуецца з яе. Жанчыну часта бачылі з пабоямі. Здавалася, управы на дэбашыра не будзе, але па ініцыятыве пракурора была ўзбуджана крымінальная справа, дэспат быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і зараз знаходзіцца за кратамі. Падобных прыкладаў можна прывесці шмат. У тым ліку і такіх, калі пракуратура выступае  гарантам забеспячэння правоў сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, асабліва дзяцей. Мы праверылі стан большасці дваровых дзіцячых пляцовак і выявілі, што дзе-нідзе яны нясуць рэальную пагрозу здароўю малышоў. Пасля вынесеных патрабаванняў недахопы былі выпраўлены.

– Апошнім часам заўважана пільная ўвага пракурорскіх работнікаў да дзейнасці ўстаноў так званай дадатковай адукацыі. З чым гэта звязана?

– Мы ніколі не выпускалі з поля зроку ўсё, што звязана з дзецьмі, аховай іх законных правоў і інтарэсаў. Цэнтры дзіцячай творчасці, школы мастацтваў павінны максімальна садзейні-чаць развіццю падрастаючага пакалення, творчых здольнасцей хлопчыкаў і дзяўчынак, дапамагаць ім правільна і з карысцю праводзіць вольны час. Праверкі паказалі, што гэтыя ўстановы далёка не заўсёды бездакорна выконваюць ускладзеныя на іх важныя функцыі. А гэта ж бюджэтныя грошы і, заўважце, немалыя. Акрамя гэтага, у сувязі з тым, што апошнім часам у рэспубліцы асабліва прыкметны пазітыўныя тэндэнцыі ў справе абароны дзяцей, працягваецца працэс фарміравання нацыянальнага заканадаўства ў інтарэсах сям’і, не забываем пра дзяцей-сірот, а таксама падранкаў, якія трапляюць у экстрэмальныя жыццёвыя сітуацыі. За апошнія паўтара года пракуратурай раёна прад’яўлена 7 іскаў аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. І ўсё ж, павінен сказаць, што гэта – крайняя мера, ідзем на якую ў выключных выпадках, калі практычна няма надзеі вярнуць у разумнае рэчышча паводзіны гора-бацькоў.

– Аляксандр Паўлавіч, але ж сацыяльна неабароненая катэгорыя грамадзян не абмяжоўваецца толькі дзецьмі. Ці звяртаюцца да вас за дапамогай старыя абяздоленыя людзі?

– Вядома. І кожны з такіх зваротаў вывучаем дасканала і ўсебакова. Больш таго, у інтарэсах састарэлых, якія пацярпелі ад злачынных пасягальніцтваў, за апошні час прад’яўлена 32 іскі. Прычым, нярэдка не чакаем, пакуль чалавек сам раскажа пра сваю бяду. Так, у хо-дзе нагляднай дзейнасці пракуратуры было ўстаноўлена, што на працягу 4-ох год 60-гадовы жыхар раёна жыве ў падвальным памяшканні. У мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права чалавека на годны ўзровень жыцця, уключаючы жыллё, выконваючы ўказанні пракуратуры, пенсіянеру было прадастаўлена месца ў інтэрнаце.

– Сёлетняе прафесійнае свята мае адрозненні ад папярэдніх?

– Толькі ў тым, што сустракае яго калектыў пракуратуры ў прыкметна абноўленым складзе. А значыць, самы час, віншуючы са святам, пажадаць калегам згуртаванасці, настойлівасці ў спасціганні сакрэтаў складанай прафесіі, здароўя, вынослівасці, імкнення годна служыць свайму народу і яго вялікасці Закону.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть