Происшествия

ЗАКОН СТАЎ БОЛЬШ ДАКЛАДНЫМ І СПРАВЯДЛІВЫМ

Змяненні, унесеныя ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, абмеркавалі ў рэдакцыі «ЛН” удзельнікі «круглага стала”. Свае думкі наконт практыкі прымянення новых заканадаўчых норм выказалі в.а. намесніка начальніка РАУС Аляксандр АНТАНОВІЧ, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей ПАХОЛАК, старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Сяргей ВАЛЬКО, начальнік інспекцыі па справах непаўналеніх Аляксандр ВЯРЭНІЧ.

 

Вядучы.

З пачаткам актыўнага вядзення сельскагаспадарчых работ змяненні ў Адміністрацыйны кодэкс набылі асаблівую актуальнасць. Пэўна, не магла не адчуць гэтага служба ўчастковых упаўнаважаных?

Пахолак. Падчас вядзення адказных сельскагаспадарчых кампаній участковыя пераходзяць на асобы рэжым нясення службы. Звязана гэта, перш за ўсё, з павелічэннем выпадкаў крадзяжоў дзяржаўнай маёмасці. Злодзеяў лавілі за руку не раз, але цяпер наша служба мае магчымасць больш аператыўна і абгрунтавана рэагаваць на факты правапарушэнняў. У першую чаргу гэта датычыць паліва. Фарбаваць яго пачалі раней, але толькі зараз у законе паявіўся арктыкул, які дае канкрэтнае вызначэнне гэтага паняцця і прадугледжвае пакаранне не толькі за крадзеж, але і за выкарыстанне пафарбаванага ў зялёны ці сіні колер бензіну і саляркі. За набыццё, захоўванне, выкарыстанне ці рэалізацыю фізічнымі асобамі такога паліва прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ад 10 да 50 базавых велічынь (1 БВ – 35 000 рублёў). Калі кошт украдзенага перабольшыць 350 000 рублёў, наступае крымінальная адказнасць. Работу праваахоўнікаў прыкметна аблягчае наяўнасць індыкатараў, якія дазваляюць па выхлапных газах дакладна вызначыць, якое паліва выкарыстоўваецца ў транспартным сродку. Але і без іх асаблівай складанасці выкрыць злодзея няма.

Антановіч. Варта сказаць, што зараз рэалізоўваецца комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнню захаванасці дзяржаўнай маёмасці. Праваахоўнікі пастаянна бываюць у сельгаскааператывах, перыядычна праводзяцца рэйды па выяўленню правапарушэнняў. Мяркуецца, што зноў будзе ўведзена практыка ўдзелу ўчастковых у правядзенні ранішніх нарадаў. Вартаўнікі закону дакладна будуць ведаць, хто і на якіх работах заняты, дзе ў канкрэтны дзень працуе найбольшая колькасць тэхнікі. Спадзяемся, што гэта стане пэўным стрымліваючым момантам для тых, хто мае схільнасць пераступіць закон. Не выключана і магчымасць правядзення невялікіх гутарак у ходзе самога нараду. Чалавек будзе ведаць, што любое проціпраўнае дзеянне цягне за сабой сур’ёзнае пакаранне і лішні раз задумаецца, ці варта рызыкаваць сваім дабрабытам і свабодай дзеля прымхлівага абагачэння. Вядома ж, у гэтай справе вельмі важная падтрымка і разуменне з боку кіраўнікоў. Такая узаемасувязь дазваляе спадзявацца на добрыя вынікі.

Яшчэ адзін важны момант, які знайшоў адлюстраванне ў новай рэдакцыі кодэкса, — непрыняцце мер па прыватнаму вызначэнню суда ці прадстаўлення аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, якія садзейнічаюць правапарушэнням. Гэтым артыкулам узмоцнена кантралюючая місія праваахоўных ораганаў. Сёння мала разгледзець тое ж прадстаўленне і своечасова даць адказ, а трэба абавязкова прыняць меры па ўхіленню прычын, якія могуць справакаваць злачынства. У супраціўным выпадку – штраф ад 4 да 10 базавых велічынь. Варта спадзявацца, што ўнесенае змяненне будзе садзейнічаць выключэнню фармалізму ў такой важнай справе, як выкананне справядлівых патрабаванняў праваахоўнікаў.

Пахолак. Змяненні закранулі таксама артыкул 17.3 кодэкса, які датычыць распіцця алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах. Зараз да іх пераліку дабавілася піва. Аматарам пеннага напітку трэба памятаць, што ўжыванне яго ў грамадскім месцы будзе каштаваць намнога даражэй, чым хвіліннае задавальненне ад самога працэсу, бо за гэта прадугледжаны штраф памерам да 8 базавых велічынь.

Вядучы.

Пэўныя змяненні ёсць і ў артыкулах, якія датычаць выканання бацькамі сваіх абавязкаў па выхаванню дзяцей. Наколькі істотныя новаўвядзенні?

Вярэніч. Гэтую сферу ўзаемаадносін закранае артыкул 9.4. Сэнс яго не змяніўся, але фармуліроўка стала больш ёмкай і дакладнай, што прыкметна спрашчае прымяненне ў юрыдычнай практыцы. Акрамя гэтага, паявіўся новы артыкул 17.12, якім рэгламентуецца допуск непаўналетніх на начныя дыскатэкі. За парушэнне гэтага артыкулу прадугледжаны штраф ад 10 да 15 базавых велічынь. Звяртае на сябе ўвагу артыкул 17.4 – уцягванне непаўналетніх у антыграмадскую дзейнасць. Нас асабліва хвалююць факты, калі дарослыя ўцягваюць у п’янкі падлеткаў. Пералік ужываемых спіртных напіткаў сёння пашыраны півам. Раней у нас часта былі факты, калі дзеці ласаваліся пенным напіткам разам з дарослымі. З маральнага пункту гледжання парушэнне ёсць, але пакараць такіх безадказных асоб не маглі. Цяпер жа ім за гэта пагражае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь. Адзначу, што з пачатку года падобных адміністрацыйных пратаколаў складзена каля паўтара дзесятка.

Як станоўчы можна адзначыць і той факт, што заканадаўца не абыйшоў увагай парушэнне правілаў гандлю. Сёння прадаваць непаўналетнім забараняецца не толькі моцныя і слабаалкагольныя напіткі, накшталт джын-тоніка, але і піва. Штраф за гэта дастаткова адчувальны – ад 20 да 50 базавых велічынь. Зусім нядаўна быў выяўлены падобны факт. Прадавец, калі даведался, што давядзецца раскашэліцца сама мала на 700 000 рублёў, расплакалася. Таму заўсёды лепш перастрахавацца і ўдакладніць узрост пакупніка, запатрабаваўшы пашпарт.

Вядучы.

Не памылюся, калі скажу, што найбольш актыўна сёння прымяняюць змянені, унесеныя ў Адміністрацыйны кодэкс супрацоўнікі аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі. Закон стаў вельмі строгім да тых, хто сістэматычна яго парушае. Ці дазволіла гэта стабілізаваць сітуацыю на дарогах?

Валько. З пачатку года да адміністрацыйнай адказнасці па лініі ДАІ прыцягнуты амаль 2 500 удзельнікаў дарожнага руху. Больш як 80 вадзіцеляў затрыманы п’янымі за рулём. За парушэнне хуткаснага рэжыму пакараны амаль 600 вадзіцеляў. У лік парушальнікаў Правілаў дарожнага руху трапілі і 325 пешаходаў. Гэтыя лічбы калі і перабольшваюць мінулагоднія, то не на шмат. Справа ў тым, што многія з удзельнікаў дарожнага руху не зусім дакладна ведаюць, якое пакаранне пагражае ім за паўторнае, на іх погляд, не такое і значнае парушэнне. Грэбаванне рамянямі бяспекі ў першы раз вадзіцелю будзе каштаваць да 1 базавай велічыні, паўторна на працягу года – ад 2 да 5 БВ. Прычым абавязкова робіцца адзнака ў талон папярэджанняў. Якраз гэтая акалічнасць многімі вадзіцелямі не ўлічваецца, затое праваахоўнікі адразу могуць вызначыць – злосны гэта парушальнік ці не. Зусім нядаўна на аданаго з вадзіцеляў на працягу 2 тыдняў было складзена 4 адміністрацыныя пратаколы за не адпавядаючую патрабаванням таніроўку бакавога шкла. Яшчэ адзін пратакол на яго прыйшоў з Мінска. Там ДАІшнік, без сумнення, адразу звярнуў на адзнакі ў талоне. У суме штраф выліўся ў дастаткова адчувальную суму. Таніроўка, упэўнены, столькі не каштуе. Больш строгім стала заканадаўства да ліхачоў. Пярвічнае мінімальнае перавышэнне хуткасці караецца штрафам у памеры адной базавай велічыні. Пры паўторным затрыманні за ліхацтва штраф неўпрыкмет большы – ад 5 да 15 БВ. Строгі закон і да аматараў няправільнай паркоўкі. Першапачатковая сума штрафу – 1 базавая велічыня, паўторнае парушэнне каштаваць будзе ўдвая даражэй. Асабліва варта быць уважлівым вадзіцелям велікагрузнага транспарту з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш як 3,5 тоны за падобнае парушэнне могуць развітацца з сумай куды большай – у 5 базавых велічынь. Паўторна гэта будзе каштаваць ужо 10 БВ. Плюс, паўтару, абавязковая адзнака ў талон папярэджанняў.

Дастаткова строгае пакаранне цяпер і за парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў. У першы раз – штраф да 4 базавых велічынь, паўторна на працягу года – ад 5 да 20 БВ ці пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання на тэрмін да 2 год. Дарэчы, апошняя мера пакарання ў адпаведнасці са змяненнямі, унесенымі ў заканадаўства, прымяняецца дастаткова часта. Мінімальны тэрмін пазбаўлення вадзіцельскага пасведчання – 3 месяцы, максімальны – 5 год. Такая мера адказнасці, як папярэджанне, наогул, адсутнічае. Увогуле, на многіх станоўча дзейнічае нават пазбаўленне права садзіцца за руль на мінімальны тэрмін.

Нагадаю, што закон суровы і да аматараў карыстацца за рулём мабільнай сувяззю, а таксама да тых, хто не выконвае патрабаванні дарожных знакаў і разметкі і ншае. За гэта можна «зарабіць” штраф у памеры ад 2 да 8 базавых велічынь.

Вядучы.

Вядома, ніякія штрафы не прымусяць грамадзян быць законапаслухмянымі, калі яны не прасякнуцца ўсведамленнем таго, што менавіта ад іх паводзін і ўчынкаў залежыць спакой і дабрабыт нашага грамадства. І ўсё ж адчуванне непазбежнасці пакарання, якое ў чарговы раз атрымала адлюстраванне ў змяненнях, унесеных у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, павінна стаць перасцярогай тым, хто рызыкуе ісці на канфлікт з законам.

Матэрыял падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть