«Закон. Справядлівасць. Айчына.»
Происшествия

«Закон. Справядлівасць. Айчына.»

Старшы лейтэнант Людміла Новікава (на здымку) прыйшла ў раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь два гады таму. З’яўляючыся маладым спецыялістам, на справе даказвала права працаваць нароўні з больш фізічна моцнымі і ўпэўненымі ў сабе прадстаўнікамі мужчынскай паловы чалавецтва. Усе выпрабаванні вытрымала з годнасцю. Сёння яна – кваліфікаваны следчы, які бярэцца за раскрыццё самых складаных спраў.

Сваё прафесійнае свята корпус следчых краіны адзначае параўнаўча нядаўна – усяго трэці раз. Між тым, дата для яго выбрана невыпадкова: менавіта ў гэты дзень 7 год таму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №409 “Аб стварэнні Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь”. 7 год – тэрмін невялікі. Але за кароткі час новая структура паспела заявіць пра сябе, як пра каманду сапраўдных прафесіяналаў. Яскравым пацвярджэннем з’яўляюцца вынікі работы Лунінецкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, які сёння ўзначальвае Андрэй ЛУКАШЭВІЧ.
– Калі гэты тэрмін сувымяраць з чалавечым узростам, то мы, вобразна кажучы, пайшлі толькі ў першы клас. Аднак навічкамі тых, хто сёння працуе ў раённым аддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, не назавеш. З 19 аператыўных супрацоўнікаў 14 – у званнях маёраў і падпалкоўнікаў. На момант стварэння новай структуры гэта былі падрыхтаваныя людзі, якія мелі немалы вопыт работы ў органах. Гэта і намеснік начальніка раённага аддзела Леанід Ванюк, следчы па асоба важных справах Аляксандр Гаруноў і многія іншыя. Касцяк захаваўся па-сёння. У нас практычна няма цякучасці кадраў: той, хто аднойчы выбраў для сябе неспакойную прафесію следчага, застаецца верным ёй усё жыццё.
– Ці значыць гэта, што да вас не прыходзіць моладзь?
– Вядома ж, не значыць. Два гады таму мы прынялі ў свае рады выпускніцу факультэта правазнаўства Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Людмілу Новікаву. Сёння старшы лейтэнант Новікава ды капітан Ганна Гарадзецкая – адзіныя прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва ў калектыве следчых. Практычна штогод прыходзяць на практыку будучыя юрысты. Сярод іх нямала дзяўчат. Увогуле, павінен сказаць, што многія з іх ужо сёння паказваюць узор дасведчанасці, настойлівасці, юрыдычнай адукаванасці і ў прафесіі лёгка маглі б саставіць канкурэнцыю нашым мужчынам. Рэальна, вельмі хацелася б мець у аддзеле такіх спецыялістаў. Таму асабіста для мяне не зусім зразумелая пазіцыя, калі ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь на следча-экспертны факультэт сёння бяруць толькі юнакоў. Жыццё пераконвае, што жанчыны-следчыя вельмі акуратныя і адказныя ў рабоце, а гэта для нас вельмі важныя якасці.
– Андрэй Аляксандравіч, вы доўга працавалі ў пракуратуры раёна. Ці можаце параўнаць, як з часам мяняецца структура злачынстваў?
– Па-першае, колькасць тых, хто рызыкуе ісці на канфлікт з законам, не меншае. Вось і сёлета за 8 месяцаў у раённым аддзеле Следчага камітэта знаходзілася на вырашэнні і разглядзе 628 заяў і паведамленняў аб злачынствах, у вытворчасці – 484 крымінальныя справы. 200 з іх накіраваны пракурору для далейшага разгляду судом. Дастаткова важны паказчык у нашай рабоце – вяртанне прычыненага ў выніку злачынстваў урону. Ён у нас складае 93 працэнты. Калі перавесці ў рэальныя грошы, то з 66 тысяч 632 рублёў вернуты дзяржаве амаль 62 тысячы. Гэта высокі ўзровень.
Па-другое, час вядома ж уносіць карэктывы ў спектр злачынстваў. Сёння нават банальнае спагнанне з гора-бацькоў сродкаў на ўтрыманне дзяцей мае свае асаблівасці. Наглядзеўшыся навамодных шоу на тэлеэкране, асобы, супраць якіх узбуджаюцца крымінальныя справы за ўхіленне ад уплаты аліментаў, не саромячыся, заяўляюць, што дзеці, маўляў, не іх, а ад іншых мужчын. Следчым даводзіцца назначаць геномныя экспертызы, атрымліваць біялагічныя ўзоры ад усіх, хто мае дачыненне да справы. Кожная з такіх экспертыз – задавальненне дастаткова дарагое і штораз узгадняецца з абласной інстанцыяй. На гэта траціцца шмат сіл, часу, сродкаў. У выніку, як было сёлета, ва ўсіх выпадках даказана, што тыя, хто імкнуўся пазбегнуць адказнасці за сваіх дзяцей, насамрэч з’яўляюцца іх бацькамі. Сорамна, паверце, назіраць за ўсім гэтым.
– А ці нельга ўсе расходы на правядзенне такіх экспертыз потым вышукаць з гора-бацькоў?
– Пасля таго, як бацькоўства будзе пацверджана ў судзе, вядома ж, можна. Але я не памятаю выпадку, каб экспертныя ўстановы выступілі з такім іскам. Хаця, думаю, што з часам прыйдзем і да гэтага. Тым больш, што такі расклад упаўне прымусіў бы каго-нікаго з патэнцыяльных аліментшчыкаў рэальна задумацца аб сваіх дзеяннях і не ганьбіць сябе лішні раз.
– Якія яшчэ злачынствы набылі апошнім часам распаўсюджванне?
– У сферы камп’ютарных тэхналогій. Часцей за ўсё гэта крадзеж грашовых сродкаў з дапамогай сацыяльных сетак у інтэрнэце. Уявіце сабе сітуацыю. На вашу старонку “ВКонтакте” заходзяць, скажам, блізкі родзіч ці сябар і тэрмінова просіць у вас “перакінуць” грошы, маўляў, сітуацыя складаная, пры сустрэчы вярну. Даверлівыя маладыя людзі, якія сёння актыўна аддаюць перавагу зносінам у “сусветным павуцінні” адразу ж “вядуцца” на такую прапанову, паведамляюць логін і пароль, добраахвотна аддаючы грошы, якія ўрэшце ідуць немаведама куды (верагодна – у іншыя краіны) і след іх потым знайсці практычна немагчыма. А ўсяго і трэба было – патэлефанаваць родзічам ці сябрам, якія просяць грошы, і ўпэўніцца, што гэта яны насамрэч заходзілі на старонку і маюць патрэбу ў дапамозе. Сёлета толькі ў нашым раёне зарэгістравана больш як 20 такіх спраў. На жаль, раскрыць гэтае махлярства практычна немагчыма, падобныя справы не маюць судовай перспектывы. Па-ранейшаму прававая неадукаванасць насельніцтва становіцца прычынай таго, што ў следчай практыцы дагэтуль нярэдкія справы, узбуджаныя па артыкуле 168 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Палавыя зносіны і іншыя дзеянні сексуальнага характару з асобамі, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту”. Сёлета такіх ужо 6. Думаю, з пачаткам навучальнага года, як бы горка ні гучала, іх, магчыма, стане яшчэ больш. Справа ў тым, што ў гэты час дзяўчынкі звычайна праходзяць медагляд у паліклініцы, калі і выяўляюцца непрыемныя абставіны. Самае крыўднае, што нярэдка гэта становіцца сапраўдным адкрыццём для бацькоў. Яны чамусьці раней не задумваліся, дзе бавіць час іх дачка, чаму прыходзіць позна, а то і ўвогуле дома не начуе. А калі паўстае пагроза агалоскі ўсіх нетварапрыемных звестак, пачынаюць угаворваць яе адмовіцца ад паказанняў. Гэта, трэба сказаць, не выратоўвае ні дзяўчынку, ні паўнагадовага кавалера, асабліва калі ён быў у курсе ўзросту сваёй юнай каханкі. Адначасова варта сказаць, што падобныя справы расследуюцца дастаткова марудна, праверкі праводзяцца і 10 дзён, і месяц… Доказная база патрабуе асаблівай скрупулёзнасці. Так ці інакш, і бацькам, і іх дзецям трэба памятаць, што палавая свабода да дабра не даводзіць. Дастаткова сказаць, што санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць як абмежаванне волі на тэрмін да 4 год, так і яе пазбаўленне на гэты ж тэрмін са штрафам. Калі ж такія дзеянні адбываліся неаднаразова, то караюцца яны пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 год.
– Андрэй Аляксандравіч, сёлета на слыху было нямала спраў карупцыйнай накіраванасці. Чым гэта можна растлумачыць?
– Сёлета такіх спраў было больш як дзясятак. У асноўным узбуджаны яны па артыкуле 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі” і па артыкуле 424 “Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі”. Чым растлумачыць? Звычайнай людской безадказнасцю і спадзяваннем на “авось”. Авось, пранясе, авось, не зловяць, не звернуць увагі… Але ж у нас дастаткова актыўна працуюць пракуратура і аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС. Усе справы пакуль у вытворчасці, таму пэўна гаварыць што-небудзь рана. Усе яны шматэпізодныя, складаныя ў расследаванні, патрабуюць выканання вялікага кола следчых дзеянняў. Працуем. А вось гучная справа ў адносінах да аднаго з лунінецкіх махляроў ужо закончана. У дастаткова аб’ёмных 12-ці тамах сабраны падрабязнасці 18 крымінальных эпізодаў па ўсёй Беларусі. Іх галоўны фігурант знаходзіў даверлівых уладальнікаў дарагіх аўтамабіляў, забіраў іх і не разлічваўся. Гэтым не абмяжоўваўся. Маючы лімузін, які нярэдка заказвалі на вяселлі, умудраўся браць задатак, а на ўрачыстасць не прыязджаў, чым не толькі прычыняў матэрыяльны ўрон, але і псаваў людзям свята. Сёння падазраваемы знаходзіцца ва ўцёках. Ну, няхай пабегае. Яго законнае пакаранне – справа часу. З той жа Расійскай Федэрацыяй у нас наладжана плённае прававое супрацоўніцтва. Усе даручэнні як з нашага, так і з іх боку выконваюцца дакладна і якасна. Так што, дойдзе чарга і да лунінецкага махляра. Тым больш, што па ўсіх эпізодах сабрана багатая доказная база. Займаўся гэтым вопытны следчы Сяргей Чарнавокі. Дарэчы, нядаўна за высокія вынікі ў рабоце ён адзначаны Падзякай Старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
– А ці можна даведацца пра лёс яшчэ адной гучнай справы – масавай бойкі ў Дрэбску?
– Гэтую справу расследуе абласное ўпраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, таму ўсе падрабязнасці – у абласных следчых. Але магу сказаць, што апошнім часам моладзь быццам стала вяртацца ў разбойныя 90-ыя мінулага стагоддзя. З пачатку года, акрамя выклікаўшай ажыятаж дрэбскай бойкі, зарэгістравана яшчэ тры падобныя масавыя парушэнні грамадскага парадку. У асноўным каля кафэ – “Спадарожнік” у Дварцы, у Мікашэвічах, каля бара “Акварыум”. Узнікаюць яны пасля немалых гарэлачных узліванняў: нехта на некага нядобра паглядзеў, абразіў словам… Устанавіць, хто стаў першапрычынай бойкі, дастаткова складана, бо раніцай, як правіла, ніхто з яе ўдзельнікаў дакладна нічога не памятае. Аднак у гэтым нам вельмі дапамагае запіс з камер відэаназірання, які дазваляе ўстанавіць усе абставіны здарэння. І вельмі правільна, што сёння ў многіх наведваемых месцах такія сістэмы ёсць. Спадзяюся, мы прыйдзем да таго, што ўстановім камеры ў дварах шматпавярховак, што істотна аблегчыць пошук вінаватых у многіх, няхай сабе і больш дробных, але вельмі непрыемных злачынствах, накшталт псавання аўтамабіляў і іншай маёмасці грамадзян.
– Зусім нядаўна раённы аддзел Следчага камітэта туліўся ў прыстасаваных памяшканнях РАУС. Сёння у вашым распараджэнні – шыкоўны будынак з не менш шыкоўным начыннем. Змяненне ўмоў работы паўплывала на выніковасць?
– Несумненна і пра гэта я гаварыў вышэй. Больш таго, Лунінецкі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь упэўнена трымае лідзіруючыя пазіцыі сярод аналагічных фарміраванняў у вобласці. Мы проста не маем права працаваць інакш. Удзячны раённай уладзе за магчымасць пераехаць у асобны будынак на вуліцы Гагарына, 12. Удзячны цэнтральнаму апарату Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, за сродкі якога старое збудаванне набыло новы выгляд і ўпрыгожыла цэнтр Лунінца. Віншую калег з прафесійным святам! У нас няпростая работа. Яна патрабуе максімум сабранасці, глыбокіх ведаў, дакладнасці. Недарма ж галоўным дэвізам усіх следчых з’яўляюцца тры вызначальныя словы “Закон. Справядлівасць. Айчына.”. Краіна чакае ад нас вялікай самааддачы. Таму я шчыра жадаю ўсім здароўя, цярпення і мець надзейны тыл у выглядзе моцных сем’яў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть